Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Кіраўніца Нясвіжскага тэатра

   Пісьменніца, педагог, кіраўніца Нясвіжскага тэатра Францішка Уршуля Радзівіл нарадзілася 13 лютага 1705 года ў сям’і прадстаўніка старадаўняга княжацкага роду Вішнявецкіх. З дзіцячых гадоў вызначалася дапытлівасцю і начытанасцю, у яе характары гарманічна спалучаліся прага да ведаў і набожнасць. Мела добрую адукацыю і літаратурныя здольнасці. Паколькі асяроддзе сям’і было польскамоўнае, пісала вершы на польскай мове.
   У дваццаць гадоў выйшла замуж за нясвіжскага князя Міхаіла Казіміра Радзівіла Рыбаньку. Малады і прыгожы муж, якога Францішка вельмі любіла, часта адлучаўся з Нясвіжа, і яна засыпала яго лістамі ў вершаванай форме. Пазней гэтыя лісты былі выдадзены пад назвай "Лісты да мужа". Калі ў двухгадовым узросце памёр сын-першынец Мікалай Крыштоф, яна напісала цыкл вершаў. Сын Кароль Станіслаў таксама рос хваравіты. Шмат намаганняў давялося прыкласці бацькам і настаўнікам для яго выхавання. На гэта быў выкарыстаны нават аматарскі тэатр, што існаваў пры іх двары.
   Вучоныя мяркуюць, што захапленне Радзівілаў тэатрам пачалося ў 1740 годзе, калі іншаземнай трупай у Нясвіжскім замку быў пастаўлены першы спектакль па п’есе "Прыклад справядлівасці". Потым пастаноўкі наладжваліся сваімі сіламі. Прыдворны тэатр быў аматарскі. У спектаклях разам з прыгоннымі спевакамі, танцорамі, музыкамі ўдзельнічалі члены княжацкай сям’і, шляхта, выхаванцы кадэцкай школы, што існавала тады ў Нясвіжы. Спачатку спектаклі ставіліся ў так званым "Зяленым" тэатры, размешчаным за замкавым ровам на адным з пагоркаў, які меў каля адной тысячы месцаў. Фактычна гэта быў першы стацыянарны тэатр на тэрыторыі Беларусі.
   Шырокую вядомасць у Рэчы Паспалітай радзівілаўскі тэатр набыў з 1746 года, калі яго кіраўніком стала Францішка. Яна сама пісала творы для тэатра, перарабляла французскія п’есы, камедыі і трагедыі, выкарыстоўваючы сюжэты са славянскіх паданняў, твораў антычных аўтараў, зборніка арабскіх казак "Тысяча і адна ноч". П’есы Францішкі мелі пераважна павучальны характар. Відаць, яны былі разлічаны і на дзяцей Францішкі, якім падабалася ўдзельнічаць у спектаклях. Многія творы княгіні былі прысвечаны каханню: "Несумленнасць у пастцы", "Дасціпнае каханне", "Суцяшэнне пасля турбот" і іншыя. Гераіні яе камедый і трагедый – пяшчотныя, цудоўныя істоты, якія кахаюць сваіх мужоў. Так княгіня, мабыць, жадала запэўніць мужчын, што сямейная вернасць заўжды атрымае ўзнагароду ад лёсу, а здрада будзе жорстка пакарана. Падзеі п’ес часта пераносіліся ў сівую даўніну ці далёкія экзатычныя краіны, але гледачы і ўдзельнікі спектакляў разумелі, што тут адлюстроўвалася сучаснае іх жыццё. Францішка спрабавала пісаць і оперныя лібрэта. Тагачасныя оперы былі больш падобныя да сучасных аперэт. Арыі, ансамблі і хоры перарываліся празаічнымі дыялогамі або танцавальнымі дзеямі. Па прапанове Францішкі ў 1748 годзе на беразе аднаго са штучных нясвіжскіх азёр, размешчаных на рацэ Уша, было пастаўлена спецыяльнае памяшканне для тэатра.
   Пад уплывам Францішкі Радзівіл у Нясвіжы была адноўлена замкавая друкарня, дзе выдаваліся кнігі, друкавалася газета, рэдактарам якой была таксама Францішка. Вядома, што прыдворны гравёр Г. Ляйбовіч выдаў у гэтай друкарні унікальную на тыя часы "Кнігу партрэтаў Радзівілаў". Францішка клапацілася і пра павелічэнне колькасці кніг у замкавай бібліятэцы, дзе іх налічвалася да дваццаці тысяч тамоў.
   Пасля смерці Францішкі адзін з акцёраў-аматараў, які жыў у Нясвіжы, сабраў усе яе драматычныя творы і выдаў іх у 1754 годзе асобнай кнігай. Зборнік, які складаецца з шаснаццаці п’ес і сямнаццаці оперных лібрэта, быў упрыгожаны гравюрамі М. Жукоўскага.
(493 словы)

Паводле "Асветнікі зямлі Беларускай"

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыВялікі тэатр пасля вялікай рэканструкцыі

Алесь БадакАлесь Бадак - У тэатры

Пераказы, дыктантыТэатральны этыкет

Пераказы, дыктантыУ тэатры

Пераказы, дыктантыБеларуская батлейка