Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Нашы грошы
Спачатку ў беларусаў, як і ва ўсіх народаў свету, грошай не было. Іх ролю выконвалі тавары. Збожжа было грашыма, футра было грашыма, соль была грашыма.
Саляные грошы прыдумалі не мы — самыя першыя грошы з солі былі выпушчаны яшчэ ў Старажытным Рыме. Ад солі ўзнікла і назва італьянскай манеты «сольда». Ды і ў Кітаі, і ў Эфіопіі былі грошы з солі... Але ж яны і нашы, тыя сольнікі. Бо соль і для нас калісьці была на вагу золата.
I вавёрка была нашымі грашыма. Старажытная плацёжная адзінка так і называлася — вавярыца. Звычайная вавёрчына шкурка. Адна вавярыца, тры вавярыцы, пяць вавярыц...
А васемнаццаць вавярыц трэба ўжо было заплаціць за адну куну — за футра куніцы, знятае «панчохаю» са звярка. Зборная куна, звязаная дротам і замацаваная пячаткаю князя, была ўжо дарагою манетаю.
Ад доўгага выкарыстання нашы футравыя грошы зашмальцоўваліся, з іх злазіла поўсць, яны старэлі, рабіліся непрыгожымі, аднак усё роўна аставаліся грашыма, мелі тую ж самую вартасць. Галоўнае, каб шкуркі куніц, вавёрак, гарнастаяў, собаляў былі поўнымі— з вусамі, кіпцюрамі, носам і хвастом. Мае ўсё гэта шкурка — яна сапраўдная.
Нашы падношаныя грошы даводзілі да ладу сваеасаблівыя «чаканшчыкі манет» — спецыяльныя рамеснікі, рэстаўратары. Яны прычэсвалі грошы, вызвалялі іх ад поўсці, якая вылазіла, пакідаючы пушыстымі толькі хвасты.
Вось як пра славянскія грошы пісаў наш госць з Усходу Наджыб Хамадані:
«У славян хадавая манета — шкуркі вавёркі і собаля без поўсці, але з хвастом, пярэднімі і заднімі лапамі, кіпцюрамі і галавой. Гэтыя грошы адтуль вывозіць нельга — іх аддаюць за тавары».
Іншаземныя падарожнікі дзівіліся з нашых грошай: лысыя, непрыгожыя шкуркі, а за іх можна купіць што толькі хочаш — сапраўднае футра, сапраўднае золата і нават сапраўдных людзей-нявольнікаў!
А былі яшчэ ў нас грошы-жывёла. Універсальны плацёжны сродак: конь — грошы, карова — грошы, авечкі — грошы. Тады слова жывёла абазначала не толькі саму па сабе жывёлу, а яшчэ і маёмасць, багацце, грошы. А слова «статак» значыла яшчэ болей — яно абагульняла і падатак, і здабытак, і заможнасць, і дастатак — чым болей да статку дабаўлялася жывёлы, тым больш багацейшым рабіўся чалавек, тым большы меў ён дастатак.
Для ўнутранага рынку такіх грошай хапала, аднак, калі абмен пашырыўся, гандаль выйшаў за мясцовыя рамкі, калі тавары давялося прадаваць за межамі, спатрэбіліся і новыя грошы.
I яны з’явіліся. Металічныя манеты з серабра, медзі, нікелю, іншых металаў.
Якія ж яны былі, нашы першыя металічныя грошы? А такія, як, да прыкладу, і ў Старажытным Рыме. Рымскі сярэбраны дынарый з адбіткамі абліччаў імператараў, які чаканіўся з 269 года да новай эры па першую палову ПІ стагоддзя нашай эры, быў добра вядомы нашым продкам. Самы буйны манетны скарб на тэрыторыі Беларусі, што знойдзены ў Клімавічах у 1804 годзе, складаўся з 1815 сестэрцыяў і дынарыяў першых рымскіх імператараў. Схаваны ён быў напэўна ў II стагоддзі Знаходка перададзена ў Эрмітаж, пасля чаго сляды яе зусім зніклі. А ў нумізматычнай калекцыі Клімавіцкага краязнаўчага музея захоўваюцца манеты толькі XVIII — XX стагоддзяў.
У Гараўлянскіх манетна-рэчавых скарбах, якія схаваны ў XI стагоддзі і знойдзены толькі ў 1965 годзе на Глыбоччыне, захавалася каля паўтысячы куфіцкіх дырхемаў Арабскага халіфата, зробленых на манетных дварах Бухары, Самарканда, Шыраза і іншых гарадоў.
Гэта таксама нашы грошы. Бо іх нехта атрымаў, прадаўшы ў далёкія краіны свае тавары, ці бярог, збіраў, каб купіць там нешта іхняе.
Калі ж прыток арабскіх сярэбраных манет прыпыніўся, на нашай зямлі распаўсюдзіліся заходнееўрапейскія дынарыі з Германіі і Чэхіі. Грошы, чаканнае серабро ўвозіліся таксама з Даніі, Венгрыі, Галандыі.
