Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Якое дрэўца прыжываецца?

   Аднойчы Марыя Якаўлеўна зайшла раніцай у клас і сказала, што сёння вучні будуць садзіць дрэўцы.
   Гуртам высыпалі ў школьны двор. Хлопчыкі хуценька збегалі па рыдлёўкі, і неўзабаве ўсе, весела гамонячы, рушылі ў лясок, што пачынаўся адразу за вёскаю.
   – Марыя Якаўлеўна, а якія дрэўцы будзем выкопваць? – адразу ж пачалі пытацца дзеці. – А дубок прыжывецца? А грушу-дзічку можна пасадзіць? А можа, лепш бярозку?
   Пытанні і прапановы сыпаліся з усіх бакоў, і настаўніца ледзь паспявала на іх адказваць. Яна гаварыла, што кожнае дрэва па-свойму прыгожае і карыснае, і вельмі добра, што яны не падобны адно да аднаго, бо аднастайнасць стамляе пагляд і прыгнятае душу, што будзе добра, калі яны каля школы пасадзяць самыя розныя дрэўцы: і бярозку, і ліпу, і вяз, і клён, і нават елачку, якая будзе радаваць вока сваёй зелянінай узімку.
   У лесе дзеці разбегліся хто куды, адшукваючы самыя прыгожыя дрэўцы – каб і стройныя былі, і з правільнай кронай.
   Дрэўцаў накапалі хутка. Дзяўчынкі неслі па адным, а хлопчыкі – па два, а хто дужэйшы, дык і па тры. Марыя Якаўлеўна таксама несла два дрэўцы – бярозку і вяз.
   Хтосьці з хлопчыкаў сказаў сумнавата:
   – Скончым школу, а нашы дрэўцы застануцца. Будуць расці без нас...
   Марыя Якаўлеўна ўсміхнулася:
   – Дык гэта ж і добра! Неяк я прачытала пісьмо Аляксея Максімавіча Горкага, якое ён пісаў свайму сыну Максіму. Яно мяне вельмі ўзрушыла. Там былі прыкладна такія словы: ты паехаў, а кветкі, пасаджаныя табою, растуць і цешаць пагляд і сэрцы іншых людзей. Як добра было б, каб кожны чалавек на зямлі пакідаў пасля сябе нешта, што цешыла б пагляд і сэрца іншага чалавека...
   Пеця маўчаў і па дарозе ў лес, і калі ішлі назад да школы. Падаў ён голас на школьным двары, калі настаўніца нечакана спыталася, ці ведае хто-небудзь з вучняў, як трэба садзіць дрэвы.
   Тут Пеця і сказаў, што яны з бацькам ажно сорак пяць дрэў у сваім садзе пасадзілі.
   Ён узяў рыдлёўку і хутка выкапаў ямку.
   – Ямка павінна быць такая, – пачаў тлумачыць Пеця, – каб карэньчыкі леглі вольна, не згіналіся і не курчыліся, тады яны лягчэй і хутчэй прымуцца на новым месцы. Зверху карані лепш за ўсё прысыпаць перагноем і паліць вадою. А пасля засыпаць зямлёй, шчыльненька абтаптаць, зноў паліць. Нарэшце пасаджанае дрэўца трэба абавязкова прывязаць да калочка, каб вецер яго не разгойдваў, каб яно магло спакойна прывыкаць да новага месца. А самае галоўнае, казаў тата, дрэва трэба садзіць з любоўю. Пасадзіш з любоўю – прыжывецца, без любві – засохне!
   Некалькі дзясяткаў дрэўцаў пасадзілі вучні каля школы ў той дзень. Многія з іх прыжыліся, выраслі.
   Цяпер у Камароўцы новая школа, і стаіць яна на новым месцы. А каля старой школы растуць дрэвы. Ёсць сярод іх і дрэўцы, пасаджаныя Пецем, Пятром Ільічом Клімуком. Бо прыжываецца тое дрэўца, якое пасаджана з любоўю.
(444 словы)

(Паводле М. Гіля)

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыКаго выбірае космас

Пераказы, дыктантыКім быць?

Пераказы, дыктантыКасмічны сын Беларусі

Пераказы, дыктантыПершы дзень у Зорным

Пераказы, дыктантыДарога дадому