Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Праўда-памяць

   Прыгожы будынак з бліскучымі адзінаццаццю прамянямі на праспекце Пераможцаў у Мінску – гэта Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Прызначэнне музея – захоўваць памяць пра Перамогу, пра герояў і ахвяр самай жудаснай у гісторыі вайны.
   У 1942 годзе, калі Беларусь яшчэ знаходзілася пад акупацыяй, ужо было прынята рашэнне аб зборы музейных матэрыялаў.
   Магчымасці берагчы праўду-памяць пра вайну ў новага будынка музея значна павялічыліся ў параўнанні з былым будынкам, што знаходзіўся на Кастрычніцкай плошчы. I за кошт павелічэння плошчы пастаяннай экспазіцыі, і за кошт выкарыстання сучасных тэхналогій, і за кошт пашырэння храналагічных рамак экспазіцыі.
   Першая зала "Мір і вайна" – гэта адмысловыя ўводзіны ў музей, калі наведвальнікі атрымліваюць агульнае ўяўленне пра тое, што такое вайна і народны подзвіг у барацьбе з ворагам.
   У другой зале "Свет напярэдадні і ў першыя гады Другой сусветнай вайны" раскрываюцца складаныя палітычныя, эканамічныя і ваенныя падзеі перадваеннага перыяду, расказваецца пра зараджэнне фашызму і адносіны паміж фашысцкай Германіяй і СССР. Цікавыя дакументы і фотаздымкі распавядаюць пра лёсы асобных людзей.
   Трэцяя зала "Дарога вайны", мабыць, самая эфектная з усіх. Тут прадстаўлена баявая тэхніка, паўстаюць сапраўдныя баі, наземныя, з выкарыстаннем танкаў і артылерыі, паветраныя і іншыя.
   Чацвёртая і пятая залы прысвечаны храналогіі падзей Вялікай Айчыннай вайны ад абарончых баёў у Беларусі летам 1941 года, Смаленскай бітвы да бітвы пад Масквой і карэннага пералому ў вайне. Тут значная ўвага ўдзяляецца савецкаму тылу, які нястомна і самааддана працаваў на агульную перамогу над фашызмам.
   Шостая зала расказвае пра нацысцкі акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі, выяўляе страшэнныя злачынствы акупантаў супраць грамадзянскага насельніцтва і савецкіх ваеннапалонных. Тут можна ўбачыць спаленыя вёскі, шыбеніцы ў гарадах, жудасныя ў сваім цынізме загады нямецкай улады, турму, дзе катавалі нашых салдат-герояў і мірных жыхароў.
   Сёмая зала дае ўяўленне пра маштабы партызанскага і падпольнага руху ў акупаванай Беларусі, а яшчэ знаёміць з побытам партызан, з ляснымі школамі, друкарнямі, кухняй.
   Восьмая зала паведамляе пра вызваленне Беларусі, разгром фашысцкай Германіі і яе саюзнікаў. А дзявятая зала раскрывае працоўны подзвіг нашага народа ў аднаўленні краіны і ў захаванні памяці пра Вялікую Айчынную вайну.
   Дзясятая зала сімвалічна называецца "Нашчадкі Вялікай Перамогі" і паказвае ўдзел беларусаў і вайскоўцаў Беларускай ваеннай акругі ў пасляваенных лакальных канфліктах і войнах, адлюстроўвае ролю сілавых структур у гарантаванні бяспекі Рэспублікі Беларусь.
   У тэхналагічным плане сённяшні Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны – гэта шматлікія інтэрактыўныя плазменныя панэлі, шыкоўныя дыярамы, адмысловыя эфекты: гул самалётаў, выбухі, туман, агонь, клубы дыму. Наведвальнікі музея маюць магчымасць карыстацца аўдыягідамі на розных мовах. Рэалістычнасць таго, што бачыш, прымушае то заміраць і дранцвець ад жудасці, то шукаць вачыма "нашых" у надзеі на выратаванне, то прыпадабняцца да цікаўнага малога, якому проста падабаюцца танкі, самалёты, кулямёты, аўтаматы.
   Музей наведваюць сем’і з дзецьмі, школьнікі, студэнты, сяброўскія кампаніі, пары закаханых. Усе ўзрушаныя, здзіўленыя, захопленыя. Напэўна, першапачаткова людзей вабіць элементарная цікаўнасць, жаданне пабываць у новым музеі. I яны не шкадуюць пра свой паход, уражаныя ўбачаным. А праўда-памяць падсвядома западае ў сэрцы. I застаецца там.
(472 словы)

Паводле М. Чэмера.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыМузей

Пераказы, дыктантыЛітаратурны музей Максіма Багдановіча

Пераказы, дыктантыМузей векапомнай славы

Пераказы, дыктантыМузей Якуба Коласа

Пераказы, дыктантыТаямнічасць