Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях. Сэнс назвы твора

   Шляхціц Завальня — скразны вобраз, ён «цэментуе» змест, праз яго пісьменнік здзяйсняе жанравую непаўторнасць твора. Шляхціц Завальня гасцінна сустракае ўсіх падарожных, вывешвае ліхтар на жэрдцы, ставіць свечку на падваконні, каб яны ў завіруху і дуйку не збіліся з дарогі, шчодра частуе, а за гэта яны расказваюць яму казкі, без якіх ён, як той цар Шахрыяр з арабскіх казак, заснуць не можа.  

   І ўсё ж, на першы погляд, загадкава, чаму яго іменем названы твор: ён толькі з асалодай слухае, а не прыдумвае і не расказвае, як Шахерызада.  

   Вядома ж, і не праз тое, што шляхціц Завальня ўвасабляе лепшыя нацыянальныя якасці беларускага народа: гасціннасць, мудрасць, клопат пра будучыню, любоў да роднай зямлі, набожнасць. Бо тыя ж самыя якасці не ў меншай меры ўвасабляюць многія іншыя героі твора: рыбак Родзька, пан Сівоха, сляпы Францішак. Пра Родзьку Завальня сказаў: «Люблю гэтага рыбака, пачцівы ён чалавек і працавіты. Пабудзеш на яго востраве — адразу відаць, што жыве там чалавек гаспадарлівы і дбайны. ... Шчаслівы чалавек. У яго там яшчэ не мінуўся залаты век».  

   І ўсё ж шляхціц Завальня валодае такой якасцю, што вылучае яго і ставіць вышэй над усімі носьбітамі дабра і мудрасці ў творы. Якасць гэтая - цікавасць да мінулага, усведамленне велічы і духоўнага багацця народа, выяўленых у казках, паданнях, песнях, прыказках і прымаўках. Завальня лепш за іншых усведамляе, што «шмат праўды ў гэтых народных паданнях», што «мінулае вучыць нас, як жыць сёння», што, жывучы на гэтым свеце, трэба слухаць «загады Божыя». І яго ўсведамленне — не ў словах (многія афарыстычныя выразы належаць нават не яму), а найперш у справах. Ён — мецэнат духоўнасці, ахоўнік тых, хто яшчэ збярог гэтыя скарбы народныя ў сваёй памяці і душы. Шляхціц Завальня «хранитель вечности», пасол вякоў і пакаленняў. Без такіх людзей парвецца повязь вякоў, і мы станем манкуртам!, а гэта так небяспечна! Пра гэта толькі і мараць «асташкаўцы», якія «запаланілі нашу прыгожую зямлю, прынеслі сюды свае брыдкія, бесчалавечныя звычкі і норавы, разбэсцілі сваімі непрыстойнымі песнямі нашу моладзь, павынішчалі багацце нашых лясоў і азёр...».  

   У кожнага народа і кожнага пакалення павінен быць свой шляхціц Завальня. Гэта — і Язэп Драздовіч, і летапісец Віцебшчыны A. Сапуноў, і М. Каспяровіч, і Вацлаў Ластоўскі, і Ф. М. Янкоўскі...

Похожие статьи:

Ян БаршчэўскіЯн Баршчэўскі - Цэнтральная праблема «Шляхціца Завальні...»

Ян БаршчэўскіЯн Баршчэўскі - Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях

Ян БаршчэўскіЯн Баршчэўскі - Назначэнне фантастычнага ў творах Яна Баршчэўскага. Адметнасць алегорыі

Ян БаршчэўскіЯн Баршчэўскі - Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях - Чытаць кнігу

Ян БаршчэўскіЯн Баршчэўскі пра ўваскрэсенне душы і перамогу чалавека над злом