Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Літаратурны музей Максіма Багдановіча

   Літаратурны музей Максіма Багдановіча – найцікавейшая з’ява ў культуры сучаснай Беларусі. Гісторыя стварэння музея, арганізацыя калекцый і экспазіцыі абумоўлены спецыфікай духоўнай культуры другой паловы XX стагоддзя.
   Пошук творчай спадчыны Багдановіча, распачаты ў дваццатыя гады XX стагоддзя, працягваўся пасля вайны. Шмат для папулярызацыі жыццёвага і творчага шляху паэта было зроблена Нінай Барысаўнай Ватацы, якая працавала ў Дзяржаўнай бібліятэцы. Яна знайшла некалькі вершаў, артыкулаў, аўтографаў, перакладаў М. Багдановіча, фотаздымкі паэта і яго сваякоў. Гэтыя каштоўныя матэрыялы яна перадала ў літаратурны музей пісьменніка.
   З красавіка 1981 года літаратурны музей паэта пачаў сваю дзейнасць як установа культуры. Для музея быў выдзелены двухпавярховы мураваны будынак у Траецкім прадмесці. Ужо ў гэтым была свая сімволіка, бо Максім Багдановіч нарадзіўся непадалёку ад гэтага месца. Экспазіцыя літаратурнага музея паэта, на думку стваральнікаў, павінна была ўяўляць сабой гісторыка-нацыянальны, літаратурны і архітэктурны комплекс. Перад супрацоўнікамі музея стаяла двайная задача: збор, захаванне культурных набыткаў для нашчадкаў і прэзентацыя спадчыны для сучаснікаў.
   Кожная з пяці залаў экспазіцыі адлюстроўвае пэўны перыяд жыцця Багдановіча і пераклікаецца з цыкламі вершаў зборніка "Вянок". Кожная зала мае свае экспанаты-сімвалы: слуцкі пояс, прыжыццёвы зборнік вершаў "Вянок", гравюру "Сіксцінская Мадонна", гадзіннік Багдановіча. Значнае месца ў экспазіцыі музея займаюць прадметы, фотаздымкі, кнігі сям’і Багдановічаў. Выстаўка дапоўнена вершамі, якія не ўвайшлі ў паэтычны зборнік, апавяданнямі, літаратурна-крытычнымі і публіцыстычнымі творамі пісьменніка.
   Першая зала музея знаёміць з дзяцінствам і юнацтвам Максіма Багдановіча. Прадстаўленыя матэрыялы – фотаздымкі, дакументы, кнігі – расказваюць пра нараджэнне будучага паэта, яго продкаў, родных і сяброў, а таксама пра жыццё сям’і Багдановічаў у Мінску і Гродне.
   Матэрыялы наступных стэндаў распавядаюць пра пераезд Багдановічаў у Ніжні Ноўгарад, сваякоў, знаёмства і сяброўства Адама Багдановіча і Максіма Горкага. Фотаздымкі паэта, яго гімназічных сяброў і настаўнікаў, кнігі класікаў літаратуры з’яўляюцца ілюстрацыямі гэтага перыяду жыцця Багдановіча. Раскрываюцца вытокі таленту будучага геніяльнага паэта і шматграннасць яго асобы.
   Мастацкае афармленне залы з’яўляецца своеасаблівым раскрыццём цыклаў вершаў Багдановіча "У зачарованым царстве" і "Згукі бацькаўшчыны ". У цэнтральнай частцы залы размяшчаюцца экспанаты-сімвалы: ручнік з традыцыйным беларускім арнаментам. На пано з саломкі ажываюць лясныя, балотныя, палявыя кветкі, у якіх хаваюцца Змяіны Цар, Вадзянік – персанажы вершаў паэта.
   Матэрыялы другой залы адлюстроўваюць станаўленне творчай індывідуальнасці Максіма Багдановіча.
   Трэцяя зала экспазіцыі прысвечана тэме росквіту творчага таленту пісьменніка. У цэнтры залы – кніга вершаў Багдановіча "Вянок". Мадонна – адзін з цэнтральных вобразаў у яго творчасці.
   Наступная, чацвёртая зала экспазіцыі – "Мадонны" – адрозніваецца ад папярэдніх сваім афармленнем. Мадонна для паэта – гэта Беларусь, крыніца натхнення. Яна была для яго "светач думкі", якой адной ён мог маліцца і слугаваць.
   Атмасфера трагізму апошніх месяцаў жыцця Багдановіча, нязбытнасць мар і жаданняў перадаюцца ў пятай зале. На металічных канструкцыях залатымі літарамі запісаны назвы тых зборнікаў, якія Багдановіч марыў выдаць, але не паспеў. Дамінанта залы – гадзіннік паэта, які адлічыў апошнія імгненні жыцця. Аднак нябесны гадзіннік Багдановіча будзе вечна працягваць свой ход.
   У экспазіцыях і фондах Літаратурнага музея Максіма Багдановіча знаходзіцца каля сямнаццаці тысяч прадметаў. Сабраны фотаздымкі, відэафільмы, дыскі і запісы вершаў, песень і музычных кампазіцый на словы Багдановіча, магнітафонныя запісы ўрачыстых мерапрыемстваў і ўспамінаў пра паэта, дакументальныя фільмы.
   Вобраз паэта і яго творчасць натхнілі мастакоў на стварэнне шматлікіх твораў мастацтва. У фондах музея захоўваюцца карціны, скульптуры, творы графікі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, што ўшаноўваюць вобраз паэта.
(511 слоў)

Паводле Т. Шэляговіч.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыМузей Якуба Коласа

Пераказы, дыктантыМузей

Пераказы, дыктантыМузей векапомнай славы

Пераказы, дыктантыТаямнічасць

Пераказы, дыктантыПраўда-памяць