Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Эдвард Macальскі

(1799-1879)


   Пісьменнік і публіцыст Эдвард Тамаш Масальскі нарадзіўся ў вёсцы Рудаўка пад Нясвіжам у сям’і былога маёра польскай вайсковай брыгады і пісара земскага суда Ануфрыя Масальскага. Пачатковую адукацыю атрымаў дома. Потым вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Магілёве і ў Полацкай акадэміі. У 1820 г. паступіў на аддзяленне маральных і палітычных навук Віленскага ўніверсітэта. Там дэбютаваў і як паэт у «Віленскім штотыднёвіку». Належаў да тайнага студэнцкага таварыства філарэтаў, якое ставіла сваёй задачай глыбокае авалоданне асновамі навук, пашырэнне асветы сярод насельніцтва, развіццё высокай маральнасці і нацыянальнай самасвядомасці грамадзян, выступала з патрабаваннямі сацыяльных перамен і адраджэння грамадства. У 1823 г. разам з іншымі членамі таварыства быў арыштаваны. Пасля вымушанага перапынку ў вучобе атрымаў ступень магістра права і філасофіі. З 1832 г. жыў у Пецярбургу, служыў у Міністэрстве фінансаў, рэдагаваў сатырычны часопіс «Баламут». Быў кіраўніком спраў Любамірскіх на Валыні. З 1853 г. жыў у Варшаве, дзе працаваў у Галоўнай бібліятэцы.
   Першым творам Масальскага, які звярнуў на сябе ўвагу грамадскасці, быў дыдактычны раман «Пан Падстоліч, або Чым з’яўляемся мы і чым быць можам», які ў 1831-1833 гг. быў надрукаваны ў Вільні і Пецярбургу (адначасова выйшаў на рускай мове ў перакладзе Р. Гаеўскага). У гэтым творы Эдвард Масальскі ўзняў актуальныя праблемы эканамічнага і палітычнага жыцця краіны, выказаў шэраг каштоўных рэкамендацый па ўдасканаленні практыкі гаспадарання і кіравання. У трох першых частках твора ён раскрыў працэс распаду «паньшчызны» ў Беларусі, паказаў цяжкае сацыяльнае становішча сялянства, вынішчэнне маёнткаў шляхты, заняпад рамёстваў і гандлю ў гарадах. У двух апошніх частках стварыў вобраз ідэальнага пана, паказаў узоры рацыянальнай арганізацыі працы і жыцця ў маёнтку Падстоліча. Масальскі з’яўляецца таксама аўтарам прац «Пра славянскія скарбы» (1853), «Звычаі пінчукоў і беларусаў» (не апублікаваны), «Граматыка польскай мовы» (1858), артыкулаў па эканоміцы сельскай гаспадаркі, мемуараў пра сваё знаходжанне на Беларусі (часткова апублікаваны Г. Масціцкім у кнізе «З філарэцкага свету». Вільня, 1924).


Паводле кнігі «Асветнікі зямлі Беларускай»