Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Бабры
Бабры жывуць сем’ямі. Кожная з іх мае пэўны ўчастак, больш ці менш аддалены ад іншых сем’яў. Бабровае жыллё з усімі норамі, каналамі і плацінамі, зробленымі адной сям’ёй, якая жыве асобна, называецца бабровым паселішчам.
Часам некалькі хатак знаходзяцца блізка адна ад адной, на адлегласці ад дзесяці да пятнаццаці метраў. Яны пабудаваны маладымі бабрамі, якія дасягнулі двухгадовага ўзросту і аддзяліліся ад бацькоў, пасяліўшыся па суседстве. Такія групы блізкіх паселішчаў называюцца бабровымі калоніямі.
Самка бабра прыносіць у год звычайна двух малых. Такім чынам, кожная сям’я складаецца з двух дарослых баброў, двух малых бабранят, якія нарадзіліся ў гэтым годзе, і двух маладых леташніх.
Работнікі Бярэзінскага запаведніка на лодцы або пешшу па балоце добрасумленна абследавалі ўсе патаемныя куткі, усе аблюбаваныя бабрамі ўгоддзі. Жылыя хаткі і норы баброў былі зарэгістраваны і пад адпаведным нумарам занесены ў спіс бабровых паселішчаў. Каля кожнай хаткі, на бліжэйшым дрэве ці на слупку, пастаўленым сярод балота, была прымацавана шыльдачка з нумарам. Пад гэтым жа нумарам кожная хатка адзначана і на спецыяльнай карце, складзенай навуковымі супрацоўнікамі.
Пра вялікае майстэрства баброў можна меркаваць па тым, як яны будуюць плаціну. Бабры – надзвычайныя будаўнікі. Сам звярок невялікі, а якія дзівосныя па сваёй велічыні і трываласці пабудовы ён можа ўзводзіць! Трэба, да прыкладу, яму падняць узровень вады ў вузкім і плыткім месцы, каб засцерагчы сваё жыллё ад ворагаў ці наблізіць харчовыя ўгоддзі. Калі ласка! Ён адразу ж бярэцца за працу і перагароджвае рэчышча плацінай. I працуе як мае быць, не горш за чалавека. Ды і не ўсякаму чалавеку пад сілу зрабіць такое.
Спачатку бабёр валіць упоперак рэчкі дрэвы, утыкае ў дно колле, умацоўвае іх глеем ды глінай, кладзе зверху палкі, дзёран, зямлю, гразь, нагрувашчвае ўсё гэта і будуе вал. Узровень вады пачынае падымацца. Вада выходзіць з берагоў і затапляе прыбярэжныя кусты і дрэвы. Тады бабёр умацоўвае сваю пабудову глеем ды зямлёй, накладваючы яе і на вяршыню плаціны, і на схіл. Потым ён працягвае канцы плаціны ў абодва бакі, пакуль яна не зробіцца дастаткова высокай, доўгай і моцнай, каб трымаць ваду на патрэбным яму ўзроўні. Такую плаціну і чалавеку пабудаваць нялёгка. Вось гэта будаўнік дык будаўнік!
Працуючы над складанымі пабудовамі і ўмела рэгулюючы ўзровень вады, бабёр кіруецца ў сваёй працы не розумам, а прыроджаным інстынктам. Маладыя бабры, якія выраслі ў няволі і былі потым выпушчаны ў раку, адразу пачынаюць будаваць сабе дом, рыць каналы і ўзводзіць плаціны з не меншым майстэрствам, чым старыя, вопытныя бабры. Між тым, выхаваныя ў няволі, яны ж не мелі магчымасці пераняць вопыт сваіх старэйшых сяброў. Ніхто не вучыў іх, як трэба валіць дрэвы, як умацоўваць хатку, як трымаць ваду на патрэбным узроўні. Ніхто не вучыў іх будаўнічаму майстэрству. Яно перайшло да бабра ў спадчыну ад незлічоных пакаленняў продкаў – нястомных рачных будаўнікоў.
Надта ж разумны гэты звярок. Нашы людзі бабра паважаюць і стараюцца не крыўдзіць гэтага шчырага працаўніка і выдатнага майстра.
(459 слоў)
Паводле В. Вольскага.
Похожие статьи:
Віталь Вольскі → Віталь Вольскі - Несцерка