Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Абмяркуем

   Частка I. Глеб і Алег пазнаёміліся ў гуртку «Польская мова». Сярод пераважна ціхмяных вучняў яны, бясспрэчна, вылучаліся: за іх партай заўсёды штосьці актыўна абмяркоўвалася. Часта гэтае абмеркаванне пераходзіла ў спрэчку...
   Гулялі мы тады ў «Адгадайку», ці, як вучні хутка перайначылі, у «Мозгаламайку» (каб новыя польскія словы запаміналіся лепш, іх пераклад я давала не адразу: спачатку называла часціну мовы, да якой адносіцца гэтае слова, рабіла падказкі наконт яго агульнага значэння, падбірала аднакаранёвыя словы, сінонімы з іншых моў – карацей, намагалася скіраваць думку гурткоўцаў у правільным рэчышчы. Сэнс слова, здабыты такім шляхам, надоўга запамінаўся). Дык вось… Ламаем мы так галаву над словам styczé («стЫчэнь»)…
   – Гэта ча́савы адрэзак на стыку, на памежжы, – раблю я падказку.
   – «Агонія», ці што? – пачынаюць «ламаць мазгі» гурткоўцы.
   – «Канец свету»!
   – «Апакаліпсіс»!
   – «Канікулы», мабыць.
   – Цяплей. Яшчэ раз: гэта абазначэнне менавіта часавага прамежку – і ён з года ў год паўтараецца. Дарэчы, у беларускім адпаведніку першыя два гукі супадаюць, – ізноў спрабую скараціць шлях да ісціны.
   – Месяц! Гэта нейкі месяц! – здагадваюцца некаторыя.
   Гурткоўцы пачынаюць нервавацца: адгадка блізка, і кожны хоча быць першым. Узнімаецца гармідар, усе імкнуцца выкрыкнуць – пакуль што пальцам у неба – сваю версію, абы-што – толькі б ніхто не апярэдзіў. Чуюцца назвы месяцаў па-руску.
   – Стоп. Беларускі месяц, які пачынаецца на «ст» – адзін. Атрымліваецца – без варыянтаў. Ну? – прыспешваю працэс.
   Нечаканая цішыня, толькі чуецца дробат Алегавых пальцаў па парце, ён круціцца то ўлева, то ўправа – наставіў вушы.
   Нарэшце Глеб не вытрымлівае і пакутліва расцягвае:
   – «Сту-у-удзень»... Па-руску – «январь». Па-польску «сты-чэнь» – першы, на стыку года, месяц.
(239 слоў)

   Частка II. Расчараваны, незадаволены гул хваляй пракаціўся па класе, і спужаныя вераб’і хмаркай разляцеліся з падаконняў.
   – Ну нашто такія выкрунтасы?! Ці не прасцей было б усе месяцы ва ўсіх мовах назваць аднолькава. Якая розніца? Вось рускія назвы – падобныя да англійскіх: ноябрь – November, сентябрь – September. А тут панавыдумлялі «студзеняў» розных. Гэта ж трэба, месяц стравай назваць – «заліўным». (Алег яўна не мог дараваць сваёй паразы.) І ўвогуле, – гарачыўся юнак, – даўно ўжо разумныя людзі прыдумалі эсперанта – штучную мову. Чаму б яго не зрабіць абавязковым школьным прадметам? Замест англійскіх, нямецкі-шмецкіх... І правілы там прасцейшыя, і карысць ад вывучэння такой мовы большая: можна было б смела ехаць у любую краіну – і там цябе абавязкова зразумеюць... – Алегавы разважанні набіралі ўсё больш глабальны маштаб.
   – І карміць усіх аднолькава, і апранаць пажадана – таксама, – іранічна працягнуў «лагічны ланцужок» Алегавых разважанняў яго сябар.
   – Чытаць аднолькавыя кніжкі, глядзець адны і тыя ж фільмы. І ўсім іх аднолькава любіць і хваліць... Каб прасцей, без спрэчак жылося. Так?
   Алег маўчаў. Глеб палічыў гэта за згоду.
   – Калі так, тады каб заўтра, Алег, ты прыйшоў апрануты так, як і я, каб валасы твае пасвятлелі і былі такія ж ускудлачаныя, як і ў мяне цяпер. Ага, і вочы хай будуць, як і мае, блакітныя.
   – Ну і прыйду! – злосна пагадзіўся Алег на штучнае капіраванне.
(205 слоў)

   Частка III. На наступных занятках усе толькі і рабілі, што цікавалі за дзвярыма, чакаючы Алега і яго абяцанага пераўвасаблення.
   Алег пазніўся. Пачалі без яго. На дошцы напісаны ўжо новы «незнаёмец» – oczywі́cіe (очывІсьце).
   – Шаноўныя, звяртаю вашу ўвагу: па-першае, гэта прыслоўе, па-другое, яно складаецца з двух слоў. Паспрабуйце знайсці іх і вылучыць – пасля прасцей будзе здагадацца пра сэнс цэлага слова, – стаўлю задачу гурткоўцам.
   – Очы-очы-очы... – пачынаецца «мазгавы штурм».
   – «Очы»! «Вочы»!
   – Правільна! А далей? – пытаюся.
   Тут ціхенька рыпнулі дзверы. Алег – такі ж, як і ўчора. Пашыбаваў за сваю апошнюю парту – далей ад цікаўных вачэй.
   – Дык а другая частка – пра што?
   – Што за «вісьце» такое?
   – Падказваю: другая частка – ад дзеяслова. І паўтару: усё слова цалкам – прыслоўе.
   – «Вісець»? «Вочы вісяць»? Не?..
   – «Вішчэць»? «Вочы вішчаць»? «Страшна»?
   – Паспрабуйце знайсці больш арганічны для «вачэй» адпаведнік, – раю я.
   – Ну, вочы бачаць…
   – А!!! «Від»! Рускае «видеть»!
   – Што за лухта. Няма такога прыслоўя, – бурчыць Алег.
   – «Очы-вісьце»... як рускае «оче-видно». Тое, што я добра бачу на ўласныя вочы!
   Усе азіраюцца на Глеба з зайздрасцю – ізноў першы здагадаўся.
   – А чаму ж ты, сябрук, не прыйшоў сёння, як учора абяцаў, у маім вобразе, га? – спытаўся раптам Глеб.
   – Чаму-чаму... Не хачу я быць, як ты! Я – асоба! У мяне свае звычкі, свае прынцыпы. Я сам па сабе, такі, як ёсць, непадобны да цябе – ну і што?! Можа, у гэтай непадобнасці і ёсць мая каштоўнасць?!
   Глеб спагадліва ўсміхнуўся.
   – Алежка, дружа, дык тое ж самае – і з мовамі...
   Гурткоўцы ажываюць, у іх узрушаным перашэпце разбіраю:
   «Oczywі́cіe» – «Очевидно?» – «Відавочна!»
(237 слоў)

(Н. Пахомчык)

 

Похожие статьи:

ММова мастацкай літаратуры

ННяўласна-простая мова

ВВершаваная мова

ЛЛітаратурная мова

ААўтарская мова