Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г.

   Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г. — гэта першы летапісны звод, створаны ў ВКЛ. Ён вядомы ў чатырох спісках і дзвюх рэдакцыях. Назва першай — «Выбраныя летапісанні, выкладзеныя коратка» — выдатна выяўляе сутнасць твора (кароткая выбарка з летапісаў і храналагічная панарама падзей ад «пачатку Русі» да 1446 г. уключна) і тэндэнцыю яго аўтара. Так, да прыкладу, з матэрыялаў XII-XIII стст. летапісец захаваў толькі аповеды пра барацьбу ўсходніх славян супраць захопнікаў — татараў і крыжакоў. Затое максімальна поўна выкарыстаў беларускі летапісец усё тое, што сведчыла пра станаўленне і магутнасць BKЛ, выкінуўшы ці перапрацаваўшы тыя месцы, дзе давалася адмоўная характарыстыка літоўскім князям ці падзеі асвятляліся з недружалюбных у адносінах да гэтай дзяржавы пазіцый. Храністу ўласціва беглая, выключна інфармацыйная манера выкладу, сухая, амаль справавая мова.

   Часткай Беларуска-літоўскага летапісу 1446 г. з'яўляецца «Пахвала Вітаўту», напісаная ва ўрачыста-ўзвышаным, панегірычным стылі. Па змесце і жанры яна блізкая да «Пахвалы гетману Астрожскаму» (1514), але пераўзыходзіць апошнюю большай непасрэднасцю і шчырасцю выяўленага ў ёй пачуцця. Усё сваё майстэрства, талент і чалавечае захапленне аўтар выкарыстоўвае, каб годна ўславіць князя Вітаўта як мудрага і магутнага дзяржаўцу: «Якож бы мощно кому испытати высота небесная и глубина морская, тож бы мощно исповедати силу и храбрость того славного господаря». Аўтар расказвае пра велізарны палітычны ўплыў Вітаўта ў Еўропе, пра яго аўтарытэт на міжнароднай арэне. Уладары многіх дзяржаў «во велицей любви живуще» з ім, «крепко служаху ему», а таксама «честь велику и дары многи и дани прыношаху ему не токмо по вся лето, но и по вся дни».  

   Характар апрацоўкі і змест зробленых дадаткаў, мажорнасць і ўрачыстасць «Пахвалы Вітаўту» дае падставы меркаваць, што яна ўзнікла ў Смаленску яшчэ пры жыцці вялікага князя, хутчэй за ўсё ў 1430 г. і прымяркоўвалася да каранацыі Вітаўта.  

   Для нас жа гэты твор важны і тым, што ў ім у сціслай, канцэнтраванай форме выяўлена гістарычная канцэпцыя ўсяго Беларуска-літоўскага летапісу 1446 г.  

   Разглядаючы гісторыю сваёй дзяржавы як непарыўную, арганічную частку гісторыі ўсіх усходніх славян, беларускі летапісец рэалізаваў у гэтым творы ідэю гістарычнага адзінства літоўскіх, беларускіх, украінскіх і рускіх зямель, абгрунтаваў неабходнасць і заканамернасць іх палітычнага аб'яднання ў адной дзяржаве — Вялікім княстве Літоўскім.