Полацкае княства гандлявала тады з Прыбалтыкай, і як доказ гэтых гандлёвых стасункаў — знойдзеныя ў Полацкай зямлі 7 скарбаў і 5 асобных знаходак заходнееўрапейскіх манет, што былі закапаны ў XIII стагоддзі.
У Вялікім княстве Літоўскім у XIV — XV стагоддзях «хадзілі» грош пражскі, дынарый княства, паўгрош Польшчы, шылінг Лівонскага ордэна, залатыя манеты заходнееўрапейскіх краін — фларэны, дукаты, ноблі. У самім княстве выпускаліся сярэбраныя абол, дынарый, двайны і трайны дынарыі, солід, паўгрош, грош, 2 грошы, 3 грошы, шастак, паўталер, талер, дукат, партугал.
Радзіма нашага талера — чэшскі горад Іаахімсталь. Спачатку вялікія манеты да 30 грамаў срэбра, адчаканеныя там, называліся «іаахімсталярамі». Потым Расія ўзяла для вызначэння гэтых грошай першую частку слова, называючы іх «яфімкамі», а мы, як і шмат хто ў свеце, — другую: таляры, талеры, даляры. Ага, і даляры атрымалі сваю назву таксама ад таляра.
Манеты розных еўрапейскіх краін былі ў шырокім абарачэнні на тэрыторыі княства, а пражскі грош дзякуючы высокай якасці хутка разышоўся па ўсёй Еўропе і нават стаў асновай грашовай гаспадаркі ВКЛ. За грош можна было купіць курыцу, за два — гуся, за пяць — воз сена.
Свае манеты Вялікае княства Літоўскае чаканіла ў Вільне і ў Коўне, а на тэрыторыі Каралеўства Польскага — ва Уяздаве, Аліве і Мальбарку, дзе знаходзіліся манетныя двары княства.
На тэрыторыі Беларусі медныя соліды выпускаў Брэсцкі манетны двор, траякі і шастакі — Гродзенскі.
Падробка манет каралася ў нас вельмі строга. Фальшываманетчыкаў у Вялікім княстве Літоўскім спальвалі жывымі. Аднак, не зважаючы на гэта, Вялікі князь Вітаўт у сваёй Грамаце абвінавачвае жыхароў Брэста ў падробцы грошай, а магістр Лівонскага ордэна скардзіцца на масавую вытворчасць фальшывых лівонскіх шылінгаў у Полацку.
А Ў Ноўгарадзе ганзейскіх фальшываманетчыкаў варылі ў катле на павольным агні.
Калі ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай Беларусь была далучана да Расійскай імперыі, нашымі грашыма сталі расійскія манеты. На нашых новых манетах былі ўжо выявы ўсіх расійскіх цароў і імператараў: і Пятра I, і Кацярыны П, і Лізаветы Пятроўны, і Аляксандра I, і Мікалая II і інш.
Падраблялі і расійскія грошы. Займаўся гэтым нават сам былы фаварыт Кацярыны II генерал-маёр Зорыч, які збываў фальшывыя 100-рублёвыя асігнацьгі, што друкаваліся каля Бруселя, і потым перавозіліся ў Шклоў. Яму патрэбны былі грошы, каб летам сустракаць тую ж царыцу Кацярыну на санях — соль, якою замест снега ўсыпаў дарогу Зорыч, каштавала тады дорага...
Аднак яшчэ да 1850 года ў беларускіх губернях хадзілі і грошы Рэчы Паспалітай— «мяцежныя» манеты 1831 года (года паўстання) і двухмоўныя рублі-злотыя з надпісамі на рускай і польскай мовах.
Як мы лічылі свае грошы? А гэтак жа, як і цяпер. У Вялікім княстве Літоўскім рубель утрымліваў сто грошаў, грош дзесяць пенязяў. У Каралеўстве Польскім адзін злоты раўняўся 30 грошам, адзін грош 18 дынарыям ці З солідам. Паўталер меў курс у 30 грошаў польскіх і 24 грошы Вялікага княства, а за паўтарак давалі ўсяго паўтара гроша.
Але была на нашых землях яшчэ і копавая сістэма падліку зберажэнняў — мы лічылі грошы не на сотні, а на копы: кожная капа раўнялася 60 грошам. Мы тады не толькі грошы, а і агуркі таксама на копы лічылі...
У XVIII стагоддзі на нашай тэрыторыі з’явіліся першыя папяровыя грошы. Гэта былі расійскія асігнацыі ўзору 1769 года ва ўсходняй Беларусі, а ў заходняй — асігнацыі 1794 года — паўстанцкі ўрад Тадэвуша Касцюшкі даручыў аддзелу скарбаў Найвышэйшай нацыянальнай рады наладзіць выпуск сваіх грошай.
Заваёўнікі, якія прыходзілі да нас са зброяй, змушалі нас і да сваіх грошай: у Першую сусветную вайну на тэрыторыі Беларусі былі ў абарачэнні нямецкія жалезныя і папяровыя боны, грошы ў пфенігах і марках, а ў другую— немцы зноў жа прывезлі нам гітлераўскія боны, акупацыйныя маркі, карбованцы і рэйхмаркі.
