Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Максім Лужанін

Фатаграфія Максіма Лужаніна   Максім Лужанін (сапраўднае імя Каратай Аляксандр Амвросьевіч) нарадзіўся 20-га кастрычніка (2-га лістапада) 1909 г. у сялянскай сям’і ў вёсцы Прусы Слуцкага павету Мінскай губерні (цяпер Салігорскі раён Мінскай вобласці).
   Дзед будучага паэта меў тры дзесяціны зямлі, з якіх чатыры сыны з сем’ямі пракарміцца не маглі. Пакінуўшы родную вёску Нянькава на Навагрудчыне, бацька пісьменніка Каратай Амвросій Сямёнавіч (1866-1931), у пошуках заробку апынуўся на Случчыне, дзе скончыў пачатковую школу, выпрацаваў даволі добры почырк, кожную вольную хвіліну браўся за чытанне. Максім Лужанін рана навучыўся чытаць. Свет роднай мовы адкрыла будучаму паэту кніга Я. Купалы «Шляхам жыцця». Першая імперыялістычная вайна, з якой не вярнуўся старэйшы брат, грамадзянская вайна, Кастрычніцкая рэвалюцыя – усе гэтыя падзеі, сведкам якіх з’яўляўся будучы паэт, пакінулі глыбокі след у яго душы. Як свята, запомніўся першы ўрок беларускай мовы ў групе працоўнай школы першай ступені. Закончыў сямігодку ў Чырвонай Слабадзе і паступіў у Мінскі белпедтэхнікум (1924). На гэты час меў ужо цэлы сшытак вершаў і адчуваў сябе «паэтам». Сярод аднакурснікаў былі Пятро Глебка, Сяргей Дарожны, Віктар Казлоўскі. Група сяброў каля дзесяці чалавек, усе, хто спрабаваў пісаць, сталі ўзорнай студыяй «Маладняка», якой кіраваў Міхась Зарэцкі. Вясной 1925 М. Лужанін быў прыняты кандыдатам у літаб’яднанне «Маладняк». У 1928-1930 М. Лужанін вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні ў БДУ. Потым працаваў сакратаром у рэдакцыі часопіса «Узвышша» (1931), рэдактарам на Беларускім радыё (1931-1933). 10 жніўня 1933 г. незаконна асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі (пакаранне адбываў у Марыінску Кемераўскай вобласці, рэабілітаваны ў 1956). У 1935-1941 рэдактар-арганізатар Галоўнай рэдакцыі літаратуры па машынабудаванню ў Маскве. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны (жнівень 1941) прызваны ў Савецкую Армію. Скончыў Падольскае пяхотнае вучылішча (1942), удзельнічаў у баях пад Сталінградам. Пасля дэмабілізацыі (1944) загадваў аддзелам культуры ў рэдакцыі газеты «Звязда», працаваў адказным сакратаром рэдакцыі часопіса «Вожык», рэферэнтам у АН БССР. 3 1959 член сцэнарнай калегіі, у 1967-1972 галоўны рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». Як член дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XXІІІ сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1968). Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР у 1967-1985.  Член СП Беларусі з 1943. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1969). Заслужаны дзеяч культуры Польскай Народнай Рэспублікі (1975). Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Я. Коласа (1965; за кнігу «Колас расказвае пра сябе»). Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны 2-й ступені, Дружбы народаў, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак пашаны», медалямі, Ганаровымі Граматамі Вярхоўных Саветаў БССР, Малдаўскай і Літоўскай ССР.
   Першы верш М. Лужаніна «Звоніць восень» надрукаваны ў 1925 у часопісе «Чырвоны сцяг». Першая кніга вершаў «Крокі» выйшла ў 1928. Дзясяткі вершаваных зборнікаў, паэмы «Галасы гарадоў», «Як нараджаўся новы свет», «Лявоніха», успаміны, партрэты, нарысы, эсэ, крытычныя артыкулы, аповесці і апавяданні, сатырычныя і гумарыстычныя творы, вершы для дзяцей сведчаць аб нястомнай працы пісьменніка, шырокім дыяпазоне яго таленту, актыўнасці грамадзянскай пазіцыі. Для яго ранняй творчасці характэрны эмацыянальнае, рамантычна-ўзнёслае светаўспрыманне, услаўленне Радзімы, працы, гераізму народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Пасталенне паэтычнага мыслення, пашырэнне інтэрнацыянальнага кругагляду і ўдасканаленне вершаванага радка асабліва адчуваюцца ў паэзіі канца 50-х гадоў («Прасторы»). Спалучэннем грамадзянска-публіцыстычнага гучання і асабістага перажывання вызначаюцца кнігі вершаў: «Росы на коласе», «Прага крыла», «Галасы пад выраем», «Паразмаўляй са мной, зямля» і інш. Высокія маральна-этычныя прынцыпы ўзаемаадносін паміж людзьмі, патрыятычныя пачуцці, усведамленне сваёй чалавечай годнасці, схільнасць да гумару, прыроджаная дасціпнасць беларускіх вяскоўцаў апаэтызаваны ў яго кнігах «Дванаццаць вячорных вогнішчаў» і «Людзі, птушкі, прастор». На іх старонках ажываюць вобразы выдатных людзей свайго часу, прыгадваюцца сустрэчы з К. Чорным, С. Дарожным, В. Казлоўскім, В. Харужай і інш. Уражанні ад паездкі ў Амерыку падаюцца ў кнізе «Рэпартаж з рубцом на сэрцы». Перакладаў з рускай, польскай, украінскай і іншых моў. Аўтар сцэнарыяў мастацкіх фільмаў «Паўлінка» (па аднайменнай п’есе Я. Купалы), «Першыя выпрабаванні» і «Запомнім гэты дзень» (разам з А. Куляшовым). М. Лужаніну прысвечаны дакументальны фільм «Незавершаная хата» (1992).
   Памёр у ноч на 13 кастрычніка 2001 г. у Мінску. Пісьменнік не дажыў 3 тыдні да свайго 92-годдзя. Быў пахаваны на могілках вёскі Паперня Мінскага раёну, поруч з магілай Яўгеніі Пфляўмбаўм.

Л. М. Гарэлік.

Крыніца: Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 4. Лазарук – Перкін / Інстытут літаратуры імя Я. Купалы АН Рэспублікі Беларусь; Пад рэдакцыяй А. В. Мальдзіса; Рэдкалегія: І. Э. Багдановіч і інш. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1994. – 524 с.

 

Похожие статьи:

Максім ЛужанінМаксім Лужанін - Смутная радасць

Максім ЛужанінМаксім Лужанін - Чарнобыльскі вецер

Максім ЛужанінМаксім Лужанін - Добры хлопец Дзік

Максім ЛужанінМаксім Лужанін - Беларускаму народу

Максім ЛужанінМаксім Лужанін - Снег – трэці дзень...