Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Помнікі жывёлам

Варыянт 1 (241 слова)

   Помнікі жывёлам узводзіліся ў розны час і ў розных краінах як сведчанне ўдзячнасці людзей братам сваім меншым. Найчасцей людзі ставілі помнікі сабакам.
   Помнік сабаку стаіць пад Пецярбургам з надпісам акадэміка Паўлава аб заслугах сабак перад чалавецтвам, перад навукай. У Парыжы стаіць помнік сенбернару Бары, які выратаваў сорак чалавек, а сам загінуў. Як вядома, сенбернары вельмі дужыя і вынослівыя. Яны ратуюць людзей, якія заблудзіліся, трапілі ў снежныя абвалы, пад руіны пры землятрусах. У Польшчы ўзведзены помнік сабаку, які выратаваў жыццё свайму гаспадару, чыгуначнаму абходчыку. Калі на таго напалі бандыты і кінулі звязанага на шпалы, сабака, моцна брэшучы, кінуўся насустрач цягніку. На Алясцы ўзведзены помнік важаку сабачай запрэжкі Балту, які ў люты мароз даставіў людзям супрацьдыфтэрыйную сываратку.
   Ёсць помнікі і іншым жывёлам. У двары Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта пастаўлены помнік кошцы, якая падаравала свету «мноства першаступенных адкрыццяў у фізіялогіі». У Грэцыі ўзведзены помнік аленям, якія сваімі вострымі капытамі вынішчылі на востраве Родас усіх атрутных змей. У Парыжскім універсітэце і ў Токіа стаяць помнікі жабе. Яе лапкі доўгі час служылі электравымяральнымі прыборамі для вучоных-фізікаў. А ў Англіі і Германіі пастаўлены помнікі «Апошняму забітаму ваўку». Гэта, магчыма, сімвалы позняга раскаяння за неабгрунтаванае знішчэнне разумнага драпежніка, без якога прырода стала бяднейшая на некалькі відаў дзікай фаўны. У ЗША ў горадзе Бостане ўзведзены помнік вераб’ю, якога ўсе і ўсюды лічаць дробным злодзеем. У свой час вераб’і выратавалі насельніцтва таго краю ад галоднай смерці, знішчыўшы безліч шкодных вусеняў.
   Усе гэтыя жывёлы заслужылі пашану і ўдзячную памяць людзей.
 


 

Варыянт 2 (143 словы)

   Помнікі жывёлам узводзіліся ў розных краінах як сведчанне ўдзячнасці людзей братам сваім меншым.
   Помнік сабаку стаіць пад Пецярбургам з надпісам акадэміка Паўлава аб заслугах сабак перад чалавецтвам, перад навукай. У Парыжы стаіць помнік сенбернару, які выратаваў сорак чалавек. Сенбернары – сабакі дужыя, вынослівыя. Яны ратуюць людзей, якія заблудзіліся, трапілі ў снежныя абвалы, пад руіны пры землятрусах. У Польшчы ўзведзены помнік сабаку, які вы ратаваў жыццё чыгуначнаму абходчыку. На Алясцы ўзведзены помнік важаку сабачай запрэжкі, які ў люты мароз даставіў людзям супрацьдыфтэрыйную сываратку.
   У Грэцыі ўзведзены помнік аленям, якія сваімі вострымі капытамі вынішчылі на востраве Родас усіх атрутных змей. У Парыжскім універсітэце і ў Токіа стаяць помнікі жабе. Яе лапкі доўгі час служылі электравымяральнымі прыборамі для вучоных. У Англіі ёсць помнік «Апошняму забітаму ваўку». Помнік вераб’ю ўзведзены ў ЗША. Калісьці вераб’і выратавалі насельніцтва ад галоднай смерці. Многія жывёлы заслужылі пашану і ўдзячную памяць людзей.

Паводле календара «Родны край»

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыПомнік

Пераказы, дыктантыПомнікі студэнтам

Анатоль ГрачанікаўАнатоль Грачанікаў - Каля помніка партызанскай славы «Прарыў»

Пераказы, дыктантыПомнік у Трэптаў-парку

Васіль ЗуёнакВасіль Зуёнак - Помнік