Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Ян Баршчэўскі - Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
Выдавец «Шляхціца Завальні...» Рамуальд Падбярэскі назваў гэты твор фантазіяй аўтара, сатканай «на аснове нацыянальных колераў». Ён падкрэсліваў сувязь твора «з духам і паэзіяй народа, адкуль выйшлі і гісторыя, і літаратура, і мова».
Многія крытыкі і даследчыкі творчасці Яна Баршчэўскага настойліва даводзяць пра аналогію фантастычных апавяданняў з арабскімі народнымі казкамі «Тысяча і адна ноч». У прыватным лісце ксяндза Ігната Галаванскага да крытыка Міхала Грабоўскага гаворыцца: «А будзе гэта збор апавяданняў, накшталт «Тысячы і адной ночы», але з далёка лепшаю завязкаю, бо яна ўзята з рэчаіснасці». Спалучэнне рэальнага і фантастычнага, умоўнага — адметнасць «Шляхціца Завальні...» як рамантычнага твора.
Рамантызм — напрамак у літаратуры першай паловы XІX ст. Прынцыпы рамантызму вымагаюць ад пісьменніка звароту да гісторыі, фальклору, увагі да ўнутранага свету герояў — асобаў незвычайных, моцных, якія выпрабоўваюцца незвычайнымі, экстрэмальнымі і звышэкстрэмальнымі сітуацыямі выбару. Мэта пісьменнікаў-рамантыкаў не адлюстраванне рэчаіснасці, а выяўленне сваіх пачуццяў і адносін да яе.
Параўнанне «Шляхціца Завальні...» з арабскімі народнымі казкамі, безумоўна, робіць гонар аднаму з самых нацыянальных твораў бела-рускай літаратуры, бо арабскія народныя казкі лічацца найбольш дасканалымі ў мастацкіх адносінах. І ў творы Яна Баршчэўскага мастацкасць таксама дасягаецца ўвасабленнем нацыянальнага праз умоўнасці (найперш займальнасць і алегорыю) высокага ўзроўню. і ўсё ж сам Ян Баршчэўскі не менш настойліва падкрэсліваў адметнасць свайго твора ў параўнанні з такімі, хай сабе і шэдэўрамі, як «Іліяда» Гамера ці арабскія казкі. З захапленнем слухаючы грэчаскія міфы ў пераказе Янкі, усведамляючы і чэрпаючы асалоду ад іх умоўнасцей, шляхціц Завальня паўтараў некалькі разоў: «Хоць ён быў і паганін, ды якое шляхетнае пачуццё і любасць да бацькоў — ісці ў такое небяспечнае месца. Але якая ў іх дзіўная вера, у нас душачкі збавёныя ідуць у неба, а яны сабе прыдумалі нябеснае валадарства так глыбока над зямлёй. Дзіўная рэч!»
І арабскія казкі, і фантастычныя апавяданні Яна Баршчэўскага сталі сусветнымі шэдэўрамі, таму што яны — мастацкае ўвасабленне нацыянальнай веры, толькі першыя — ісламу, а другія — хрысціянскай.
«Шляхетны той чалавек, які, жывучы на гэтым свеце, слухае адно загады Божыя», — такі лейтматыў твора.
Усімі апавяданнямі пісьменнік сцвярджае закон вечнасці, што за ўсё давядзецца плаціць. За злачынствы, зухаватыя ўчынкі, пошукі заклятых скарбаў і лёгкага хлеба, хаўрус з нячысцікам — вялікая плата: загубленая душа і страта спакою. «Памучыў людзей — адкажа перад Богам». За дабро, «за дарункі зямныя набываем спакой сумлення і надзею на добрую будучыню», сцвярджае Ян Баршчэўскі. Бацька шляхціца Завальні, выпраўляючы яго некалі ў свет, наказваў зарабляць на кавалак хлеба, быць пачцівым, любіць бліжняга і жыць у згодзе з людзьмі, а як сустрэнуцца непрыемнасці — трываць, быць верным і працавітым: «Памятай заўсёды такую прыказку: як сабе пасцелеш — так і выспішся».
З усіх чалавечых заганаў «найбольш супярэчыць рэлігіі і агідная Богу — помста. Ёю не супакоіш пакуты». Не «око за око и зуб за зуб», а міласэрнасць, дабрыню, любоў сцвярджае і наша вера, і апавяданні Баршчэўскага. Таму яны такія гуманістычныя, у іх няма, як у арабскіх казках, жудасных сцэн катавання за здраду ці іншыя правіннасці. Грэшнік знікае, пра яго ніхто больш нічога не чуе. Выплакала ўсе вочы, бачачы пакуты і слёзы сваёй дачкі па мужу, чараўніца Арына (а чараўніцтва, паводле хрысціянскай рэлігіі, вялікі грэх) і «заручылася з зямлёй» («Зухаватыя ўчынкі»).
Не мнагажонствы і гарэмы, а манагамны шлюб, вернасць і цноту, любасць і згоду ў сям'і сцвярджаюць усе фантастычныя апавяданні.
