Дрэва без каранёў не бывае. Ёсць свае карані і ў кожнага з нас. І ўваходзяць яны ў глыбіню стагоддзяў. Праўда, не заўсёды лёгка іх адшукаць, адкапаць. Не ва ўсіх, далёка не ва ўсіх продкі чым-небудзь адзначаліся ў гісторыі. Ды і хто яны такія, каб трапляць на старонкі летапісаў? У большасці гэта былі людзі, якія адсочвалі звяроў, лавілі рыбу, засявалі палі, даглядалі жывёлу, гадавалі дзяцей, словам, жылі. Жылі ціха, малапрыкметна. Тады ж, у даўнія часы, заўважалася, адводзілася большае значэнне больш важным асобам і падзеям: князям, царам, іх паходам і бітвам, таму, што адбывалася ў полацкіх землях. Калі ж прозвішча якога-небудзь мужыка і трапляла ў летапісы, дык выпадкова, рэдка. Таму пра сваіх продкаў мы можам меркаваць хіба па ўспамінах, апавяданнях бацькоў, дзядоў ды па тых паданнях, былях, што дайшлі з сівой мінуўшчыны. Падводзяць нас да лепшага знаёмства з продкамі помнікі матэрыяльнай і духоўнай культуры, звычаі і абрады, апісанні родных мясцін. Напрыклад, па рэштках лясоў, балот, што дзе-нідзе яшчэ захаваліся, можна сказаць, якія лясы і балоты былі ў нас калісьці, колькі рознай дзічыны вадзілася. Колькі было рыбы, ягад, грыбоў! З гэтага можна заключыць, што продкам нашым галадаць не даводзілася. Зямля падкормлівала родзіча.
(189 слоў)
Паводле Б. Сачанкі
Похожие статьи:
Еўдакія Лось → Еўдакія Лось - Продкі
Пераказы, дыктанты → Помню тую вясну
Пераказы, дыктанты → Духоўная энергія
Пераказы, дыктанты → Скарбы продкаў
Сяргей Грахоўскі → Сяргей Грахоўскі - Мая радаслоўная