Бацька з сямігадовым сынам ішлі сцежкай да Буга. Раптам побач, збоку ад іх, пачуўся лёгкі тупат. Першым павярнуўся хлопчык.
– Заяц! Заяц! – крыкнуў ён і паказаў рукою. Сапраўды, невядома адкуль выскачыў на сцежку заяц. Заўважылі яго і іншыя дзеці, з крыкамі і галёканнем бегучы да нас. Тым часам зайка пасля імгненнай замінкі кінуўся да ракі. Іншыя кірункі яму, відаць, не спадабаліся: справа і злева былі людзі. Здавалася, што заяц рачным берагам скіруе на прастор. Але ў галаве шэрага выспеў іншы, больш рашучы і рызыкоўны намер – ён скочыў у раку.
І дарослыя, і дзеці адразу захваляваліся, загаманілі, перажываючы, што заяц вось-вось патоне. Але над вадой тырчала маленькая галава з вялізнымі, закінутымі назад вушамі. Плысці смельчаку было цяжка: там, дзе Мухавец зліваецца з Бугам, вада даволі хуткая. І як ні стараўся звярок, яго ўвесь час адносіла ўбок. А калі ён наблізіўся да запаветнага берага, адбылася такая нечаканасць: на тым беразе, пад навіссю густога вербалозу, яго, адважнага плыўца, чакаў пагранічнік, які сышоў з моста да вады.
Павярнуць назад зайка не асмеліўся, відаць, разумеючы, што не хопіць ужо сілы. Ды і як яму ведаць, ці не чакае яго і на другім беразе тое самае. Звярок спрабаваў скіраваць направа, налева, але, знясілены, трапіў урэшце ў рукі пагранічніка.
Салдат узяў зайца за вушы і панёс паказаць сваім паплечнікам, вайскоўцам. Людзі на другім беразе, якія чакалі, чым жа гэта прыгода скончыцца, захваляваліся, перажываючы за лёс зайкі.
Аднак пагранічнік, пажартаваўшы з саслужыўцамі, паставіў зайца на зямлю і, прытрымліваючы за вушы, пагладзіў яго, а потым адпусціў на волю.
Натоўп з палёгкай уздыхнуў. А заяц ад радасці, што за свае дзівацтвы не паплаціўся жыццём, хутка знік за кустамі вербалозу.
(266 слоў)
Похожие статьи:
Пераказы → Схватка на палянцы
Еўдакія Лось → Еўдакія Лось - Зайчык-выхваляйчык
Артур Вольскі → Артур Вольскі - Свой заяц у лесе
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Заяц
Пераказы → Паласатыя зайцы