Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



На Ласіным возеры

   Ласяня Лявонка гадуецца сіратою. Яго матка загінула сёлета вясной, калі Лявонка толькі навучыўся абскубаць лазовае лісце. Загінула неяк вельмі недарэчна. Пачула непадалёку трэск бензапілы і памчалася па лесе, хацела адвесці далей небяспеку ад Лявонкі. А калі на зямлю з трэскам упала магутная сасна, яна пабегла яшчэ хутчэй, выскачыла на дарогу і трапіла пад машыну. А ласяня бегла па лесе куды вочы глядзяць. Галіны хвасталі яго па вачах, па баках, але Лявонка імчаўся без аглядкі ўсё далей і далей, пакуль сілы зусім не пакінулі яго. Нарэшце спыніўся, доўга стаяў у лазовым кусце і адсопваўся. А пад вечар крыху супакоіўся, агледзеўся, успомніў матку і ціхенька замыкаў, але на яго голас ніхто не адгукнуўся. I такі жаль ахапіў яго ў гэты час! Але матка не прыйшла да яго. Ён праляжаў усю ноч у дрымоце, а раніцай устаў і пачаў аблізваць на лістах расу, каб хоць трохі прагнаць смагу. Потым пабрыў па лесе, абгрызваючы па дарозе маладое лісце.
   Так ён пражыў некалькі дзён. Вечарам і ноччу яго бязлітасна секлі камары. На шыі прысмакталіся два кляшчы. I невядома, чым скончылася б гэтае бадзянне Лявонкі, каб ён не натрапіў на вузкую сцежку, якая вяла да Ласінага возера. Лявонка пайшоў па сцяжынцы і нарэшце выйшаў на шырокую зялёную паляну, ярка асветленую сонцам. Ён і не ведаў тады, што гэта і ёсць Ласінае возера.
   Баяўся Лявонка і хаваўся ад тых людзей, што прывозілі сюды сена і складалі ў стажкі, хоць размаўлялі яны ціха, ніколі не бралі з сабою сабак. Калі яны, склаўшы сена, ад’язджалі, Лявонка выходзіў з зараснікаў, скуб лісце і вылежваўся на сонейку, бо тут было добра, тут была вада, была маладая аксамітная траўка і маладое клейкае лісце.
   Міналі дні. Жыць стала лягчэй. Трава і лісце бярэзніку, асінніку зелянелі па-ранейшаму, было што есці. Так ён пражыў да зімы, а зімой з харчамі стала дрэнна. Зямля пакрылася снегам, маладыя парасткі лазы і бярозы намярзалі, жаваць іх было непрыемна. Добра, што тыя людзі паставілі два стажкі духмянага сена. I Лявонка кожнай раніцы, падбегшы да стажка, хапаў гэтае сена па поўніцы, спяшаўся, каб хутчэй наесціся, пакуль яго не адагналі старыя ласі...
   Міколку заўсёды рабілася смешна, калі ён назіраў за Лявонкам з-за кустоў і бачыў, як ласяня шпарка жавала сена.
   – Глянь, як жуе, – шаптаў Міколка з усмешкай.
   – Хай жывіцца, – ціхенька адказваў яму бацька і таксама ўсміхаўся. – Трэба будзе трошачкі солі сюды яшчэ падкінуць.
   Праз некаторы час, махнуўшы рукой, казаў:
   – Пайшлі, а то спалохаем. I так ён расце, небарака, як гарох пры дарозе.
   Крыху пастаяўшы, яны, задаволеныя, што ласяня нідзе не прапала, вярталіся назад. Ціха было ў лесе і светла. Снег зіхацеў на сонцы тысячамі агеньчыкаў. Белыя бярозы, збіўшыся гуртам каля дарогі, праменілі яркае святло. На дубе каля сухога лістка цінькала сінічка. На сасне, на самай вершаліне, заўзята малаціў дзюбай стракаты дзяцел. Старыя елкі, абсыпаныя снегам, ледзь не да самай зямлі пазвешвалі свае лапы. I калі дзьмуў вецер, дробны, як пыл, сняжок асыпаўся з іх і замятаў шышкі, якія, відаць, з раніцы паспела нацерабіць вавёрка.
(486 слоў)

Паводле В. Дайліды.

Похожие статьи:

ПераказыМомант ляснога жыцця

ПераказыВеснавая паводка

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Захварэла ласяня

ПераказыАлёшка

ПераказыУдзячная ласіха і дзіўнае ласяня