Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Выдрын гасцінец

   На лузе грузілі сена. Толькі чуваць быў гул матораў і гоман людзей. Раптам пачуўся ўсхваляваны крык:
   – Выдра пабегла ў Нёман!
   Дзядзька Мікола ўбачыў звярка, які то хаваўся ў глыбокім снезе, то з’яўляўся над ім, пасля скаціўся ў канаву і пабег па лёдзе. Мікола зразумеў: вада ў канаве замерзла, і звярка можна дагнаць, бо да палонкі далёка. Колькі разоў марыў сустрэцца на паляванні з выдрай, колькі разоў у думках дарыў дачушцы прыгожы пушысты каўнер!
   Мікола схапіў вілы і кінуўся напярэймы. Выдра ўцякала з усіх сіл, але і дзядзька не адставаў, хаця снег перашкаджаў бегчы, марознае паветра сціскала грудзі. Пасярод лугу канава рабіла паварот у бок крыніцы, да якой заставалася некалькі дзясяткаў метраў. Мікола зрэзаў вугал і скокнуў у канаву перад самай выдрай. Яна ад нечаканасці замерла на месцы. Да выдры даносіўся знаёмы пах вады, дзе лёгка схавацца, але на дарозе сядзеў чалавек і пранізваў яе сваім поглядам. І выдра так жаласна глянула на дзядзьку Міколу, што ў таго сціснулася сэрца.
   Мікола адчуваў сваю перавагу над выдрай і бездапаможнасць звярка. Можа, каб уцякала, каб даганяў яе, то і не пашкадаваў бы. А тут глядзеў у такія гаротныя вочы, якія іскрыліся жыццём, бачыў звярка, што цяжка дыхаў і прасіў літасці. Дзядзька астудзіў свой ваяцкі настрой, памякчэў, стаў лагаднейшым, зірнуў яшчэ раз у поўныя журбы вочы выдры і цвёрда рашыў не чапаць яе. Мікола падміргнуў звярку і вылез з канавы.
   Выдра не верыла свайму шчасцю: дарога свабодная! Яна са здзіўленнем зірнула на чалавека, які так настойліва даганяў яе, а цяпер адпускае. Падбегла да палонкі, радасна скокнула ў ваду, удзячна плюхнула хвастом на развітанне і знікла з вачэй. Мікола ўсміхаўся і задаволена глядзеў на кругі, якія разбягаліся па вадзе.
   Пасля разводдзя быў ён на рыбалцы. Закінуў вуду, разаслаў плашч на беразе і слухае бульканне вады. Раптам у затоцы ля куста нешта плюхнула. Што там? Сцішыўся, не зводзіць вачэй з кругоў на вадзе, якія разбягаюцца ва ўсе бакі. Высунулася чорная галава. Гэта ж выдра! На паляванне выйшла, пагрэцца на сонцы захацела. «Цяпер злаўлю, – падумаў дзядзька. – Сама ў рукі прыйшла».
   Асцярожна падпоўз Мікола да купіны, за якой сядзеў звярок. Выдра азірнулася, убачыла чалавека і скокнула ў ваду. Але дзядзька паспеў схапіць яе за хвост і пачаў выцягваць з вады. Спачатку паказаліся заднія ногі, затым пярэднія, а вось і галава ўжо відаць. Нарэшце выдра павярнула галаву і жаласна паглядзела ў вочы рыбалову. Разжаліўся Мікола і адпусціў звярка. Выдра плюхнула ў ваду, вынырнула ля берага і паплыла.
   Глядзіць дзядзька Мікола: выдра плыве, а на беразе плотачка ляжыць. Зразумеў, што гэта была тая самая выдра, якую зімой сустракаў. Падняў Мікола плотачку, усміхнуўся і падумаў, што адчуваюць звяры чалавечую дабрату.
(432 словы)

(Паводле В. Гурскага)

 

Похожие статьи:

ПераказыНа паляне

ПераказыПомнікі жывёлам

Рыгор БарадулінРыгор Барадулін - Экзамены

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Звяры нашых лясоў

Змітрок БядуляЗмітрок Бядуля - Гаспадарка