Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Язэп Драздовіч

Фатаграфія Язэпа Драздовіча   Язэп Драздовіч... Гэтае імя сёння ведаюць калі і не ўсе, дык многія людзі на Беларусі. За апошнія дзесяцігоддзі з'явілася шмат друкаваных матэрыялаў аб яго незвычайнай асобе, захапляючым таленце, беспрытульным жыцці, аб яго штодзённых пошуках працы, хлеба і ісціны.
   Язэп Драздовіч быў мастаком – графікам і жывапісцам, разьбяром па дрэве, археолагам, паэтам, пісьменнікам, лінгвістам, педагогам, публіцыстам, даследчыкам геалогіі, гісторыі, архітэктуры, фальклору і этнаграфіі роднага краю, аўтарам незвычайных выяўленчых і літаратурных утопій, але найперш – патрыётам, бо ўся шматгранная дзейнасць вялася дзеля перамогі ідэі нацыянальнага адраджэння.
   Творчае жыццё Язэпа Драздовіча не варта дзяліць на занятак мастацтвам, літаратурай, археалогіяй, фальклорам. У дзейнасці творцы адно арганічна перарастала ў другое: роздумы пераходзілі ў фарбы, фарбы пераліваліся ў словы герояў кніг, а самі літаратурныя героі ператвараліся ў той ідэальны тып чалавека, якога мастак адшукваў для беларусаў у незлічоных пешых вандроўках.
   Нарадзіўся Язэп Нарцызавіч Драздовіч 13 кастрычніка 1888 г. у засценку Пунькі (былая Віленская губерня, цяпер Глыбоцкі раён) у збяднелай шляхецкай сям'і. Сям'я Язэпа, у якой акрамя яго было пяцёра дзяцей, рана згубіла бацьку і была вымушана змяніць нямала месцаў жыхарства, арандуючы чужую зямлю. З малку абудзілася ў Язэпа любоў да роднага краю, да яго краявідаў. Цікавілі малога хлапчука і розныя рамёствы. Вучобу Язэп пачаў у Дзісенскай гімназіі, а ў 1906 г. пераехаў у Вільню, дзе паступіў у мастацкую школу вядомага расійскага жывапісца Івана Трутнева. Тут будучы мастак атрымаў азы прафесійнай граматы і прайшоў школу акадэмічнага малявання і майстэрства. Усяго чатыры гады навучання – гэта ўся "акадэмія" Язэпа Драздовіча. У далейшым яго настаўнікамі стануць прырода, прага да пазнання і ў значнай ступені - інтуіцыя.
   Вялікую ролю ў станаўленні асобы Драздовіча як мастака, грамадзяніна і культурнага дзеяча адыграла Вільня са сваёй культурай, са сваёй гістарычнай памяццю. Творчае станаўленне Язэпа Драздовіча адбывалася пад вялікім уплывам набіраючага ход беларускага нацыянальнага адраджэння. Менавіта ў гэты Віленскі перыяд Драздовіч робіць свае першыя крокі ў мастацтве: стварае серыю графічных работ з краявідамі роднай Дзісеншчыны, афармляе вокладку "Беларускага каляндара на 1910 год".
   У канцы 1910 года Язэп Драздовіч быў прызваны ў армію. Пасля двух гадоў службы ў Саратаве ён скончыў курсы фельчараў і пачаў працаваць у амбулаторыі. Вайсковым фельчарам прайшоў Драздовіч цяжкія дарогі першай сусветнай вайны. Язэп і ў гады ваенных нягодаў і клопатаў заўсёды ўлучаў хвілінку для творчасці, для самаадукацыі. 1915-1916 гадамі пазначаны многія графічныя творы мастака: "Пунькі", "Гараватка", "Стары вадаспуск", "Стадолішча", "Над Дзісёнкай" і інш.
   Пасля звальнення з арміі некаторы час жыў у родных на Дзісеншчыне ў фальварку Лявонаўка каля в. Германавічы. У 1919г. пераязджае ў Мінск.    Працуе там настаўнікам малявання ў беларускай вышэйшай жаночай школе, мастаком-дэкаратарам у Беларускім дзяржаўным тэатры, супрацоўнічае з літаратурнымі выдавецтвамі як ілюстратар. Па-мастацку ўдала вырашае Язэп Драздовіч гістарычную тэму ў сваіх графічных і жывапісных творах, якія з'яўляюцца адначасова і вынікам археалагічных даследаванняў, якія ён пачаў праводзіць у 1919г. на беразе р. Нямігі ў Мінску. Мастак звяртаецца да гісторыі Полацкага княства. Асаблівую каштоўнасць маюць партрэты полацкіх і смаленскіх князёў: "Князь Рагвалод – дзед князёў полацкіх", "Князь Усяслаў Чарадзей", "Князь Брачыслаў".
