Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Мастацтва ў Нясвіжы

   У другой палове XVІІІ стагоддзя ў нясвіжскім тэатры ўсё часцей з’яўляліся іншаземцы-прафесіяналы і артысты з прыгонных сялян, якія атрымалі адпаведную адукацыю. Асабліва гэта ўзмацнілася пасля смерці Францішкі Уршулі Радзівіл, калі са сцэны зніклі драматычныя творы і перавага аддавалася операм і балетам. А паколькі артысты з прыгонных каштавалі намнога танней, чым замежныя гастралёры, у Нясвіжы пачалі рыхтаваць уласных музыкантаў, танцораў, спевакоў, драматычных акцёраў. Для гэтага запрашаліся вядомыя майстры. У архівах сустракаюцца прозвішчы капельмайстра Альберціні, балетмайстраў Дзюпрэ, Лойкі. Часам вучняў з прыгонных адпраўлялі за граніцу. Іван Цэнцыловіч удасканальваў майстэрства ігры на скрыпцы ў Рыме. Здольны прыгонны скрыпач Мацей з Карэлічаў атрымаў музычную падрыхтоўку таксама, відаць, за мяжой. Міхал Радзівіл адзначаў у дзённіку, што «яго навука дорага каштавала».
   Міхал Казімір Радзівіл, па мянушцы Рыбанька, часта абменьваўся прыгоннымі і прафесіянальнымі артыстамі са слуцкім магнатам Геранімам Радзівілам, сваім братам. Часам нават цяжка ўстанавіць, дзе пачалася кар’ера таго ці іншага спевака, танцора, музыканта. У 1757 годзе Рыбанька папрасіў у брата добрага балетмайстра. Геранім пачаў шукаць адпаведнага чалавека ў Вене, але безвынікова. Тады паабяцаў прыслаць свайго, які служыў у яго два гады. «Чалавек гэта даволі цвярозы і французскага стылю паводзін», – паведаміў слуцкі магнат нясвіжскаму. І нарэшце, не без ваганняў, уступіў абяцанага балетмайстра. Быў ім знакаміты Луі Максіміліян Дзюпрэ. Француз па паходжанні, родам з Квебека ў Канадзе, да Слуцка ён саліраваў у парыжскай оперы, дзе выступіў пачынальнікам мужчынскага класічнага танца.
   У Нясвіжы Дзюпрэ з’явіўся ў канцы сакавіка 1758 года. З ім быў падпісаны трохгадовы кантракт, дзе гаварылася, што ён павінен навучыць танцам восем дзяўчынак і хлопчыкаў, у тым ліку і малалетніх дзяцей Рыбанькі.
   Як адзначае Г. Барышаў, з прыездам у Нясвіж Дзюпрэ на сцэне мясцовага тэатра адбыліся прынцыповыя змены. Упершыню тут з’явіўся танцор з такой «грацыёзнасцю і пластычнасцю рухаў».
(273 словы)

Паводле К. Шышыгінай

 

Похожие статьи:

ПераказыКіраўніца Нясвіжскага тэатра

ПераказыСямейная муза Францішкі Радзівіл

ПераказыПра Чорную Даму

ПераказыПершая прыгажуня Рэчы Паспалітай

Раіса БаравіковаРаіса Баравікова - Барбара Радзівіл