Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Каго выбірае космас

   Пісьмо было як пісьмо, як многія з тых, што прыходзяць у Зорны гарадок на адрас таго ці іншага касманаўта. Пішуць іх звычайна хлопчыкі, вучні чацвёртых, пятых, шостых класаў. Пішуць найчасцей так: я хачу быць касманаўтам, таму падкажыце, калі ласка, што трэба рабіць, каб, як падрасту, мяне залічылі ці прынялі ў атрад касманаўтаў.
   Такіх пісьмаў касманаўтам прыходзіць вельмі шмат, адказаць на кожнае проста не выпадае. Ды, па праўдзе кажучы, часам і жадання няма адказваць, бо відаць, што адрасат – чалавек несур’ёзны, напісаў ліст, а сам яшчэ не ведае, хочацца яму касманаўтам быць ці кім-небудзь іншым.
   Аўтар гэтага пісьма, пяцікласнік Дзяніс, таксама пытаўся пра тое ж самае: як стаць касманаўтам? Пётр Ільіч вырашыў адказаць яму. Адчувалася, што хлопчык не так сабе напісаў ліст, што жаданне стаць даследчыкам космасу ў яго досыць сур’ёзнае: ліст быў вельмі шчыры, па-хлапечы наіўны і сарамлівы.
   «Дарагі Дзяніс, – пісаў Пётр Ільіч хлопчыку, – ты просіш падказаць табе, што трэба рабіць, каб стаць касманаўтам. Наўрад ці змагу я адказаць на гэтае пытанне. Лепш напішу табе пра тое, каго выбірае космас, каго дапускае ён разгадваць свае тайны. Напішу пра тыя якасці, якімі павінен валодаць чалавек, што марыць стаць касманаўтам.
   Па-першае, чалавек гэты павінен быць здаровы. І не проста здаровы, а ўсебакова фізічна развіты, трэніраваны, спецыяльна падрыхтаваны. Проста здаровы чалавек можа, бадай, злятаць у космас. А вось каб доўга жыць там і працаваць, простага здароўя мала. Для гэтага чалавек павінен рыхтаваць сябе спецыяльна. Толькі тады ён паспяхова зможа вытрымаць перагрузкі старту і спуску, выпрабаванне бязважкасцю і іншымі касмічнымі цяжкасцямі. Значыць, той, хто марыць у будучым стаць касманаўтам, павінен сябраваць з фізічнай культурай і спортам: хадзіць на лыжах і ездзіць на веласіпедзе, бегаць і плаваць, гуляць у валейбол і футбол, скакаць у даўжыню і вышыню, займацца гімнастыкай і г. д.
   Другое – веды. А мо гэта нават і першае, бо ведаць касманаўт павінен надзвычай шмат. Касмічны карабель – машына вельмі складаная. Каб авалодаць ёю, трэба грунтоўна разбірацца ў фізіцы і матэматыцы, механіцы і электроніцы, а ў дадатак трэба мець сур’ёзныя веды па астраноміі, геафізіцы, касмічнай медыцыне і г. д. Для кожнага касмічнага палёту распрацоўваецца спецыяльная праграма навуковых і народнагаспадарчых эксперыментаў. Выконвае гэтую праграму касманаўт. А каб яе выканаць, трэба таксама грунтоўна пазнаёміцца і вывучыць шматлікія навуковыя пытанні і тыя задачы, якія ён будзе выконваць на карысць народнай гаспадаркі.
   Далей – працавітасць. Той, хто не любіць, а значыць, і не ўмее працаваць, ніколі не зможа стаць касманаўтам. Бо ўжо сама падрыхтоўка да палёту – гэта вялікая, штодзённая, старанная, да поту праца. І на борце арбітальнага карабля ці станцыі касманаўт таксама штодня працуе. Праграма палёту распісана літаральна па мінутах. Ды лайдак і не падрыхтуецца як след да палёту, і не здасць экзаменаў, якія ў касманаўтаў вельмі строгія.
   Пра што яшчэ абавязкова хочацца табе сказаць, дык гэта пра такія якасці, як таварыскасць і сяброўства. Выпраўляцца ў касмічны палёт, дзе могуць быць самыя розныя нечаканасці, цяжкасці і выпрабаванні, могуць толькі сапраўдныя сябры. На караблі, на борце арбітальнай станцыі могуць працаваць толькі такія людзі, якія разумеюць адзін аднаго з паўслова, якія ніколі не падвядуць таварыша, не спіхнуць на яго нелюбімую работу, не ўколюць насмешкай, якія паспачуваюць, калі таварыш стаміўся, і падменяць яго. Адсюль і парада мая табе: вучыся сябраваць, шануй сяброў, даражы імі, не давай у крыўду.
   Скажу яшчэ пра такія чалавечыя якасці, як смеласць і мужнасць, сумленнасць і прынцыповасць. На дрэва ўзлезці ці на дах дома – і то смеласць патрэбна, а паляцець у космас – тым больш. Ну, а сумленнасць і прынцыповасць павінны быць у кожным чалавеку. Каму патрэбны несумленны сябар? А што добрае можа зрабіць чалавек, калі ён беспрынцыпны, штораз мяняе сваю думку?
   І вось што яшчэ. Кажу табе пра гэта напаследак, ды гэта, можа, самае важнае. Работа ў касманаўтаў хоць і рамантычная, але вельмі і вельмі нялёгкая. Паспяхова рабіць гэтую работу можна толькі тады, калі разумееш, што робіш яе ў імя высокіх ідэалаў. Чалавек тады здольны на подзвіг, калі ставіць перад сабой высокія і вялікія мэты. Ніколі не здзейсніць подзвігу чалавек, які думае пра сябе, пра свае ўласныя інтарэсы.
   Усяго табе добрага, мой хлопчык».
   Пётр Ільіч склаў лісток у чатыры столкі, паклаў яго ў канверт. Заўтра ён укіне канверт у паштовую скрынку. Пойдзе ліст з Зорнага гарадка, што пад Масквой, будзе ехаць у вагоне цягніка, пасля ў кузаве грузавіка, потым на калёсах ці на веласіпедзе і прыйдзе ў далёкую вёску, і патрапіць у рукі да пяцікласніка Дзяніса, і будзе чытаць яго хлопчык, і ганарыцца, і паказваць ліст славутага касманаўта сябрукам...
   І хто ведае, можа, ліст Пятра Ільіча Клімука дапаможа малому Дзянісу знайсці сваю сцяжыну ў жыцці, якая выведзе яго далёка і высока – ажно на касмічную арбіту; гэтак жа, як вывела яна калісьці такога ж вясковага хлапчука Пецю Клімука з вёскі Камароўка пад Брэстам.
(765 слоў)

(Паводле М. Гіля)

 

Похожие статьи:

ПераказыКім быць?

ПераказыЯкое дрэўца прыжываецца?

ПераказыДарога дадому (Паводле М. Гіля)

ПераказыПершы дзень у Зорным

ПераказыКасмічны сын Беларусі