Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



А дзед быў прыгожы

   Без шапкі, у шэрай, як ралля, расхрыстанай на сухіх, загарэлых грудзях кашулі. Упёршыся худымі і пругкімі, як смаляныя галіны, нагамі ў рабрыну вялікай лодкі, «кароль вугроў» паволі і няспынна разгойдваўся ўперад-назад, рытмічна ўзмахваючы цяжкімі вёсламі. З вельмі дакладнай і неабходнай для справы скупасцю заграбаў ён ціхую празрыстую ваду. Так лёгка і хораша, спраўна і спорна ідуць у пракосе сапраўдныя касцы. Белы маршчыністы лоб над загарэлымі скуламі шчодра акроплены потам. Сівыя валасы, хоць і прычасаныя перад ад’ездам у людзі, як толькі ён зняў кепку, зноў растрэсліся, прынялі свой звычайны, сціпла кучаравы беспарадак.
   Прыгожая была гэтая шэрая, вельмі жыццёвая, натуральная прастата, гэтая яшчэ ўсё не растрачаная сіла, якую і не высушылі, і не прыглушылі дзевяць дзясяткаў больш катаржных, чым радасных гадоў. Прыгожы быў позірк светла-блакітных вачэй пад густымі сівымі брывамі, вачэй адкрытых і чыстых, як само бясхмарнае неба, паўторанае ў крынічным люстры бяскрайняга возера. Прыгожы быў, урэшце, увесь гэты звычайны, будзённы малюнак: вялікая чорная лодка на вадзяной пустыні, у лодцы – шэры дзед і светленькая ўнучка, а за кармой, на буксіры, – доўгае сасновае бервяно і яшчэ даўжэйшы трохкутнік растрывожанай вады.
(181 слова)

(Я. Брыль)

 

Похожие статьи:

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Казкі дзеда Васіля

Уладзіслаў ГалубокУладзіслаў Галубок - Забытая хатка

Павел МіськоПавел Місько - Як дзеда дзялілі

Артур ВольскіАртур Вольскі - Дзіўны дзед

Васіль ЗуёнакВасіль Зуёнак - Ехаў дзед дадому...