Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Схватка на палянцы

   Белы, з чорнымі плямамі сабака жыў у крайнім ад лесу двары вёскі. Гэта быў паджары дварняк. Усё ў ім выдавала далёкага патомка хартоў ці ганчакоў. Дварняк гатоў быў кінуцца, не раздумваючы, за кожным, хто бяжыць ці скача ў полі яго зроку.
   Стары і не раз гнаны звярамі заяц добра ведаў, дзе жыве брахлівы і агрэсіўны звер, і, хаця заўсёды мог уцячы ад яго, імкнуўся без патрэбы не паказвацца яму на вочы.
   Заяц начамі гойсаў па палях, а ўдзень, заблытаўшы сляды, клаўся дзе-небудзь каля купіны ў ямцы, а ў бязветранае надвор’е ціснуўся бліжэй да кустоўя і там спаў. Ноччу, як заўсёды, русак адпраўляўся на жыроўку.
   Русак не дражніў шалёнага дварняка. І без яго ворагаў у зайца хапала.
   Такое жыццё побач з забіякам было небяспечнае. Стары русак ужо думаў змяніць жытло, падацца куды далей ад забіякі, але любоў да родных мясцін трымала яго.
   І ўсё ж развязка набліжалася. Надвячоркам заяц узняўся з лежні, пацягнуўся, напружваючы мускулы ног, паўслухоўваўся ў навакольную марозную цішыню: надышоў час здабываць корм. Каб разагнаць у жылах кроў, лёгка, падскокваючы, зрабіў вялікі паўкруг па полі, прыбег на палянку сярод кустоўя, дзе ляжаў удзень, і, чуючы сілу і спрыт у целе, гайсануў міма сядзібы, дзе жыў дварняк, хутка, падскокваючы, шэрым камячком пакаціўся па белым шарпаку да калгаснага саду. Маладая гаркавая кара цяпер, у лютаўскую галадуху, здавалася дужа смачнай.
   У гэты ж надвячорак вылез з будкі і дварняк, абабег сваю тэрыторыю вакол сядзібы, натрапіў на свежы заечы след, ад якога ішоў рэзкі пах. Сабака памкнуўся па следзе, але хутка зразумеў, што зайца яму не дагнаць, вярнуўся назад, угнуўшы пысу, адшукаў дзённую заечую лежню, памітусіўся па палянцы і залёг на следзе.
   Заяц падкарміўся ў садзе, лёгка спусціўся ў лагчынку і выбіўся на свой ранейшы след. Русак не здагадваўся, што там цікуе яго плямісты дварняк.
   Яны сутыкнуліся амаль пыса ў пысу: лёгкі, шэра-рыжаваты заяц і наструнены, сцяты ў камяк, шалёны дварняк. Ён умомант зваліў зайца на шарпак, і страшная выскаленая зяпа павісла над ім. З перапуду заяц ударыў па ёй заднімі лапамі з вострымі кіпцюрамі, і дварняк, не чакаючы адпору, завішчаў ад болю, адскочыў назад. Заяц узвіўся ўверх, перавярнуўся ў паветры і не паспеў стаць на лапы, як сабака зноў кінуўся на яго, вострыя зубы вырвалі касмыль поўсці на спіне. Падаючы, русак паспеў заднімі нагамі паласнуць свайго ворага па шыі, і той не змог нанесці апошні смяртэльны ўдар зубамі, з гырчаннем адскочыў убок, але тут зноў у шалёнай злосці рынуўся на звярка, які цяпер здаваўся яму лёгкай здабычай.
   Заяц адчуваў, што гэта апошнія імгненні яго жыцця, яму не вырвацца ад гэтага шалёнага плямістага звера, але не хацеў паміраць і адчайным ударам моцных задніх ног скубянуў у выскаленую пысу і патрапіў якраз па носе. З вішчаннем сабака адскочыў: удар вострых кіпцюроў зайца быў такі балючы, што дварняк на імгненне страціў арыенціроўку, закруціўся на месцы.
   Русак выкарыстаў разгубленасць свайго ворага, скочыў убок, у кустоўе, віхурай панёсся прэч. Сабака, ачомаўшыся, з брэхам кінуўся за ім, але дагнаць касога ў гушчары не мог, толькі чуў свежы пах крыві, ад якога яшчэ больш шалеў. Заяц, хоць моцна балела спіна, скакаў далёка наперадзе.
   Дварняк, апусціўшы хвост, вярнуўся ў вёску. Заяц, якога ён заўсёды лічыў слабай, палахлівай істотай, лёгкай здабычай, раптам аказаўся моцным і смелым зверам, які можа пастаяць за сябе.
   Пасля сутычкі з зайцам дварняк тыдні з два не выходзіў на паляванне: залізваў раны. А потым зноў з упартай жорсткасцю гойсаў па кустоўі, з брэхам ганяўся за ўсімі, хто набліжаўся да яго сядзібы. Але ніколі не гнаўся за невялікім рыжаватым звярком, які зрэдку асцярожна прабягаў па лузе міма сядзібы.
(580 слоў)

(Паводле А. Дзятлава)

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыБелы шпіц

Пераказы, дыктантыФомка

Пераказы, дыктантыБелы шпіц

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Атаман-барабан

Пераказы, дыктантыШукаю гаспадара