Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Першы след

   На сходзе гаварылі аб смеласці, аб мужнасці. А больш за ўсё – аб тых людзях, што першымі паляцяць асвойваць нязведаныя міжпланетныя прасторы.
   Доўга яшчэ спрачаліся аднакласнікі, але Саша нікога не слухаў. Ён моўчкі сядзеў і пазіраў у акно, за якім сыпаў і сыпаў снег.
   Ажывіўся Саша толькі тады, калі Лёня Ясючэня сказаў:
   – Трэба ўсім загартоўваць сілу волі, вытрымку, смеласць. А самы добры спосаб для гэтага – спорт. І таму я прапаную заўтра ж пачаць трэніроўкі на лыжах.
   Раніцай Саша ўжо лёгка бег па іскрыстым снезе. Навокал было нязвыкла ціха і пуста. Дарога злівалася з неабсяжным белым полем, і толькі рэдкія жаўтавата-бурыя сцяблінкі палыну абапал паказвалі яе напрамак.
   Вось і былы Корбутаў хутар. Тут кожную зіму хлопцы з іх вёскі наладжвалі спаборніцтвы на лыжах. Можна было імчаць па прамой, не адпіхваючыся палкамі, з паўкіламетра, калі не больш, і толькі ў лагчыне крыху звярнуць улева, каб не наляцець на кусты вербалозу, што раслі вакол крыніцы.
   Але быў і другі спуск. Там каталіся толькі спрактыкаваныя лыжнікі. Ніхто з іхняга класа ні разу там не з’язджаў.
   Яшчэ ўчора, на сходзе, Саша вырашыў даказаць усім, што ён не баязлівец, што ён першы пракладзе лыжню на небяспечным маршруце. Але толькі цяпер хлопец зразумеў, якую цяжкую і небяспечную справу ён задумаў.
   Ужо стоячы на самым грэбені, Саша яшчэ раз глянуў уніз, і яму зрабілася не па сабе.
   А што, калі вярнуцца? Ніхто ж не бачыў яго тут, і ён нікому не гаварыў, што збіраецца сюды, каб адолець гэтую кручу... Чаго добрага не толькі лыжы паломіш, але і шыю скруціш... І дзеля чаго?..
   «Людзей, якія б ніколі і нічога не баяліся, на свеце не бывае, – прыгадаліся словы, прачытаныя нядаўна ў адной кнізе. – Галоўнае – здолець перамагчы ўласны страх і, калі трэба, смела рынуцца насустрач небяспецы...»
   Саша набраў поўныя грудзі паветра, напружыў усё цела, прыгнуўся і злёгку адпіхнуўся палкамі...
   «Раўнавага! Раўнавага!..» – паспеў падумаць ён і ўзляцеў.
   Ногі амаль па калені зарыліся ў снег, але прызямленне прайшло ўдала. Лыжы зноў вырваліся на паверхню. На вачах у Сашы накруціліся слёзы, і ён нічога не бачыў. Толькі вецер свістаў у вушах, балюча секлі ў твар сняжынкі.
   Вось і канец спуску. Зараз будзе недзе пад снегам замёрзлы ручаёк. Саша крыху разагнуўся і нават асмялеў настолькі, што паспрабаваў азірнуцца назад. У той жа момант яго кінула ўбок, перад вачыма прамільгнуў край лесу, лыжа, якая раптам апынулася над галавой. Твар апякло калючым снегам...
   Саша праляжаў мо з хвіліну не варушачыся. Было нават прыемна ляжаць у пухкай снегавой пасцелі.
   «Даказаў! Даказаў!..» – радасна шаптаў сам сабе Саша і камячыў рукамі снег.
   – Саша-а!.. Саша-а-а!.. – раптам даляцеў да яго поўны роспачы і адчаю крык.
   Саша падхапіўся на ногі. Ад бяроз да яго бегла на лыжах Ліза, аднакласніца. Канцы чырвонага шаліка за яе спінай трапяталі на ветры, нібы крылы дзівоснай птушкі.
   – Ты... ты... Жывы?.. Цэлы?.. – гучна, на ўвесь голас крычала яна, хоць паміж імі было ўжо не больш за пяць метраў.
   Саша стаяў, праваліўшыся вышэй калена ў снег, і не мог апамятацца ад шчаслівага ўзрушэння, ад радасці толькі што атрыманай перамогі.
   – А ты? Адкуль ты ўзялася? – нарэшце прамовіў ён.
   Ліза падчапіла палкай яго лыжу і падала яму.
   – Я ведала, што ты паедзеш сюды... Які ты смелы! Я ўсё бачыла. Ты так імчаў! Ажно... ажно снег курэў!.. І як ты не пабаяўся?!.
   – Я... Я... баяўся... Я здорава баяўся... – шчасліва ўсміхнуўся Саша і глянуў на гару.
   Дзве роўныя палоскі-нітачкі, перарваныя на самай сярэдзіне схілу – першы лыжны след у гэтым годзе, – збягалі з Корбутавай гары прама да іх ног. Сляды яго лыж.
(565 слоў)

(Паводле С. Міхальчука)

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыНа лыжах

Клаўдзія КалінаКлаўдзія Каліна - Лыжы

Пераказы, дыктантыЛыжы

Пераказы, дыктантыПерамога