Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Янка Сіпакоў - Шахматы
Руская балада. XIX стагоддзе
«Палац князёў» – астрожная вязніца.
I ўдзень тут свечка хліпкая гарыць,
I полымя пудліва мітусіцца,
Як сполахі няздзейсненай зары.
Прыціхла вёсачка малая пад гарою
З вялікай назвай навырост – Чыта.
Ад свету адгароджаная мроя
Завостранымі мачтамі плата.
– Ваш ход. Вы не забыліся, прабачце?
– Я? Што вы – помню. Ход і праўда мой...
– Хадзіць так нельга...
– Нельга? Хто там плача?
Што за дзіця ў турме?!
Хутчэй адпраў дамой!
На яго месцы закруціўся б кожны,
Як трэска на узвіраным плыву,
Каб катаржнікаў шаць яснавяльможных
Звалілася вось так на галаву.
Хаця астрожнікі адзеты не па модзе,
Ды князь – ёсць квязь:
памылішся здаля.
І камендант, здараецца, заходзіць
У шахматы з князямі пагуляць.
– Ваш ход, – кажу. – Чакаю зноў, васпане.
Ратуйце караля хутчэй свайго...
Звініць зланцужаны астрожнік у кайданні,
I камендант сапе каля яго.
Князя, князі... Не вопраткай – абліччам.
Дый камендант – не прыстаў станавы:
Як катаржнікаў, ён на «ты» іх кліча,
А як князёў – з пашанаю, на «вы».
А што ты зробіш!
Сувязі – то ж мара.
Уся сталіца ў іх руках амаль.
I родзічы шыкоўныя і зараз
З’язджаюцца хутчэй за ўсё на баль.
А што нам баль! I той вунь абадранец
На балях гэтакіх яшчэ нядаўна ззяў,
А зараз вуліцу мяце – таксама танец! –
I смецце носіць на падводу. Звяў.
Але ж, але ж... Нягледзячы на гэта,
Нягледзячы на снежаньскі зімовы гром,
Блішчаць на сваяках іх эпалеты.
А сем'і іх знаёмыя з царом.
Таму да дзекабрыстаў пасля працы
Заходзіць пагуляць як да сяброў,
Хоць ведае: гідліва атрасацца
Ён будзе потым доўга ад клапоў.
Клапы, клапы... Як церпяць іх князёўны,
Што на спатканні ходзяць у астрог,
Стамлёныя абразаю вандроўнай,
Пасля такіх даўгіх, як лёс, дарог?!
Ужо і дзеці ў цэлях, бач, галосяць –
Ахвяры неабдуманай любві.
Яны – адрынутыя. I ніхто не ўпросіць
Вярнуць яснавяльможнасць іх крыві.
I ўсё ж ён астанецца ў іх даверы –
Нашто яму вяртацца на раллю...
– Хадзіце. Пагражаюць афіцэры
Вашаму, зірніце, каралю.
Што гэта – дзёрзкасць?
Ці якія змены?
Ён жа адказвае за кожны іхні крок...
Няма акон – у цэлях толькі сцены,
Няма святла – між сценаў толькі змрок.
Што, далажыць аб дзёрзкасці начальству? –
Вам шах! Не дапаможа пешак раць.
Не, лепей з князем,
мусіць, не змагацца,
Не, лепей князю ўсё-такі прайграць.
Здаецца камендант.
I мару, нібы промнік,
Хавае ад сібірскіх лютых бур:
А можа, і князі яго успомняць,
Як вернуцца – хто знае? – ў Пецярбург.
«Палац князёў» – астрожная вязніца.
I ўдзень тут свечка хліпае, гарыць,
I полымя пудліва мітусіцца,
Як водбліскі няздзейсненай зары.
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Шахматы... з танцамі
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Перавернуты
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Як спакайней?