Варыянт 1 (55 слоў)
Канчаецца лета. Яшчэ горача свеціць сонца. На бярозах цінькаюць сініцы. Прабуюць моц сваіх крылаў ластаўкі. Куды яны збіраюцца? Што гоніць іх ад нас?
Так хораша ў полі! У лесе разліваецца пах грыбоў. А колькі арэхаў! Дзеці з кошыкамі ідуць у лес. Там яны знойдуць многа грыбоў і арэхаў. Але халодныя раніцы ўжо нагадваюць пра восень.
Варыянт 2 (162 слова)
Высока ў сінім бязвоблачным небе плыве яркае сонца, шчодра лье на зямлю сваю цеплыню і святло, а сагрэтая яго ласкай зямля адказвае хмельным буяннем жыцця.
Цёпламу яснаму дню радуецца кожная жывая істота. Над маёй галавой, на бярозе, цінькаюць бесклапотныя сініцы. Прабуюць моц сваіх крылаў, імкліва носячыся ў небе, прыгожыя ластаўкі. На маленькім лапіку зямлі, дзе я прылёг, ідуць свае клопаты і турботы. Кудысьці спяшаецца цягавітая мурашка, уверх па сцяблінцы паўзе спакойная божая кароўка.
Я думаю пра восень. Мабыць, памыляюцца тыя паэты, якія бачаць у восені толькі адно заміранне жыцця. Здаецца, усё ідзе якраз наадварот. Жыццё ў гэтую пару не замірае, а нараджаецца. Яно проста стаіць перад пачаткам новага, яшчэ шырэйшага круга. Бяроза, пад якой я ляжу, адшумела летнім зялёным лісцем і паслала ў свет мільёны новых бярозак, схаваных у яе лятучым насенні.
Восень – гэта ростані на вечных дарогах старога і новага жыцця. Няхай прыгрэе сонца, і тады за цёплым летам адразу пачнецца вясна, без ніякай восені і зімы, без ніякага перапынку.
Паводле І. Навуменкі
Похожие статьи:
Іван Навуменка → Іван Навуменка - Новая хата
Іван Навуменка → Іван Навуменка - Хлопцы самай вялікай вайны...
Іван Навуменка → Іван Навуменка - Вайна каля Цітавай копанкі
Іван Навуменка → Іван Навуменка - Вераніка
Биографии → Іван Навуменка