Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Першы дзень у Зорным

   Выехалі з Масквы познім вечарам. Пра тое, што едуць у Зорны гарадок, ім, учарашнім выпускнікам, сказалі напярэдадні, за нейкую гадзіну да ад’езду, і ў аўтобусе ўсе былі ўзбуджаныя, усхваляваныя, быццам дзеці. Зрэшты, усе яны былі маладыя, усім было па дваццаць з невялікім гакам, і яны з юначай непасрэднасцю абменьваліся ўражаннямі, думкамі, прыставалі з роспытамі да падпалкоўніка, які суправаджаў іх у Зорны.
   Прыехаўшы ўначы, яны так і не пабачылі, які ён, Зорны гарадок. Адно кінулася ў вочы, што нібыта вакол – лес, а сам гарадок невялікі, недзе з дзясятак дамоў.
   Больш агледзеліся раніцай, калі ішлі снедаць. Гарадок, праўда, быў невялікі, з адной-адзінай вуліцай-алеяй, выкладзенай шырокімі бетоннымі плітамі. Дамоў уздоўж гэтай вуліцы-алеі таксама было няшмат: некалькі пяціпавярховых, нейкія, няйначай службовыя, аднапавярховыя будыніны, ды злева ўзвышаўся ў неба кран – будаваўся высотны дом. А вакол гарадка, куды ні паглядзіш, шумеў пад асеннім ветрам лес.
   Снедалі па-маладому весела і таропка. А калі выйшлі сваёй дружнай гаманлівай купкай са сталоўкі на двор, дык тут жа і анямелі, і знерухомелі ад нечаканасці: ім насустрач ішоў імклівым крокам сам Юрый Аляксеевіч Гагарын.
   Падышоў, акінуў усіх хуткім, трошачкі прыжмураным паглядам, усміхнуўся абаяльнай, пяшчотнай усмешкай і спытаўся нечакана надта ж проста і сардэчна:
   – Як паснедалі, хлопцы?
   Яны разгубіліся, збянтэжыліся. Ніхто не чакаў, што сам Гагарын загаворыць з імі пра гэта. Каб ён спытаўся пра космас, пра Цыялкоўскага, пра тое, як яны ляталі на імклівых «МіГах», – гэта было б зразумела, тады б яны не разгубіліся, не маўчалі б.
   Юрый Аляксеевіч быццам зразумеў іхнюю збянтэжанасць і, па-ранейшаму ўсміхаючыся, сказаў:
   – Бачу, што паснедалі добра, сытна і з апетытам, як касцы, што намахаліся з касой на лузе. Касцы пасля такога сняданку звычайна кладуцца адпачыць, каб здор завязаўся. Але ж мы, трэба думаць, яшчэ не накасіліся, таму – за работу. Так, так, сябры, за работу. Запомніце раз і назаўсёды: космас – гэта найперш работа. І пачынаецца яна не там, – Юрый Аляксеевіч зірнуў угору, на нізкія, проста над вяршынямі соснаў, шэрыя хмары, – а тут, на зямлі. На зямлі, таварышы! – паўтарыў ён.
   Яны, будучыя касманаўты, і гэтыя гагарынскія словы выслухалі моўчкі. А Гагарын нечакана прапанаваў:
   – А цяпер давайце знаёміцца.
   Усе ажывіліся, падаліся да яго. А ён, знаёмячыся, з кожным жартаваў, па-сяброўску ціснуў руку.
   Калі дайшла чарга да Пятра Клімука, Юрый Аляксеевіч, паціскаючы яму руку, перапытаў:
   – Пятро, вы сказалі, вас зваць? Значыць, украінец? Ці братка беларус?
   – Беларус, Юрый Аляксеевіч, – адказаў Пятро Клімук.
   – То і добра, суседзі мы. Твая Беларусь і мая Смаленшчына – суседкі, значыць, і мы суседзі.
   Хтосьці з хлопцаў пажартаваў:
   – Шанцуе ж Клімуку!
   Юрый Аляксеевіч загаварыў з наступным кандыдатам у касманаўты, а Пятро Клімук стаяў і думаў пра тое, што яму сапраўды шанцуе, што ён, няйначай, шчаслівы чалавек. Бо хіба ж гэта не шчасце, што ён тут, у Зорным гарадку, што ён будзе рыхтавацца да палёту ў космас, што яму толькі што паціснуў руку сам Гагарын?!
   Неўзабаве яны, шчыльна акружыўшы Юрыя Аляксеевіча, ішлі асфальтаванай дарожкай туды, дзе за дрэвамі бялелі вучэбныя карпусы.
   У іх, будучых касманаўтаў, пачынаўся першы рабочы дзень.
(485 слоў)

(Паводле М. Гіля)

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыКім быць?

Пераказы, дыктантыКаго выбірае космас

Пераказы, дыктантыЯкое дрэўца прыжываецца?

Пераказы, дыктантыДарога дадому

Пераказы, дыктантыКасмічны сын Беларусі