Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Клара

   У падвале шматпавярховага дома жыве бабрыха Клара, дзе для яе адгароджана і абсталявана даволі прасторнае памяшканне, уваход у якое асобны, а дзверы зачынены. Адна з унутраных сцен уся з тоўстага вітрыннага шкла, праз якое можна наглядаць за жыццём Клары.
   Ключ знаходзіцца ў Надзеі Малюцінай, навуковай супрацоўніцы запаведніка, якая жыве на першым паверсе дома. Яна корміць і даглядае звярка, сочыць за парадкам у памяшканні. Калі трэба, то пускае ў падвал наведвальнікаў і расказвае пра жыццё баброў.
   Клара ведае сваё імя і адгукаецца на яго. А можа, яна проста пазнае знаёмы голас? Калі Надзея бярэ Клару на рукі і гладзіць па чорнай спінцы, тая туліцца да жанчыны, пазірае на яе чорнымі бліскучымі вочкамі, круглымі, як гузікі. Трымаючыся маленькімі чорнымі лапкамі за рукаў адзення, яна ціха і пяшчотна лашчыцца. Так бабрыха выяўляе сімпатыю, дружалюбную прыхільнасць да сваёй апякункі. Калі Клара чым-небудзь незадаволена ці напалохана, яна гучна шыпіць. Тады да Клары лепш не падыходзіць.
   З галля, якое ёй прынеслі, Клара склала сабе хатку-будан. Пабудова нагадвае звычайную бабровую хатку, якіх шмат на нашых беларускіх рэках і вадаёмах. Такія хаткі будуюць спрадвеку ўсе бабры.
   Не задаволіўшыся хаткаю, бабрыха выкапала сабе яшчэ і нару ў кутку памяшкання, дзе была зямля. Але спіць яна не ў хатцы і не ў нары, а ў кардоннай скрыні. Купаецца Клара ў ванне, якую для яе напаўняюць свежай вадою.
   – Чорная яна не таму, што маладая, – расказвае Надзея Уладзіміраўна. – У каштанавых баброў і маленькія бабраняты каштанавыя, а ў рыжых дзіцяняты рыжыя. Клара ж належыць да рэдкай у Беларусі пароды чорных баброў.
   Як жа трапіла чорная бабрыха ў падвал дома?
   Прывезлі яе ў запаведнік з Полацка, дзе яна жыла доўгі час у гарадской кватэры. А здарылася ўсё так.
   Сям’я аднаго служачага з Полацка прыехала неяк адпачываць у вёску. Там, на беразе невялічкай рэчкі, дзеці знайшлі малое бездапаможнае бабраня, якое заблыталася ў водарасцях і ледзьве дыхала. Дзеці пашкадавалі звярка, ачысцілі ад водарасцей і забралі з сабою ў горад.
   Калі Клара вырасла, узніклі непрадбачаныя цяжкасці. У бабрыхі раслі зубы, і ёй абавязкова трэба было што-небудзь грызці. У першую чаргу яна ўзялася за мэблю. Грызла вострымі зубамі ножкі сталоў, крэслаў, шафы. Грызла дзверы, падаконнікі. I грызла вельмі дбайна, як гэта ўмеюць рабіць толькі бабры, нястомныя будаўнікі. Не грызці дрэва яны не могуць. Інакш будуць расці без меры зубы, і звяркі могуць загінуць.
   Гаспадарам такія паводзіны Клары, вядома, не падабаліся. Яны параіліся паміж сабою і вырашылі аддаць бабрыху ў запаведнік.
   А ў запаведніку задумаліся: што ж ім рабіць з чорнай бабрыхай? Выпускаць яе на волю нельга. Яна адразу загіне, бо прывыкла да людзей і не баіцца іх. Пакідаць у адкрытай валь’еры таксама небяспечна. Браканьеры могуць паквапіцца на цудоўнае чорнае футра.
   Тады было вырашана пабудаваць для Клары спецыяльную закрытую вальеру. А пакуль вальера будуецца, бабрыха жыве ў падвале дома, дзе і клапоціцца пра яе Надзея Малюціна.
(458 слоў)

Паводле В. Вольскага.

Похожие статьи:

Віталь ВольскіВіталь Вольскі - Несцерка

БиографииВіталь Вольскі

Артур ВольскіАртур Вольскі - Пагоня

Артур ВольскіАртур Вольскі - Вожык-дзівачок

БиографииАртур Вольскі