Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Клаўдзія Каліна - Лыжы

1

   У маленькім завулку вялікага горада стаяў чырвоны цагляны домік. У ім жылі па суседстве дзяўчынка Ніна і хлопчык Сеня.
   Аднаго разу Ніна і Сеня сядзелі каля акна і пазіралі на двор. За акном пушынкамі падаў снег. Белы дыван заслаў увесь завулак. Плот і веснічкі надзелі мяккія пушыстыя шапкі. А снежныя матылькі ўсё кружыліся і кружыліся…
   – Эх, як добра было б пакатацца! – уздыхнула Ніна.
   Але як гэта зрабіць? У яе ёсць лыжы, але на іх парваліся раменьчыкі, ды і палак няма.
   – Ведаеш што, Ніна, я адрамантую твае лыжы. А ў мяне ёсць палкі, будзем катацца. Добра? – прапанаваў Сеня.
   – Добра, – адказала дзяўчынка.
   Так у Ніны і Сені з’явіліся лыжы. Дзеці хадзілі ў школу ў розныя змены. Дык Сеня катаўся зранку, а Ніна – пасля абеду.
   Усё ішло добра. Але вось насталі зімовыя канікулы. Аднойчы ім захацелася абаім пакатацца зранку. А лыжы адны. Заспрачаліся, і ніхто з іх не захацеў уступіць.
   Дзяўчынка даказвала, што лыжы яе, а Сеня даводзіў сваё:
   – А хто іх адрамантаваў? А палкі чые?
   Раззлаваўшыся, яны пачалі вырываць адно ў аднаго лыжы. Пасля хлопчык адарваў раменьчыкі, забраў свае палкі і пайшоў дадому.
   Стаяць у калідоры ў адным кутку лыжы з адарванымі раменьчыкамі, а ў другім – палкі.
   Прыйшлі з работы іхнія мамы. Паглядзелі на сваіх дзяцей і зразумелі, за што не паладзілі дзеці. Узялі палкі і лыжы і закінулі на гарышча.
 

2

   Сядзяць хлопчык і дзяўчынка дома і глядзяць праз акно на двор. А снег вялікімі пушынкамі ўсё ляціць, усё падае.
   Сеня моўчкі ўстаў і палез на гарышча. Дастаў палкі ды лыжы. Схаваўся ў дрывотні і пачаў зноў прыладкоўваць раменьчыкі. Зрабіў як след, памазаў лыжы, каб добра слізгацелі.
   «Пайду скажу Ніне, што зноў лыжы спраўныя. Няхай ідзе першая пакатаецца», – падумаў хлопчык.
   Але дзяўчынкі дома не было. Тады Сеня пайшоў да яе сяброўкі. Не застаўшы там Ніны, ён вярнуўся дахаты, каб узяць лыжы ды пакатацца самому.
   Глянуў, а лыж няма. Не разумеючы, куды дзеліся лыжы, ён, засмучаны, паплёўся на горку. І раптам бачыць, што на горку ўзбіраецца Ніна на лыжах.
   – Ну, я ж табе пакажу! – гукнуў раззлаваны Сеня. Але дзяўчынка была высока на горцы і не пачула пагрозы. Яна лёгка адштурхнулася і віхрам зляцела ўніз.
   У хлопчыка аж дух заняло.
   – Вось гэта здорава! – падумаў Сеня. Тут Ніна крута развярнулася і памчалася па снежным полі.
   Сеня нават забыўся на сваю пагрозу. Калі дзяўчынка параўнялася з ім і хацела аддаць лыжы, Сеня сказаў:
   – Не трэба. Катайся, а я пасля…
   Ніна ўсміхнулася і пачала ўзбірацца на гару.

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыНа лыжах

Пераказы, дыктантыЛыжы

Пераказы, дыктантыПершы след

Клаўдзія КалінаКлаўдзія Каліна - У студзеньскую ноч

Пераказы, дыктантыПерамога