Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Лыжы

   Разам з бацькам Вова выбіраў новыя лыжы ў магазіне спартыўных тавараў. Раніцай хлопчык пачаў трэніроўку. Першыя спробы былі смешныя. Малы ніяк не мог утрымацца на лыжах і раз-пораз куляўся ў снег. Пасля, заблытаўшыся, доўга не мог крануцца з месца. Тады Юлька, найлепшая лыжніца ў іхнім двары, падыходзіла і паказвала, як трэба самому выбірацца з цяжкага становішча. Не вельмі ахвотна, з кіслым выразам на твары, але даводзілася Вову слухаць дзяўчынку. Сорамна ж перад усімі знаёмымі ляжаць на новых лыжах у снезе!
   Праз некалькі дзён справа пайшла лепш. Пачынала адчувацца зладжанасць і лёгкасць рухаў. Праз тыдзень хлопчык умеў развярнуцца на паваротах і так адштурхнуцца кійкамі, што пралятаў два-тры метры.
   Як толькі выпала многа снегу, дзеці пачалі пралазіць на стадыён праз знойдзеную ў агароджы шчыліну. Праз яе выбраўся туды і Вова. Прымацаваўшы лыжы, праехаў значную адлегласць.
   Калі Вова прыпыніўся і агледзеўся, то ўбачыў, што наперарэз яму ідуць два хлопцы. Абодва былі гады на тры-чатыры старэйшыя за Вову. У аднаго з-пад шапкі-вушанкі тырчалі рыжыя валасы. Ён наступіў нагой на лыжы, моцна ўзяўся за кійкі, расшпіліў рамяні, што мацавалі лыжы да валёнак. Хлопцы спіхнулі малога з лыж і накіраваліся да агароджы.
   Горкая і нясцерпная крыўда агарнула Вову. Ён заплакаў і кінуўся даганяць крыўдзіцеляў. А тыя, не марудзячы, перакінулі лыжы праз агароджу і самі пераскочылі на той бок.
   Рыжы Антось Камлюк і яго таварыш Рыгор адчувалі сябе зусім спакойна. Пераскочыўшы праз агароджу, яны адразу ж далучыліся да натоўпу.
   Цяпер толькі Рыгор пачаў думаць пра тое, што адбылося. «Пазычылі лыжы ў малога, каб пакатацца, – разважаў ён. – Тады трэба было катацца пры хлопчыку, якому належаць гэтыя лыжы. Значыць, укралі, а не пазычылі!» Ад гэтых думак Рыгор злосна глядзеў на свайго дружбака, які зусім не ўмеў хадзіць на лыжах. Антось марудна пасоўваўся наперад і амаль не абапіраўся на кійкі. На дарозе адна з лыжын, няправільна пастаўленая Антосем, трэснула. Рыжы шпурнуў абедзве палавінкі ў розныя бакі. Другую лыжыну пачаў затоптваць у снег.
   На другі дзень Вова нечакана ўбачыў Антося на двары школы. Сябры Вовы паведамілі пра гісторыю з лыжамі дырэктару школы.
   Пасля званка Іван Савіч пайшоў разам з Вовам абыходзіць класы. У шостым класе Вова ўбачыў Антося і паказаў на яго. Рыжы вылез з-за парты і, дэманструючы абыякавасць да ўсяго, пайшоў да дзвярэй. Не першы раз стаяў Антось Камлюк перад дырэктарам. Шасцікласнік прызнаўся, што ўзяў лыжы Вовы і зламаў іх. Дырэктар загадаў Антосю вярнуць малому грошы за лыжы.
   Вечарам Антось ціха пастукаў у дзверы Рыгоравай кватэры. Камлюк угаварыў Рыгора знайсці грошы, якія яму было загадана аддаць Вову. Назаўтра Антось сам зайшоў у час урока ў трэці клас і, каб усе бачылі, паклаў грошы перад малым.
   «Дзе Антось так хутка ўзяў грошы?» – думаў дырэктар. Ён ведаў бабулю Аксінню, якая расціла Антося. Наўрад ці яна змагла б гэтак хутка даць унуку патрэбную суму. Іван Савіч зайшоў да старой, і тая сказала, што ніякіх грошай унук у яе не прасіў. Дырэктар не сумняваўся цяпер, што Антось дзейнічаў не адзін.
   Пасля ўрокаў, сустрэўшы ў калідоры Вову, Іван Савіч высветліў, што на стадыёне з Антосем быў сябар. Дырэктар вырашыў яшчэ раз пагаварыць з Камлюком.
   – Ты вельмі добра зрабіў, што разлічыўся з пакрыўджаным хлопчыкам. А лыжы тыя, відаць, былі няважныя?
   – Адразу зламаліся, – не стрымаўся Антось.
   – Відаць, і сябру твайму яны не спадабаліся?
   – Так, – адказаў Антось і хуценька апусціў вочы, рукі яго павіслі пад партай. Ва ўсім давялося прызнацца.
   Праз дзень у школу, дзе вучыўся Рыгор, ішлі Іван Савіч і Антось Камлюк. Там іх чакала сустрэча з Рыгорам.
(562 словы)

Паводле П. Кавалёва.

Похожие статьи:

Клаўдзія КалінаКлаўдзія Каліна - Лыжы

ПераказыНа лыжах

ПераказыПершы след

ПераказыПерамога

Сяргей КавалёўСяргей Кавалёў. Стомлены д’ябал