Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Горкі мёд

   За акном смяялася вясна. А Петрык цярпліва перапісваў у сшытак умову задачы. Нядаўна Вольга Якаўлеўна, выстаўляючы па матэматыцы за чвэрць адзнаку, сумна заўважыла: «Петрык, не падцягнешся – можаш яшчэ на год застацца...» Вось Петрык і падцягваецца, ужо другую задачу рашае. І, мусіць, рашыў бы, ды Грыша з Алесем забеглі.
   – Ты на вуліцу і носа не паказваеш, – папракнуў Грыша.
   – А задачы? – паспрабаваў абараняцца Петрык.
   – Ці ж у цябе ўсе дні сарокі падзяўблі? – засмяяўся Грыша. – Мы ў лес сабраліся, хадзем...
   Петрык не ўстаяў перад такой спакусай, выбег услед за дружбакамі на вуліцу. А тут гразь – ні праехаць ні прайсці. Па абочынах дарогі і ў канавах растае апошні сняжок. Бурляць, пеняцца раўчукі. Каля іх бавяцца малыя, караблікі з паперы і бяросты пускаюць.
   – Гайда да Проні! – гукнуў сябрам Грыша.
   А Проня разлілася морам, падступіла да самых прыгуменняў. Па роўнай сцяжынцы хлапчукі збеглі да рэчкі. Каля лазні дзеда Базыля быў прывязаны човен з надтрэснутым носам. Спусціць пасудзіну на ваду – справа некалькіх імгненняў. Грыша з Алесем узяліся за вёслы, Петрык прымасціўся на карме, і човен заслізгаў па люстраной гладзі. Насустрач пасунулася сіняя сцяна лесу.
   Вось ужо міма праплываюць каржакаватыя дубы, беластволыя бярозы, шызыя асіны. Над вадой праносяцца чародкі чыркоў. На ўзлеску сварацца паміж сабой мітуслівыя дразды. На стромкіх соснах вядуць перастук пярэстыя дзятлы, даносіцца меладычная песенька берасцянкі.
   Дружбакі скіравалі човен у вузкую затоку. Чым глыбей у лес, тым шырэй затока. Неўпрыкметку яна ператварылася ў вялікае блакітнае возера.
   – Глядзі, глядзі!.. – Алесь ажно выпусціў вясло. – Вулей!..
   На ліпе, што павісла над самай вадой, прымасціўся кругляк-вулей.
   – Думаеце, не ведаю, чый гэта вулей? Дзеда Базыля, – здагадаўся Петрык. – Працаваць лянуецца, усё лета ў грыбы ды ў ягады... А цяпер, бач ты, пчол прыдбаў...
   – Дык мы яго раскулачым! – усхадзіўся Грыша. – Мёдам пачастуемся, а пчол – на калгасную пасеку.
   Хлопцы нядоўга спрачаліся, як зняць вулей.
   – Тут і думаць няма чаго. Падгонім човен пад самую ліпу і спусцім у яго калоду, – прапанаваў Грыша.
   Алесь палез на дрэва. А Петрык у чоўне застаўся, задраў вяснушкаваты твар і чакае.
   Ды раптам на дрэве нешта хруснула, затрашчала, і калода, ні бы тая бомба, шасула ў човен. Нос пасудзіны адваліўся, а Петрык плюхнуўся ў ваду. Вопратка ўраз намокла, ногі непаслухмяна коўзаліся па сцюдзёнай твані-мякаці.
   – Эх ты, няўдаліца! – ушчуваў Алесь Грышу. – Човен загубіў і Петрыка ледзь не пакалечыў...
   – Ці ж я вінаваты, што сарвалася, – апраўдваўся Грыша. – Як гэта мы запалкі не ўзялі, агонь развялі б...
   З вады тырчаў толькі адбіты нос чоўна. Пасудзіна дзеда Базыля патанула.
   На ўзлессе выбраліся, калі ўжо змяркалася. Сонца даўно нырнула ў Проню і быццам дагасала ў ёй, кідаючы ружовыя водблескі. Пахла сырасцю і прэлым лісцем. Пакуль па расквашанай дарозе цялёпкаліся да вёскі, наваколле бы каламаззю затапіла, толькі ствалы маладых бярозак гаю свяціліся ў чарнаце.
   Можа б, і засталася тая прыгода ў тайне, ды ноччу Петрык закідаўся ў гарачцы. Урач знайшоў у яго запаленне лёгкіх. Прымусіў праглынуць горкія пілюлі.
   Дзед Базыль прынёс збанок мёду.
   – Свавольнікі, – бубнеў ён пад самым вухам. – Гэта ж вы мой вулейчык у ваду спіхнулі: паставіў, каб калгасны рой не ўпусціць, калі пачнуць летам дзяліцца... Вулейчык быў, вядома, пусты. Але калі б у ім і надарыліся пчолы, дык які мёд у такі час. Ранняй вясной пчолы самі галадаюць, ім патрэбна падкормка. Іншая справа, калі сады ды лугі зацвітуць. Тады і сабе, і чалавеку запас зробяць. Дзеля кроплі мёду пчолка абляціць тысячу кветак, прынясе шмат ношак нектару. І лятае, пакуль крыльцы не зношваюцца...
   І ўжо лагодна звяртаецца да Петрыка: «Еш, хлопец, мёд, ён ад усіх хвароб памагае».
   Неахвотна аблізвае Петрык лыжку, і мёд чамусьці здаецца яму горкім-горкім, гарчэйшым за пілюлі.
(574 словы)

(Паводле І. Аношкіна)

 

Похожие статьи:

Клаўдзія КалінаКлаўдзія Каліна - Ліпень

Пераказы, дыктантыПчаліны рой

Ядвіга БяганскаяЯдвіга Бяганская - Юрка і пчолы

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - Цымбалы

Пераказы, дыктантыБортніцтва