Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Дарога дадому (Паводле М. Гіля)
Камароўка...
Звычайная палеская вёска, якіх нямала на Беларусі. Ды сёння яна вядома не толькі ў вобласці, але і ў краіне, і за мяжой. І гэтую вядомасць, гэтую шырокую славу прынёс Камароўцы яе колішні басаногі хлапчук Пеця, які нарадзіўся тут 10 ліпеня 1942 года ў сям’і Ільі Фёдаравіча і Марфы Паўлаўны Клімукоў.
Да Пеці ў сям’і Клімукоў былі дзве дзяўчынкі – старэйшая Тоня і малодшая Ніна. Можа, таму бацька Ілья Фёдаравіч быў асабліва рады сыну. Пеставаў яго, з рук не спускаў. А Пеця, як на бяду, рос хваравітым. Асабліва цяжка захварэў, калі споўніўся яму год. Мала надзеі было на тое, што ачуняе. Ішла вайна, ні лекаў ніякіх не дастаць, ні ўрача не знайсці. Але акрыяў Пеця, і к лету 1944 года, калі Чырвоная Армія вызваліла Камароўку ад нямецка-фашысцкіх акупантаў, хлопчык ужо спрытна бегаў па камароўскай вуліцы.
Ілья Фёдаравіч выйшаў спаткаць чырвоных байцоў-вызваліцеляў з сынам на руках. Пеця, вядома, нічога яшчэ не разумеў, усяго два гадкі мінула яму, але бацька гаварыў з ім, як з дарослым.
– Глядзі, сынок, глядзі, – казаў Ілья Фёдаравіч, – гэта ідуць не проста чырвонаармейцы – гэта наша шчасце ідзе. Хораша мы цяпер зажывём з табою, Пеця! Калгас створым, межы зруйнуем, электрыку ў хаты правядзём... Ты падрасцеш, у школу пойдзеш, трактарыстам будзеш, а можа, і лётчыкам. А што? Захочаш, сынок, дык і лётчыкам станеш, цяпер усе дарогі перад табой адкрыты...
Пеця Клімук вырас і стаў не проста лётчыкам, а лётчыкам-касманаўтам, ды бацьку не суджана было парадавацца сынавай долі. Праз некалькі дзён пасля той сустрэчы з чырвонаармейцамі Ілья Фёдаравіч Клімук апрануў салдацкую гімнасцёрку і пайшоў на Захад – дабіваць фашысцкага звера. Але паваяваць яму давялося нядоўга. Загінуў ён смерцю героя літаральна праз нейкі тыдзень на польскай зямлі. А Пецю выгадаваў айчым, які стаў для яго бацькам.
Сам жа Пётр Ільіч Клімук з 1965 года жыве ў Зорным гарадку. Ёсць такі гарадок пад Масквой, дзе жывуць, вучацца і працуюць касманаўты.
Амаль кожнае лета ён прыязджае з сям’ёй у Камароўку. Калі цягніком, калі да Брэста ляціць самалётам, а найбольш любіць выправіцца ў дарогу на аўтамашыне.
Вядзе машыну Пётр Ільіч няспешна, быццам кіруючыся даўнейшай прымаўкай: цішэй едзеш – далей будзеш. Але прымаўка тут ні пры чым. Проста цікавей ехаць няспешна, узіраючыся ў краявіды, што адкрываюцца перад вачамі, любуючыся малюнкамі роднай зямлі.
Калі застаецца ззаду Брэст, сэрца ў Пятра Ільіча пачынае біцца часцей ад прадчування блізкай сустрэчы з дзяцінствам, з маці, з роднымі мясцінамі.
За дарогу пра ўсё перадумае: і пра тое, што нядаўна было, чым жыў учора, тыдзень, месяц назад, але найперш пра тое, што з Камароўкай звязана, што ў дзяцінстве ці юнацтве было. Пэўна, таму што дарога вядзе туды – у дзяцінства і юнацтва, у Камароўку, да якой усё бліжэй і бліжэй.
Там, у роднай Камароўцы, вытокі яго жыцця і вытокі яго памяці...
(447 слоў)
Паводле М. Гіля
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Якое дрэўца прыжываецца?
Пераказы, дыктанты → Першы дзень у Зорным
Пераказы, дыктанты → Кім быць?