Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Выхаванне чалавека
Выхаванне дзяцей існавала ва ўсе перыяды развіцця грамадства. У дагістарычныя часы ролю выхавацеля выконваў род. З часам многія функцыі выхавання дзяцей узяла на сябе сям’я.
На працягу доўгіх часоў у сялянскім асяроддзі выпрацаваліся асноўныя прынцыпы выхавання. Народ ведаў, якія рысы характару трэба выхоўваць у дзяцей, які погляд на жыццё прывіваць ім. Бацькі стараліся перадаць усё лепшае, увесь свой жыццёвы вопыт, свае веды, уменні. Менавіта ў сям’і дзіця фарміравалася як асоба, тут яно атрымлівала першыя ўрокі жыцця.
У аснове выхавання дзяцей у сялянскай сям’і была праца, бо яна была першаасновай жыцця чалавека, яго ўнутранай неабходнасцю. Патрыярхальны лад жыцця беларусаў у далёкім мінулым дыктаваў такія ўмовы, што кожная сялянская сям’я павінна была ствараць усё для жыцця сваімі рукамі: вырошчваць хлеб і іншыя прадукты, забяспечваць сябе адзеннем, посудам.
Да працы дзяцей прывучалі змалку. З пяці-шасці гадоў яны дапамагалі няньчыць маленькіх братоў і сясцёр, выконвалі іншую работу: мылі посуд, прыбіралі ў хаце, пасвілі гусей. Праз год-другі наглядалася раздзяленне працы. Дзяўчынак вучылі выконваць «жаночую працу», а хлопчыкаў – «мужчынскую».
У выхаванні дзяцей значную ролю адыгрываў прыклад бацькоў. Што дзіця чула і бачыла ў сям’і, тое яно і засвойвала назаўсёды.
Па закону і звычаю бацькі мелі права караць сваіх дзяцей. Вядомы розныя спосабы пакарання, напрыклад, славесны выгавар у выглядзе пагроз, насмешкі. Дазвалялася і фізічнае пакаранне, але народная мудрасць у выхаванні дзяцей не лічыла гэта галоўным. Яна прапаведвала, каб малыя раслі паслухмянымі, паважалі старэйшых, але гэтага трэба было дасягаць добрымі адносінамі да дзіцяці.
Апрача шанавання і павагі да старэйшых, бацькі выхоўвалі ў сваіх дзецях сумленнасць, справядлівасць, добрыя адносіны да людзей. У выхаванні дзяцей значную ролю адыгрывала рэлігія. Дзяцей з малых гадоў маці або бабуля навучалі малітвам.
Хаця сялянскіх дзяцей з першых гадоў прывучалі да працы, усё ж дзеці заставаліся дзецьмі. У іх існавала сваё жыццё, свае інтарэсы, клопаты. Таму, нягледзячы на тое, што дзеці пачыналі працаваць з маленства, у іх заўсёды знаходзіўся час і магчымасць пагуляць, пабегаць. Гульні займалі значнае месца ў жыцці дзяцей, яны былі не толькі забаўкай, але і садзейнічалі фізічнаму, разумоваму развіццю, замацоўвалі пачуццё сяброўства, узаемавыручкі, адказнасці.
(335 слоў)
(Паводле Г. Курыловіч)
Похожие статьи:
Пераказы → Слухайце адзін аднаго!
Эдзі Агняцвет → Эдзі Агняцвет - Беражы зямлю і неба!
Максім Танк → Творы Максіма Танка для дзяцей