Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Васіль Хомчанка

Фатаграфія Васіля ХомчанкіХомчанка Васіль Фёдаравіч (12.01.1919, в. Канічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці – 04.11.1992, Мінск; пахаваны на Паўночных могілках) – празаік. Член СП Беларусі з 1960. Пісаў на беларускай і рускай мовах.

   Васіль Фёдаравіч Хомчанка нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1935 скончыў сямігодку ў мястэчку Бялынкавічы Касцюковіцкага раёна. Ужо ў школе выявілася яго цяга да паэтычнай творчасці. У 1934 у газеце «Піянер Беларусі» надрукаваны першы верш Васіля Хомчанкі «Будзем мы пілотамі», у 1937, у часопісе «Іскры Ільіча» – невялікае апавяданне «Партызан Максім». Пасля сямігодкі паступіў у Мінскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум, вучыўся на рабфаку пры БДУ (1936-1937). У 1937, у час вучобы на 4-м курсе БДУ, быў беспадстаўна рэпрэсіраваны і асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Ніжне-Амурскім лагеры: будаваў чыгунку, пілаваў лес. Пасля вызвалення з лагера з 1941 у Чырвонай Арміі. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, добраахвотнікам пайшоў на фронт. Вучыўся ў Буйнакскім ваенна-пяхотным вучылішчы (1944), быў камандзірам мінамётнага ўзвода. Прайшоў у складзе сваёй часці Румынію, Венгрыю, Югаславію. Вайну скончыў у Аўстрыі. Утаіўшы судзімасць, у 1947 паступіў, у 1951 скончыў Ваенна-юрыдычную акадэмію ў Маскве. У арміі да снежня 1968. Рэабілітаваны ў 1969. Працаваў загадчыкам рэдакцыі прозы выдавецтва «Мастацкая літаратура» (1972-1985). З    1985 на творчай рабоце.
   Быў членам Рады СП Беларусі (з 1990), узначальваў у ёй камісію па вяртанню спадчыны рэпрэсіраваных пісьменнікаў.
   Узнагароджаны 2 ордэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
   Да літаратурнай творчасці В. Хомчанка вярнуўся ў 1954, калі апублікаваў ва ўладзімірскім літаратурным альманаху апавяданне «Анісаў бор». Першыя апавяданні пісаў на рускай мове. Ва Уладзіміры пабачылі свет зборнікі яго апавяданняў «Куды знік грыб», «Скаўронак», «Апавяданні». У Мінску на беларускай мове выйшлі кнігі «Наша вячэра», «Рукавіцы генерала Даватара», «Аднойчы майскім днём», «Суседзі», «Верны рыцар», «Тваё чэснае слова», «Зімовы дождж», «Сустрэча з цудам», «Цёплая зямля», «Я ўжо вялікі», «Уначы пад сонцам». «Паклон», зборнікі гумарэсак і апавяданняў «Паляванне на львоў», «Лёгкая рука». Пісаў пераважна для дзяцей і юнацтва. У займальнай і даступнай форме пісьменнік расказваў пра самыя разнастайныя з’явы жыцця, прыроды, падзеі вайны, выхоўваючы ў чытачоў любоў і павагу да роднай зямлі, Радзімы, айчыннай гісторыі, подзвігу бацькоў у Вялікай Айчыннай вайне. Кнігі «Чырвоны мак» і «Чырвоныя хвалі» прысвечаны рэвалюцыйнай тэме. Дарослым адрасаваны раман Васіля Хомчанкі «Вяртанне ў агонь», дзе ўпершыню ў беларускай прозе расказваецца пра подзвігі маракоў Паўночнага флоту ў Вялікай Айчыннай вайне. Жыццёваму і творчаму шляху паэта-дэмакрата Ф. Багушэвіча прысвечана аповесць «Пры апазнанні – затрымаць». Аўтар кнігі «Чэкістам стала вядома», сцэнарыяў мастацкага («Ветразі майго дзяцінства», Беларусьфільм, 1982) і тэлевізійнага («Незнаёмая песня», 1983) фільмаў. У апошнія гады свайго жыцця пачаў пісаць апавяданні, аповесці, у якіх раскрываў падзеі перыяду сталінскіх рэпрэсій (кніга «Цар – зэк Сямён Івашкін»). Пераклаў на беларускую мову казку Р. Кіплінга «Чаму ў слоніка доўгі нос», апавяданні латышскіх і літоўскіх пісьменнікаў. Творы В. Хомчанкі перакладаліся на літоўскую, рускую, украінскую і інш. мовы.


Л. С. Савік.

Крыніца: Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 6. Талалай – Яфімаў / Інстытут літаратуры імя Я. Купалы АН Рэспублікі Беларусь; Беларуская Энцыклапедыя; Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны. Пад рэдакцыяй А. В. Мальдзіса; Рэдкалегія: І. Э. Багдановіч і інш. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1995. – 684 с.

Похожие статьи:

Васіль ХомчанкаВасіль Хомчанка - Янкава рукавічка

Васіль ХомчанкаВасіль Хомчанка - Звон пад зямлёй

Васіль ХомчанкаВасіль Хомчанка - Білеты у цырк

Васіль ХомчанкаВасіль Хомчанка - Яблык

Васіль ХомчанкаВасіль Хомчанка - Дзве Дашы