Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Першы парушальнік

   Моцна спяць байцы. Начная цішыня ў казарме здаецца звонкай і насцярожанай. Вячаслаў ямчэй накрыўся коўдрай. На нейкае імгненне прыгадаў твары бацькі і маці, бабулі і сястры. "Вы, напэўна, яшчэ не спіце. Вячэраеце, а магчыма, сядзіце каля тэлевізара. Ці перачытваеце мой апошні ліст?"
   Не надта падрабязны ён. Не было часу. Вячаслаў не напісаў пра галоўнае, што адбылося напярэдадні свята. Толькі скупа паведаміў, што нядаўна быў прадстаўлены да ўзнагароды знач ком "Выдатны пагранічнік" і атрымаў падзяку ад камандавання. "За добрую службу", – коратка напісаў ён, бо лічыў, што нічога асаблівага не адбылося. Проста ён выканаў свой воінскі абавязак. На яго месцы гэтак жа зрабіў бы кожны баец заставы.
   Цяжкасць, як думалася Вячаславу, была толькі ў тым, што парушальнік граніцы не пакінуў бачнага следу. Глыбокай ноччу, выкарыстаўшы непагадзь, ён перайшоў на нашу тэрыторыю незаўважаным.
   Дунаеў, як заўсёды, ішоў не спяшаючыся. Абыходзіў невялікі пагорак, парослы сасоннікам. Трымаў кірунак да кантрольнага пункта, каб потым павярнуць назад, але ўжо іншай сцяжынкай.
   Туман, падкурчыўшы хвост, раз-пораз прыпыняўся і страсаў з сябе вадзяныя пырскі. Поўсць на ім намокла, вада ручайкамі сцякала па баках.
   "Ну і патоп!" – злаваўся Вячаслаў, чуючы, як стыне спіна.
   Пазней, прыгадваючы ўсё, што здарылася непадалёк ад ракі, Дунаеў расказваў, як, падыходзячы да берага, ён адчуў неспакой Тумана. Яны прайшлі да ўзлесся, і тут Туман рэзка нацягнуў павадок. Дунаеў адразу зразумеў, што не звера пачула аўчарка.
   – Туман, след! – загадаў ён. – Шукай! Шукай!
   У такое надвор’е асабліва важна не патраціць дарэмна нават хвіліны.
   Дунаеў ледзь паспяваў за Туманам. На бягу выцягнуў з кабуры пісталет, расшпіліў каўнер бушлата, каб лягчэй было дыхаць.
   – Наперад, Туман! Хутчэй наперад! – прыспешваў ён аўчарку.
   Вось і рака. Каля самай вады гушчар хмызняку. Туман чамусьці прыпыніўся, вінавата зірнуў на гаспадара: няма далей следу. Замітусіўся.
   "Не, галубок, – адгадаў намер парушальніка Дунаеў. – Рака тут неглыбокая, і ты перабраўся на супрацьлеглы бераг. Да насыпу чыгункі кіруеш? "
   Ён скочыў у ваду. Побач плыве Туман.
   Супрацьлеглы бераг абрывісты. Цяжка караскацца ўверх. Мокрая вопратка непрыемна прыліпае да цела. Дунаеў цяжка дыхае. Раптам наперадзе мільганула постаць. А можа, здалося? Не. Па тым, як напружыўся Туман, Вячаслаў зразумеў: памылкі быць не магло!
   З боку раз’езда нарастаў гул поезда. Чутно было, як пастуквалі колы на стыках рэек. На крутым павароце поезд заўсёды запавольваў ход.
   "Няўжо паспее? – варухнулася ў грудзях трывога, і, адчапіўшы павадок, Дунаеў падаў каманду: – Фас, Туман!"
   Сам з усіх сіл кінуўся за аўчаркай следам. Выбег на прасеку і зноў убачыў постаць невядомага. Зусім блізка.
   – Стой! – закрычаў Дунаеў і стрэліў. Стрэл глуха адгукнуўся ў лесе. Наперадзе затрашчала сучча. Пачуўся хрыплаваты голас. На імгненне Вячаслаў прыпыніўся. Зноў прыслухаўся.
   Цяпер ён пайшоў цішэй, насцярожана разглядваючы мясцовасць. Пісталет напагатове. Зрабіў яшчэ некалькі крокаў і раптам адчуў, як цяжар спадае з плеч. Парушальнік з паднятымі ўверх рукамі прыціснуўся спінай да сасны і з жахам пазіраў на Тумана.
   Прыгадваючы гэта першае сваё баявое хрышчэнне, Вячаслаў зноў прыслухаўся да цішыні ў казарме. Спяць таварышы, адпачываюць. Магчыма, ім вось у гэтыя хвіліны, калі за сцяной шалее завіруха, сніцца родны дом?
(481 слова)

Паводле Г. Шыловіча.

Похожие статьи:

Уладзімір ЖылкаУладзімір Жылка - Туман

Васіль БыкаўВасіль Быкаў - У тумане

Аляксей ПысінАляксей Пысін - Туман

ПераказыТуман