   Археалагічныя раскопкі і даследчая праца Язэпа Драздовіча ў Заслаўі (1919-1920) натхнілі яго на стварэнне гістарычнай серыі партрэтаў дзеячаў Беларусі. Да яе належаць, акрамя партрэтаў полацкіх князёў, графічныя партрэты вялікіх князёў літоўскіх Гедзіміна і Вітаўта, вялікага гетмана Канстанціна Астрожскага, пісьменнікаў: Адама Міцкевіча, Уладзслава Сыракомлі, Францішка Багушэвіча, Алаізы Пашкевіч, Янкі Купалы, а таксама партрэты асветнікаў і грамадскіх дзеячаў: Францішка Скарыны, Мілеція Сматрыцкага, Язэпа Варонкі. Гэтыя партрэты захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі.
   Пасля падпісання ў 1920г. Рыжскай дамовы, паводле якой Заходняя Беларусь апынулася ў межах Польшчы, Язэп Драздовіч пакінуў Савецкую Беларусь і вярнуўся на родную Дзісеншчыну да хворай маці. Ён імкнецца шукаць новыя шляхі для творчай працы. Пачынае пісаць гістарычны раман пра часы Полацкага княства "Гарадольская пушча", які аздабляе ўласнымі ілюстрацыямі. Але раман застаўся незавершаным. У 1923 г. у Вільні была выдадзена (пад псеўданімам Я. Нарцызаў) першая частка аповесці "Вялікая шышка", у якой расказваецца пра жыццё маладых мастакоў. Другая частка, "На Гапонавым млыне", засталася незавершанай.
   На пачатку 1920-х гг. Язэп Драздовіч спрабуе стварыць на радзіме беларускія школы, але абставіны складваюцца так, што ён вымушаны шукаць сабе працу ў іншых месцах. Пачынаюцца яго частыя вандроўкі па Беларусі. Ён працуе выкладчыкам малявання ў Глыбоцкай польскай школе, у Радашковіцкай і Навагрудскай беларускіх гімназіях. У канцы 1920-х гадоў, падчас вандровак па Заходняй Беларусі, мастак стварае сотні малюнкаў, прысвечаных помнікам старажытнага дойлідства Навагрудка, Вільні, Крэва, Глыбокага і іншых месцаў. Яго замалёўкі гарадзішчаў, курганаў, замкаў і храмаў, гумнаў і хат і на сёння з'яўляюцца гістарычнай крыніцай для даследчыкаў і этнографаў.
   Вынікамі вандровак па гістарычных мясцінах сталі серыі графічных альбомаў: "Навагрудак і навагрудцы", "Крэва", "Ліда", "Гальшаны", "Мір", "Глыбокае" і інш. Гэтыя альбомы даюць нам магчымасць заглянуць у глыбіню нашай гісторыі, убачыць тую веліч абарончых збудаванняў, якімі мы можам ганарыцца. У час шматлікіх вандровак па Піншчыне і Дзісеншчыне Язэп Драздовіч сабраў вялікі этнаграфічны і лінгвістычны матэрыял для Беларускага этнаграфічнага слоўніка.
   На працягу жыцця Язэпам Драздовічам праведзена вялікая археалагічная праца. Пачаўшы з раскопак на беразе р. Нямігі, ён працягваў пошукі ў курганах Дзісеншчыны і каля Заслаўя, на замчышчах Навагрудка, Крэва, у мястэчку Свір. Вынікі сваёй археалагічнай працы ён занатоўваў у форме чарцяжоў замчышчаў, замалёвак знойдзеных рэчаў. Калекцыі каменных сякер, крамянёвых і жалезных наканечнікаў стрэл, рэшткі кафлі ён перадаваў у Беларускі музей у Вільні, у іншыя краязнаўчыя музеі, дасылаў свае матэрыялы ў Інстытут беларускай культуры ў Мінску. Сабраныя і запісаныя ім матэрыялы пад назвай "Дзісенская дагістарычная даўніна"(1937г.) дапамаглі археолагам выявіць невядомыя старажытныя паселішчы ў гэтым раёне.
   Пачатак 30-х гадоў быў цяжкім для мастака. Тры гады ён быў без працы. Не маючы фактычна сталага кута, Язэп Драздовіч вандруе па родных мясцінах. У гэты час стварае прыгожыя насценныя дываны. Ён хадзіў ад хаты да хаты, ад вёскі да вёскі, ад мястэчка да мястэчка і распісваў так званыя "дываны-маляванкі", за што ўдзячныя гаспадары, таксама не багацеі, а часцей звычайныя сяляне, давалі начлег і "кавалак хлеба". Гэтыя маляваныя дываны і сёння можна напаткаць на сценах вясковых хат у Глыбоцкім і Шаркаўшчынскім раёнах, а таксама ў тутэйшых музеях: гісторыка-этнаграфічным у Глыбокім і культуры і быту ў аграгарадку Германавічы на Шаркаўшчыне. Пра сваю горкую вандроўніцкую долю мастак напіша:

