Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Момант ляснога жыцця

   Партызан Валодзя прысеў на лугавую траву ў маладым ракітніку. Аднатонна плёскала вада аб круты глеісты бераг. Луг быў напоўнены шчабятаннем птушак. З алешніку лілася задуменная песня аўсянкі.
   Раптам данёсся гул матора. Хутка ён нібы праглынуў усе навакольныя гукі. Валодзя, прыгнуўшыся, забег за лазовы куст, адкуль пачаў назіраць. Катар ішоў хутка. На палубе стаялі гітлераўцы. Яны круцілі галовамі, кідаючы позіркі то на адзін, то на другі бераг. Фашыстаў нішто не здзіўляла: ні бязлюдны травяністы луг, ні пачарнелыя сады. Гэта былі тыя самыя салдаты, якія палілі вёску, што называлася Святое. Але нават такая назва не спыніла фашысцкіх карнікаў, якія падносілі ў падстрэшшы сялянскіх хат факелы.
   Прайшоў катар і пацягнуў за сабою па плыні клін з уздыбленых хваль. Валодзя хутка пайшоў па звілістай сцяжынцы ў бок лесу, мяркуючы, як на вадзе паставіць міну. I толькі калі гімнасцёрка пачала прыліпаць да спіны, партызан сцішыў крок. Падышоўшы да лесу, знайшоў нізкі пянёк, сеў, скінуў рэчавы мяшок. Дастаў адтуль хлеб і бляшанку свіной тушонкі, якую далі яму ў шпіталі. Адкрыў кансервы, адрэзаў лусту хлеба і з апетытам пачаў есці.
   Сонца хутка садзілася. Валодзя, не спяшаючыся, пакрочыў па лесе. Тут яму былі знаёмыя ўсе дарогі і сцяжынкі. Над высокай бярозай рабіў кругі ястраб-цецеравятнік.
   Пралезшы праз гушчар, Валодзя выйшаў на невялікую палянку, залітую промнямі сонца, і адразу заўважыў, што тут хтосьці рухаецца. Партызан спыніўся і сціснуў аўтамат. А потым сам сабе ўсміхнуўся: на супрацьлеглым баку палянкі стаяла ласіха. Яна ківала бязрогай галавой і нібы зжынала верхавінкі маладога малінніку. А ззаду каля маці мітусілася цыбатае ласяня.
   "Якая прыгажуня! – падумаў Валодзя. – Добра, што фашыстам не трапіла на вочы". Раптам ласіха неяк напружылася і, бокам адпіхнуўшы дзіця, скокнула. Пярэдняя нага яе матлялася. Валодзя адразу ж спахмурнеў. У партызанаў існаваў няпісаны закон: ласёў не забіваць. А вось гітлераўцы ў апошнія гады вайны былі злосныя. Яны не толькі знішчалі лес, але імкнуліся загубіць у ім усё жывое. "Не схаваліся вы ад іх, праклятых", – гледзячы на ласіху і ласяня, думаў Валодзя.
   А малое ціха мыкала, тапталася каля маці, трымцела, тоўхала яе. Напэўна, не хапала малака ў параненай ласіхі. А ласяня не разумела, што маці пераносіць страшэнны боль. Яму хацелася есці. Вось малое яшчэ мацней замыкала, выцягнула шыю, падбегла да маці. Тая кінула есці маліннік і пачала пяшчотна лізаць ласяня. А яно вінавата сагнулася, падставіла бачок і прытулілася да перабітай нагі ласіхі. Маці крыху адскочыла ўбок, павярнулася і па-ранейшаму працягвала лізаць шыю, даўгавухую галаву свайго дзіцяці.
   Партызан ціхенька пачаў адступаць назад, каб абысці паляну і не парушыць горкі і радасны момант ляснога жыцця. Ён доўга яшчэ ішоў, асцерагаючыся, каб не наступіць на сухую галінку і не нарабіць шуму. " Думаў, вярнуся на сваю родную зямлю – спяваць буду ад радасці. А тут на кожным кроку сэрца да болю сціскаецца", – разважаў партызан, ідучы па лясной сцяжынцы на захад.
(453 словы)

Паводле У. Федасеенкі.

Похожие статьи:

Мікола ГільМікола Гіль - Партызанскі фотаздымак

Уладзімір ДубоўкаУладзімір Дубоўка - Голас партызана

Пераказы, дыктантыПартызан Міша Сільніцкі

Пераказы, дыктантыУдзячная ласіха і дзіўнае ласяня

Пераказы, дыктантыНа Ласіным возеры