Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Энцыклапедыст са Шчорсаў

   Маёнтак Шчорсы дзесьці з сярэдзіны сямнаццатага стагоддзя атрымаў шырокую вядомасць амаль ва ўсёй Еўропе. З дзевятнаццатага стагоддзя ён набыў славу буйнога асяродка культуры і навукі. Сюды, нібы мусульмане ў Мекку, прыязджалі ўсе, хто цікавіўся гісторыяй духоўнай і матэрыяльнай культуры Вялікага княства Літоўскага. Якім чынам і чаму невялікае паселішча ўскрай Налібоцкай пушчы раптам узнялося на хвалю еўрапейскай вядомасці?
   Сталася гэта дзякуючы ўсяго толькі аднаму чалавеку – Іяахіму Літавору Храптовічу, высокаадукаванаму і шчодра адоранаму прыродай. У яго каларытнай асобе на рэдкасць суладна спалучаліся дзяржаўны і грамадскі дзеяч, філосаф і асветнік, публіцыст і паэт, гуманіст і прыродазнаўца. Іяахім Літавор Храптовіч паходзіў са старажытнага магнацкага роду, пачынальнікамі якога былі баяры Багдан і яго сын Івашка Літавор. Ужо ў шаснаццатым стагоддзі Шчорсы ўпамінаюцца ў пісьмовых крыніцах як родавае гняздо Храптовічаў.
   Іяахім Літавор Храптовіч нарадзіўся 4 студзеня 1729 года ў фальварку Ясянец. Сярод шматфарбнага аксаміту заліўных лугоў вілася прыгажуня-рака Сэрвач з парослымі хмызняком і лесам берагамі. Дзяцінства малога Яўхімкі прайшло на ўлонні маляўнічай прыроды Навагрудчыны. Тут жа ў Ясянцы ён атрымаў першапачатковую адукацыю. Займаліся з імі нанятыя настаўнікі і гувернёры. У лік навук, якія даводзілася штудзіраваць падлетку, уваходзілі паэтыка, рыторыка. Захапленне чароўным светам паэзіі І Храптовіч пранёс праз усё сваё доўгае жыццё. Нават у сталым веку ў хвіліны роздуму і смутку ён часта прыпадаў да яе гаючай плыні. Сваё стаўленне да прыроды, прыгажосці, кахання, маральна-этычных пытанняў будучы граф з аднолькавай лёгкасцю выказаў у вершах на беларускай, польскай і лацінскай мовах.
   Пасля заканчэння Віленскай акадэміі, Храптовіч працягвае адукацыю ў Германіі. Пасля для пашырэння агульнага кругагляду і азнаямлення з найноўшымі дасягненнямі эканомікі і філасофіі ён наведвае Францыю, Італію, Швейцарыю, Англію. Грамадская дзейнасць І. Храптовіча была непарыўна звязана з пашырэннем і рэалізацыяй на практыцы ідэй Асветніцтва і фізіякратызму. І. Храптовіч лічыў, што сельская гаспадарка краю даўно чакае карэннай рэарганізацыі, выступаў за асабістую вольнасць і адукацыю сялян.
   Імя І. Храптовіча непарыўна звязана з пашырэннем асветы ў краі. Ён быў адным з самых ініцыятыўных стваральнікаў і актыўных членаў Адукацыйнай камісіі. Вялікую надзею Храптовіч ускладаў на навуку і ўсімі магчымымі сродкамі падтрымліваў яе прыхільнікаў. Для аб’яднання аднадумцаў, актывізацыі навуковай дзейнасці ён заснаваў у канцы васямнаццатага стагоддзя "Таварыства сяброў навукі". Займаўся навукай і асабіста сам, выступаючы як тэарэтык і папулярызатар эканамічных і філасофскіх ідэй фізіякратаў.
   Яшчэ пры жыцці Храптовіча Шчорсы сталі своеасаблівым навукова-даследчым цэнтрам. Тут было створана унікальнае па тэматычным падборы, храналагічнаму ахопу, колькасці літаратуры, архіўных матэрыялаў і твораў мастацтва сховішча. Яго фонды складаліся амаль што з дваццаці тысяч кніг па самых разнастайных пытаннях гісторыі, культуры, філасофіі, эканомікі, сельскай гаспадаркі, у тым ліку і беларускіх старадрукаў, арыгіналаў розных дакументаў, лістоў, прывілеяў і г. д. Пачатак кнігазбору паклаў у сярэдзіне васямнаццатага стагоддзя І. Храптовіч і ўсё сваё жыццё няспынна папаўняў яго фонды. Нашчадкі Храптовіча завяшчалі кнігазбор і архіў першаму універсітэту, які адкрыецца на Беларусі. Але гісторыя распарадзілася інакш. Напярэдадні першай імперыялістычнай вайны найбольш каштоўная частка бібліятэкі была вывезена на Украіну і перададзена ў часовае карыстанне Кіеўскаму універсітэту, а пакінутая ў Шчорсах бясследна знікла ў полымі вайны. Але не знікла памяць пра чалавека, да творчай спадчыны якога пастаянна звяртаюцца гісторыкі, філосафы, эканамісты, літаратуразнаўцы.
 
Паводле С. Цярохіна

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыБібліятэка-легенда

Пераказы, дыктантыХраптовічы

Пераказы, дыктантыБібліятэка-легенда