Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Касмічны сын Беларусі
Пётр Ільіч Клімук разумеў, што на гэты раз едзе на радзіму не так, як раней.
Раней ён ехаў у Камароўку. Ехаў спачатку курсантам, пасля – лейтэнантам, яшчэ пасля – капітанам. Ехаў у адпачынак. Ехаў да маці, у бацькаву хату. Ехаў, каб пабачыцца з сёстрамі і братамі, са школьнымі сябрамі-таварышамі і суседзямі. Ехаў проста Пятром Клімуком, камароўцам, сынам Марфы Паўлаўны.
Цяпер жа ён ехаў Героем Савецкага Саюза, касманаўтам. Ехаў не ў адпачынак, не ў адведкі да маці. Ён, вядома, пастараецца пабыць і ў Камароўцы, пагасцяваць дзень-другі ў роднай хаце, аднак жа на гэты раз не гэта было галоўным сярод таго, што паклікала яго ў дарогу. Паклікала яго нешта куды больш важнае і вялікае.
Нечакана для сябе заўважыў, што хвалюецца. Моўчкі паўшчуваў сябе, пасміхнуўся: чаго? Не хваляваўся на трэніроўках, моцна спаў у апошнюю ноч у Байкануры, спакойны быў у час старту, а вось цяпер чагосьці расхваляваўся. І чым бліжэй падыходзіў цягнік да Мінска, тым больш неспакойна рабілася ў яго на душы.
Цягнік прыбыў у Мінск. За акном, на пероне, віравала людское мора. Паўсюль былі сцягі, кветкі, усмешкі. Ён, убачыўшы ўсё гэта праз акно, не адразу здагадаўся, што сустракаюць яго.
Потым дарога павяла яго ў Брэст. На кожным скрыжаванні, у кожнай вёсцы і гарадку яго віталі сотні і тысячы людзей.
На мяжы Брэсцкай вобласці людзей было столькі, што яму давялося выйсці з машыны. Землякі паднеслі яму хлеб-соль. І ён, ужо трохі стомлены, здарожаны, зноў да слёз расчуліўся ад тысяч радасных усмешак, ад цяпла чалавечай любові, што свяцілася ў людскіх вачах.
Але яшчэ больш расчуліўся ён у Брэсце. Тут яго сустракалі, напэўна, усе жыхары – ад старога да малога. Такога людскога мора ён яшчэ не бачыў.
Толькі на трэці дзень трапіў ён у Камароўку.
Яму было хораша, спакойна тут, у гэтай хаце, куды ён заўсёды прыязджае з ахвотаю і радасцю, сярод родных, дарагіх людзей. А ён, сорамна прызнавацца, не так і часта прыязджае да маці. Не па сваёй віне, але ўсё ж не так часта, як трэба было б. Вось нават і цяпер. Прыехаў у Брэст, а трапіць у родную Камароўку змог не адразу, як ні рваўся сюды.
Маці няйначай угадала гэтыя ягоныя думкі. Яна зірнула на Пятра і нечакана сказала:
– Ты, сынок, не думай, не крыўдую я. Ты, Пеця, цяпер не толькі мой сын... Бачыла я, як цябе сустракалі. І ў Брэсце, і тут, у Камароўцы... Усе людзі цябе сустракалі, увесь народ... Вось і выходзіць, што ты, Пеця, цяпер усёй Беларусі сын... Усёй Беларусі нашай касмічны сын...
Касмічны сын Беларусі... За апошнія дні ён ужо не раз чуў гэтыя словы. І кожны раз, чуючы, бянтэжыўся: ці варты ён таго, каб насіць гэтае высокае званне?
А цяпер вось пачуў гэтыя ж словы тут, у роднай хаце, з вуснаў маці. Пачуў і не збянтэжыўся, здаецца. Чаго ж саромецца, чаго ж бянтэжыцца? Гэта ж гаворыць яго добрая, яго любая матуля.
(464 словы)
(Паводле М. Гіля)
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Якое дрэўца прыжываецца?
Пераказы, дыктанты → Кім быць?
Пераказы, дыктанты → Каго выбірае космас