Я па свеце хаджу
Ды чужыя куты ўкрашаю.
Я і свой бы куток разукрасіў,
Ды на жаль, свайго куту не маю.


   Падчас вандровак па роднай Дзісеншчыне Язэп Драздовіч сабраў шмат народных песень і склаў зборнік "Песні Дзісеншчыны".
   Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР Язэп Драздовіч вучыўся на кароткатэрміновых настаўніцкіх курсах, затым працаваў настаўнікам малявання і батанікі ў Глыбокім і Лужках.
   Не абмінуў Язэп Драздовіч у сваёй творчасці і скарынаўскую тэму. Вобраз беларускага асветніка захапіў мастака яшчэ ў 1926 г., калі ён напісаў партрэт Ф. Скарыны для Радашковіцкай гімназіі. Падчас другой сусветнай вайны і пасля яе мастак працягваў працаваць над гэтай тэмай. Вынікам яго працы стала серыя жывапісных карцін: "Францыск Скарына. Развітанне з родным Полацкам, або У свет па навуку", "Са свету з навукай", "Друкарня Францішка Скарыны ў Вільні ў 1525 годзе".
   Як скульптар, Язэп  Драздовіч стварыў бюсты Францыска Скарыны, тэматычны твор "Плач Гарыславы", барэльефы Арнольда Грыневіча, Міхася Машары, Янкі Пачопкі, а таксама сваёй маці.
   Пяру Язэпа Драздовіча належыць гістарычная паэма "Трызна мінуўшчыны" (1936). Падзеі ў паэме адбываюцца на Беларусі на працягу VI - пачатку ХХ стст. і адлюстроўваюць гістарычную карціну нараджэння і заняпаду незалежнасці беларускай дзяржавы. Якімі ўзвышанымі і насычанымі словамі пачынае пясняр свае "песні аб Беларусі":

 

Старана мая старадаўная,
Ты была для нас калісьць слаўная,
У сям'і славянаў дастойная,
Незалежная, самастойная,
Ні пагорджаная, ні пакутная,
А свабодная, ды магутная.
Сілай сільная, правам праўная,
Духам крэпкая, старадаўная…


