Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Кім быць?
Набліжалася вясна. Чакаў яе Пятро з хваляваннем, бо гэтая вясна будзе для яго не такой, як усе іншыя, ранейшыя. Гэта будзе яго апошняя школьная вясна. Здасць ён экзамены, развітаецца са школьнымі сябрукамі і сяброўкамі на выпускным вечары – і адкрыюцца перад ім дарогі ў вялікі свет.
Толькі па якой пайсці, якая з гэтых дарог яго?
Усё часцей і часцей прыходзілі да Пятра апошнім часам думкі пра гэта.
Неяк раней, прыгадваў, маці казала яму, што добра быць музыкам:
– А чаму б табе, сынок, не быць музыкам? Гэта ж няблага – весяліць людзей.
Пятро тады быццам і пагаджаўся з маці: вядома, добра быць музыкам. Асабліва не проста музыкам, што на вечарынках ды на вяселлях іграе, а такім, што са сцэны выступае, якому людзі ў ладкі плешчуць.
Так маці казала тады, як гармонік сыну купілі. Пазней жа пачала гаварыць яму іншае.
– Хацела б я, сынок, каб ты на інжынера вывучыўся, – аднойчы сказала яму маці. – От каб ты дамы высокія, як у горадзе, будаваў. Цябе ж во ўжо і сякера слухаецца, і гэблік, і долата, і іншае начынне...
Пятро і на той раз пагадзіўся з маці. Інжынер – гэта, вядома, добра. Скажам, інжынер-будаўнік. Такая прафесія патрэбна і ў горадзе, і ў вёсцы – усюды, дзе жывуць людзі.
Думаў ён так, успамінаў матчыны словы, а сам марыў пра... неба.
Неба вабіла да сябе. Дзённае – сваёй блакітнай бязмежнасцю. Так і карцела падняцца высока-высока і самому праверыць, на свае вочы пераканацца ў бязмежнасці яго. А начное неба трывожыла яго душу таямнічасцю. Уначы на ім загараліся мільёны зорак. А кожная малюпасенькая, ледзь прыкметная з зямлі зорачка – гэта ж сонца! І зусім верагодна, што вакол якога-небудзь з гэтых сонцаў кружыцца планета, падобная да нашай Зямлі, і, можа быць, на ёй, на той невядомай планеце, жывуць людзі, і такой жа ноччу таксама ўзіраюцца ў неба, бачаць нашу зорачку-сонца і думаюць пра тое ж.
Пятро ўсё часцей і часцей думаў пра тое, каб пасля школы падацца ў лётнае вучылішча.
Ён ніколі нічога не хаваў ад маці і бацькі. Таму шчыра прызнаўся ім у гэтым сваім жаданні, дадаўшы, што не будзе чакаць, пакуль яму падыдзе чарга ісці ў армію, а пасля школы будзе паступаць у ваеннае вучылішча лётчыкаў.
Маці, напэўна, адчула, што сын цвёрда наважыўся стаць лётчыкам, таму не вельмі пярэчыла, а толькі папрасіла:
– Мо перадумаеш, сынок?
– Не, мама, не перадумаю, – адказаў сын. – Я ўжо не маленькі і адчуваю: неба – мой лёс. Хачу лятаць, мама! Высока і далёка!
Гэтая гаворка з маці і бацькам адбывалася напярэдадні выпускнога школьнага вечара. А праз некалькі месяцаў паштальён прынёс у хату пісьмо. Маці сэрцам адчула, што пісьмо тое ад Пеці. У канверце разам з лістом была фотакартка. На ёй Пётр Ільіч Клімук быў у форме курсанта ваеннага авіяцыйнага вучылішча.
(443 словы)
(Паводле М. Гіля)
Похожие статьи:
Пераказы → Каго выбірае космас
Пераказы → Дарога дадому (Паводле М. Гіля)
Пераказы → Касмічны сын Беларусі