Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Нарачанскі край
Стаяла ранняя, зусім яшчэ нясмелая восень. Было цёпла, сонечна і парна. На сінім купале высокага неба толькі зрэдку з’яўляліся шызыя хмары. Спакваля і няспешна ўсталёўвалася пара тыповай для беларускіх абшараў і звыклай для нас стрыманай красы прыроды.
Славуты нарачанскі край, радзіма аднаго з найярчэйшых талентаў беларускай літаратуры… Усё тут было тыповае для Беларусі, для яе клімату, прыроды і ландшафту, але нібыта вызначалася больш напоўненым зместам, адмысловай эстэтычнай выпраўкай. Калі свяціла сонца, то свяціла абавязкова шчодра, на фоне не інакш як чыстага блакітнага неба. У яго пяшчотным, часам пякоткім промневым палоне, здавалася, цешылася ўсё жывое і нежывое. Калі ўсчынаўся вецер, то быў ён напорлівы, парыўчаты, уздымаў такія хвалі, якія на вачах ператваралі возера ў мора – наша беларускае мора. Яны настырна біліся ў борт лодкі, нахілялі яе то адным, то другім бокам, пагрозна захлістваючы ўспененай вадою.
Сонечная шчодрасць і лагода, мяккая цеплыня і лёгкая хмарнасць час да часу змяняліся казытліва-волкай прахалодай дажджу, у вясёлых і спорных струменях якога на нейкі момант патанала ўсё наваколле. Яго буйныя кроплі падалі на ствалы і галіны дрэў, рудую ігліцу і яшчэ зялёны мох. Здавалася, што тут, побач з возерам, усё, у тым ліку і зямля, і паветра, і неба, пахне вадою.
Дождж ленавата аціхаў і адступаўся. Даўгавата яшчэ пасля яго ў пажоўклае лісце, што ўкрывала лясны дол, шпокалі кроплі. У вільготным паветры стаяў водар ядлоўцу і моху. Спакваля сонечныя скразнякі зноўку пачыналі працінаць шаты разгалістых дрэў, нават калючыя лапы ельніку. Лашчылі вока і лагодзілі душу сіняя паднебная высь і празрыстая азёрная далеч. Усё навокал нібыта ажывала, іскрылася, ружавела, маладзела. Свежасць і хараство, здавалася, былі разлітыя паўсюль.
Так, гэта была незвычайная зямля, незвычайныя ваколіцы. Усё было высокае, крамянае, яркае – сапраўднае, жыццядайнае. Адна і тая ж думка ніяк не адпускала мяне, настойліва нагадвала пра сябе зноў і зноў: толькі такая прыгожая зямля магла нарадзіць такога слыннага чалавека, як Максім Танк.
(291 слова)
Паводле М. Мікуліча
Похожие статьи:
Максім Танк → Жыццё і творчасць Максіма Танка
Максім Танк → Максім Танк - Люцыян Таполя. Ідэйны змест