   Прароцкімі словамі, насычанымі мудрасцю часоў, гучаць яго словы ў канцы паэмы:

 

Беларусь змаглі не паходамі,
Ды баяр яе падыходамі,
Ні мячом вайны, ні падзеямі,
А магнацкімі прывілеямі…


   Адна з самых цікавых старонак творчасці Язэпа Драздовіча – яго астранамічныя даследаванні і мастацкія пошукі ў касмічнай тэматыцы. Ён па праву лічыцца пачынальнікам касмічнай тэмы ў беларускім выяўленчым мастацтве. Ім створана серыя карцін: "Жыццё на Марсе" (1931г.), "Жыццё на Сатурне" і "Жыццё на Месяцы" (1932г.), "Космас" (1940г.). Больш за 60 графічных і жывапісных карцін на касмічную тэму стварыў мастак на працягу жыцця. Арыгінальнае ўяўленне мастака дазволіла яму зазірнуць у далёкі і невядомы, загадкавы, таямнічы свет, стварыць сваю структуру і форму незямнога жыцця.
   Вельмі ўважлівага падыходу патрабуюць касмалагічныя працы Язэпа Драздовіча. Да сённяшняга дня гэтыя працы (іх налічваецца каля дзесяці) застаюцца па-за ўвагай беларускіх навукоўцаў. У 1931 г. у Вільні была выдадзена навукова-папулярная кніга па астраноміі "Нябесныя бегі". У ёй аўтар разглядае тэорыі прыцяжэння паміж нябеснымі целамі, дае схематычныя малюнкі пра стан Сонца, планеты Сатурн, разглядае магчымасць жыцця на Сатурне. Таксама Язэп Драздовіч падрыхтаваў працу "Тэорыя паходжання планет Сонечнай сістэмы і іхняга самавярчэння", якую даслаў у Акадэмію навук БССР. Свае гіпотэзы па касмалогіі мастак збіраўся выдаць у кнізе "Тэорыя рухаў у касмалагічным значэнні" (1949г.), дзе выклаў 16 "навін па небазнаўству". Але мара Язэпа Драздовіча пра выданне сваёй кнігі не здзейснілася. Мастака не пакідала вера, што чалавек ступіць на бліжэйшыя ад Зямлі планеты, убачыць краявіды, падказаныя мастаку фантазіяй і намаляваныя ім.
   На жаль, Язэп Нарцызавіч не дажыў да пачатку касмічнай эры. Мучыла застарэлая язва, набытая ў вандроўках. Цяжка хварэў і на вочы. Гэта перашкаджала займацца жывапісам, чытаць. Памёр Язэп Драздовіч у 1954г., за тры гады да запуску першага штучнага спадарожніка Зямлі, за сем гадоў да палёту ў космас першага чалавека. Пахаваны на могілках каля в. Ліпляны Глыбоцкага раёна. На яго магіле ў 1982 годзе пастаўлена стэла з барэльефам мастака (скульптар А. Шатэрнік). У Мінску, на вуліцы М. Багдановіча, каля кнігарні "Вянок", пабудаваны яму помнік (скульптар І. Голубеў). Яго імем названы Германавіцкі музей мастацтва і этнаграфіі.
   Дзейнасць Язэпа Драздовіча – яскравы прыклад служэння нашай Бацькаўшчыне, яго творы – крыніца натхнення для роздуму пра сэнс жыцця, пра будучыню чалавецтва. Язэп Драздовіч на некалькі пакаленняў апярэдзіў свой час, ён у меру сваіх сіл тварыў і распрацоўваў новую грамадскую – планетарную - філасофію чалавецтва, філасофію, якая грунтавалася б на любові і веры ў неабмежаваныя магчымасці людзей. Ён быў чалавекам, якому заўсёды былі ўласцівы думкі пра гармонію Сусвету, творцам, які быў упэўнены, што яго "яшчэ пашукаюць".

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыПадарожнік па Сусвеце

Пераказы, дыктантыЯзэп Драздовіч