Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Бібліятэка-легенда

   Магнаты Храптовічы аблюбавалі наваградскія Шчорсы яшчэ ў XV стагоддзі. Вабіла іх чароўная тутэйшая прырода: Нёман, Налібоцкая пушча, мурожныя лугі, ураджайныя палеткі. Французскія ды італьянскія архітэктары спланавалі ім палац, парк, царкву. І доўгі час гаспадары маёнтка вырашалі свае будзённыя клопаты: як атрымаць найбольшы прыбытак з палеткаў, лесу, ракі і прыгонных сялян.
   З вялікага роду Храптовічаў у спіс мысліцеляў і асветнікаў Беларусі па праву занесены Іаахім Ігнацый Юзаф Літавор Храптовіч (1729-1812). Ён меў чатыры імёны, і гэта азначала яго знатнасць, важнасць у радаводзе. Яго пасады і тытулы гавораць самі за сябе: міністр замежных спраў, канцлер Вялікага Княства Літоўскага, кіраўнік дэпартамента акадэміі і школ. Вось такі грамадскі, палітычны і дзяржаўны дзеяч вырас у Шчорсах. Ён любіў свой радавы тутэйшы маёнтак. Менавіта пры ім узведзены тут галоўныя мураваныя пабудовы. І гэта ён сабраў у маёнтку ўнікальную бібліятэку.
   Кажуць, у бібліятэчным храме Храптовіча было каля дваццаці тысяч кніг. Ды якіх! Творы рымскіх, грэчаскіх, італьянскіх, французскіх класікаў, кнігі, рукапісы і архівы па гісторыі Беларусі, Літвы, Польшчы.
   Бібліятэку вывезлі ў 1913 годзе ў Кіеўскі ўніверсітэт імя святога Уладзіміра. Але ўмова апошняга ўладара бібліятэкі Канстанціна Храптовіча-Буцянёва была такая: з адкрыццём універсітэта на радзіме бібліятэка павінна вярнуцца.
   На жаль, нічога няма больш пастаяннага, чым часовае. І лёс шчорсаўскай бібліятэкі стаў непрадказальным. Перад Першай сусветнай вайной нашы кнігі эвакуіравалі ў Саратаў, перад Другой сусветнай вайной – ва Уфу. Тыя кнігі, што заставаліся ў Шчорсах, былі вывезены перад вайной у Маскву ці знішчаны фашыстамі. А рукапісны збор і архіў бібліятэкі пасля рэвалюцыі вывезлі ў Ленінград. Такім чынам, бібліятэку Храптовіча трэба шукаць па ўсім свеце. Аднак хочацца верыць, што надыдзе шчаслівая часіна і вернецца ў Шчорсы бібліятэка-скарб.
   У свой час бібліятэкарамі ў Шчорсах працавалі Ян Чачот і Антон Глінскі. Абодва яны таленавітыя фалькларысты, збіральнікі народнай мудрасці. Відаць, мясцовыя жыхары натхнялі іх на такую творчую справу. Антон Глінскі, напрыклад, стаў аўтарам чатырох тамоў беларускіх народных казак, анекдотаў і апавяданняў, сабраных з ваколіц Шчорсаў і Нягневіч.
   Сам Іаахім Ігнацый Юзаф Літавор Храптовіч пазайздросціў бы сучасным вучням, іх светлым камп’ютарызаваным класам. Ён расказаў бы сённяшнім вундэркіндам пра свайго прыгоннага Ігната Аржахоўскага са Шчорсаў, які атрымаў вышэйшую медыцынскую адукацыю ў Вільні, абараніў дысертацыю на ступень доктара медыцыны. Стаўшы папулярным лекарам у Наваградку, Аржахоўскі сабраў грошай і выкупіў з прыгону сваю сям’ю.
   Храптовіч з прыемнасцю зайшоў бы ў прасторныя катэджы, у якіх жывуць цяперашнія хлебаробы. Гэта іх далёкіх продкаў Храптовіч вызваляў ад прыгону-прыгнёту, як бы прадбачыў сённяшнюю яву вольных і квітнеючых Шчорсаў.
(396 слоў)

(У. Ліпскі)

 

Похожие статьи:

ПераказыБібліятэка-легенда

Язэп ПушчаЯзэп Пушча - У Шчорсах

ББібліятэказнаўства

ПераказыЭнцыклапедыст са Шчорсаў

ПераказыХраптовічы