«Добрая жонка — скарб найдаражэйшы, бо дзе ў хаце каханне і згода, там і благаслаўленне Божае». Адсюль і цнатлівасць, неэратычнасць апавяданняў. Чытач зачараваны ўзнёсласцю, чысцінёй, цнотай, з якімі Баршчэўскі апісвае хараство жанчыны як роўнай з мужчынам, а не як істоты ніжэйшага кшталту і рабыні свайго мужа-пана. Нельга не здзіўляцца з таго, як пісьменніку ўдаецца пазбягаць асуджэння (не судзі!) пры апісанні ганебных учынкаў сваіх герояў, асабліва гераінь: «нечакана зашумеў лес і вецер засвісцеў над полем. Аўрэля, гэтая лёгкая паветраная істота, як пяро, узляцела і хутка, так што нельга было яе стрымаць, падымалася ўсё вышэй і вышэй. І вось ужо ляціць над бярозавым гаем, муж глядзіць на яе, ламаючы рукі, і не ведае, што яму рабіць. Аўрэля ляціць разам з ветрам, нібы лёгкі матыль...» І Аўрэлю, што «была такою лёгкою і з ветрам паляцела», і Мальвіну, якая была пераканана, «што сэрца можно аддаць тому, да кого мімаволі цягнецца душа, але руку — толькі таму, хто золотом і пашанаю абяцае жыццёвы дабрабыт», аўтар не вінаваціць, а шчыра спачувае тым, на чыім жыццёвым шляху сустрэліся такія жанчыны.
Глыбока псіхалагічна і пераканальна паказвае пісьменнік не толькі тое, што цэментуе сям'ю, але і што яе нішчыць, разбурае: «Усчалася між імі спрэчка, і нечакана зашумеў лес і вецер засвісцеў над полем» («Шкаляр Люцэфуга»). Альберт у сваёй каханай, аб якой марыў і дзеля якой прадаў нячысціку душу, убачыў тысячу заганаў, і стала яна яму ўжо непрывабнай («Вогненныя духі»).
Зло невынішчальнае, яно вечнае і здольна «пладзіцца, як звяры, бо людская злосць яму добрая паша». І не толькі грэшнікі і злоснікі, праклёншчыкі і ненавіснікі, але і дзеці іх, той, хто народзіцца, будуць расплачвацца за іх грахі. «Але зло, якое яна [Белая Сарока] пакінула, распаўзлося па ўсім наваколлі». Сямён здолеў перамагчы вужа (Вужыная карона), але калі вярнуўся дахаты, «аж там безліч вужакаў, сыкаючы, паўзуць пад лаву і пад печ. ... Доўга яшчэ дакучалі вужы небараку Сямёну».
Усё мае свае вытокі. Рабы нараджаюць рабоў. Сын Буры таксама будзе Бурай, бо за грахі, за рабскую псіхалогію сваіх бацькоў адкажуць іх дзеці. «Мой бацька не разарваў жалезных кайданаў, якія колькі год упіваліся ў яго рукі і ногі. Несканчоныя слёзы і нараканні маці маёй, калі быў яшчэ ў яе ўлонні, паўплывалі на ўсю маю натуру. Я нарадзіўся з адзнакай няшчасця на чале» («Сын Буры»).
Арабскія народным казкі славяць зямныя багацці як атрыбут шаноўнага, самавітага чалавека. Нават больш, багацце — мэта жыцця, і для дасягнення яе ўсе сродкі добрыя. Стаўленне Яна Баршчэўскага да багацця неадназначнае. З аднаго боку, яно — тлен, марнасць марнасцяў. Яму супрацьпастаўлены іншыя каштоўнасці — здароўе, сумленная праца, спакой душы, каханне, сям'я... 3 другога боку, багацце, дабрабыт, заможнасць, здабытыя сумленнай працай, — адзін з элементаў шчасця. «Багаты чалавек можа шмат добрага зрабіць». Чалавек стане годным уладаром зямных скарбаў, калі навучыцца пазнаваць і любіць дабро. Пісьменнік нецярпімы да тых, хто гоніцца за багаццем «не дзеля таго, каб рабіць дабро бліжнім, а каб нічога не рабіць, або — што яшчэ горш — каб шкодзіць. Але што ж далей ?» На ўсё жыццё шляхціц Завальня засвоіў урок бацькі: «добры лес і ўладу над зямнымі скарбамі» — дзеля бліжніх сваіх.
Удумлівы чытач заўважыць, што пісьменнік нялітасцівы толькі да паноў, надзеленых уладай. Настойліва даводзіць ён, што прычына ўсіх людскіх няшчасцяў на гэтай чароўнай і багатай зямлі — хцівасць, зайздрасць, бяздушнасць уладароў, іх дурасць і прага раскошы.
Слушна даводзіць ён, што зло тым страшнейшае, чым большай уладай яно надзелена: «О! Калі б той пан Гугон (д'ябал) у сваім жыцці на гэтым свеце быў суддзёю, сакратаром або іншым якім чыноўнікам, дык што б рабілася?» A рабілася б тое, што апісана ў апавяданні «Кот Варгін»: «Гнеў яго быў страшны, жорстка і часта без усялякае віны караў..., апрыкраў жыхарам, выклікаючы іх на суд, ганарыўся знакамітасцю роду Дадэмухаў, апавядаў, як некалі раскашавалі яго продкі...» Плата за грахі і невыкананне «загадаў Божых» — вынішчэнне ўласнай душы, а кара — нябыт. Але што можа чалавек? Што залежыць ад яго? Якія яго магчымасці ў барацьбе са злом?
Похожие статьи:
Сучасная літаратура Беларусі → Сучасная паэзія Беларусі
Сучасная літаратура Беларусі → Сучасная літаратура Беларусі
Ян Баршчэўскі → Ян Баршчэўскі - Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях - Чытаць кнігу
Ян Баршчэўскі → Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях. Сэнс назвы твора
Ян Баршчэўскі → Ян Баршчэўскі - Цэнтральная праблема «Шляхціца Завальні...»