Узвёў позірк угору, убачыў бясшумнае дубовае лісце, а праз яго – блакітныя бяздонныя яміны неба. Усюды была цішыня. Хоць бы хто крыкнуў, грукнуў, хоць бы рыпеў голлем дуб і рэзаў шчаку вецер. Была цішыня, а значыць, вяшчун казаў праўду. Княжыч абыякава, ужо не са злосцю, паглядзеў на яго і пайшоў ад святога дуба. Адпусціўшы халопа Найдзёна ў Новагародак, сеў на каня, павольна паехаў, а куды – сам не ведаў. У нейкую асінавую гушчэчу, у змрок ельнікаў, дзе ўсё заткана бледна-зялёнай заечай капустай. Там ляжалі агромністыя спарахнелыя дрэвы. Некаторыя, паваленыя калісьці бурай, віселі на плячах у сваіх суседзяў, не змогшы ўпасці на зямлю. Не адзін сонцаварот, згінаючыся, крэкчучы ад напругі, стаяць дрэвы. Конь, палахліва сапучы, правёз Далібора пад імі, прашыўся праз гусцеж нізкарослых бярозак, убіўся ў прыбалатак, падышоў да балота. Княжыч, як сонны, злез з каня, стаўшы ў цёмна-рудую халаднаватую ваду. І зноў наўкола ўсё замерла ў спякоце. Навокал была цішыня.
(148 слоў)
Паводле Л. Дайнекі
Похожие статьи:
Анатоль Вярцінскі → Анатоль Вярцінскі - Тры цішыні
Казімір Камейша → Казімір Камейша - Цішыня
Пераказы → Цішыня (Паводле I. Пташнікава)
Пераказы → Чароўная асенняя пара