Былі і незвычайныя грошы. У 1943 годзе немцы надрукавалі своеасаблівыя грашовыя знакі на адным баку — савецкі чырвонец, а на другім — пропуск праз фронт. Маўляў, здавайцеся. Тады з нашага боку таксама выпусцілі свае грошы: на адным баку тая ж прапанова здавацца, аднак паланенне нямецкага салдата каштавала танней — усяго пяцьдзесят пфенігаў.
3 1943 года ў нас мелі хаджэнне грашовыя знакі імперскіх крэдытных кас, якія выпускаліся эмісійным банкам Остланд. А карбованцы, выпушчаныя на Украіне для Беларусі, у нас так і не з’явіліся — на машыну, што везла іх, напалі партызаны і ўся наяўнасць гэтых грошаў была захоплена і знішчана.
Пасля вайны і ў нас, як і ва ўсім Савецкім Саюзе, былі агульныя савецкія грошы — рублі і капейкі — з надпісам на ўсіх дзяржаўных мовах пятнаццаці рэспублік, якія ўваходзілі ў СССР. За іх тады і беларусы любаваліся летам снягамі Паміра, высакагорнымі азёрамі Рыца і Севан, маглі даехаць да Ціхага акіяна. Мы тады верылі ў «хуткую перамогу камунізму» і ў тое, пгто грошы, як перажытак мінулага, неўзабаве знікнуць зусім.
А першыя самастойныя грошы мы выпусцілі толькі ў 1992 годзе. Гэта былі разліковыя білеты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.
Выпускаючы свае грошы, мы быццам бы вярталіся да таго, з чаго пачыналі, — да грошай-жывёлы. Бо на нашых грашах былі адны жывёлы: бабры, ваўкі, рысі, ласі, мядзведзі, зубры. «Давай зубра — бяры жыта», «Не, аднаго лася мала за сена».
На пяцідзесяцікапеечнай паперцы была намалявана вавёрка, і нашы грошы можна было, як калісьці, называць «вавярыцаю». А на рублі смела скакаў заяц, і таму нашы грошы пачалі ва ўсім свеце зваць «зайчыкамі».
Цяпер «зайчыкі» на Беларусі зніклі — іх з’ела інфляцыя. А дзякуючы ёй яшчэ нядаўна мы ўсе былі мільянерамі і мільярдэрамі— нават ляныя мелі мільённыя заробкі! Але статак не даваў дастатку.
Статку дзікіх жывёл цяпер на нашых грашах няма. Іх замяніла архітэктура: Брэсцкая крэпасць, Нацыянальны тэатр оперы і балета, Акадэмія навук, Нацыянальная бібліятэка, Мастацкі музей, Траецкае прадмесце, Мірскі замак, Рэзідэнцыя Радзівілаў у Нясвіжы. З нашых банкнотаў зніклі шматлікія нулі, і мы атрымліваем ужо не мільёны, а тысячы.
А ў падвалах Нацыянальнага банка, кажуць, да сёння захоўваюцца грошы, надрукаваныя яшчэ ў пачатку перабудовы, — з партрэтамі выдатных людзей Беларусі, з яе нацыянальнай і гістарычнай сімволікай, аднак, як зноў жа кажуць, яны, так і не выйшаўшы на людзі, таксама ўжо састарэлі.
I ўсё ж беларускія нацыянальныя грошы ў золаце, срэбры і медна-нікелевых сплавах ужо існуюць. Праўда, іх пакуль чаканяць не ў Беларусі, а на лепшых манетных дварах іншых краін Еўропы — у Швейцарыі, Германіі, Расіі, Польшчы і інш.
25 ліпеня 1995 года суверэнная Беларусь прыняла праграму вырабу сваіх манет — забытага ўжо плацёжнага сродку, а 27 снежня 1996 года дзяржава мела сваю першую манету, адчаканеную ў Англіі на каралеўскім манетным двары «Раял Мінт».
Цяпер мы маем шмат манет па розных накірунках: «Гістарычныя помнікі», «Гарады Беларусі», «Знакамітыя землякі», «Беларусь алімпійская», «Флора і фауна Беларусі» і інш.
Карыстаюцца папулярнасцю нашы манеты, прысвечаныя 2000-годдзю хрысціянства на Беларусі, Дню незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Мірскаму замку, пісьменнікам Адаму Міцкевічу, Янку Купалу, Якубу Коласу, Міхасю Лынькову, нашаму земляку Ігнату Дамейку, чыім імем названы горны хрыбет у Андах, мінерал дамейкіт, універсітэт і нацыянальная бібліятэка ў Сант’яга.
Упрыгожаць любую калекцыю нумізматаў манеты, на якіх наша гісторыя і традыціі: беларускае вяселле, заказнік «Чырвоны бор» на Полаччыне, князь Рагвалод са сваёй дачкой Рагнедай, заснавальніца еўрапейскай дынастыі Ягелонаў Соф’я Гальшанская. I вядома ж славутая залатая манета «Ліс» з устаўкамі з брыльянтаў.
А першаю нашаю манетаю была грашовая адзінка, прысвечаная 50-годдзю Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, адным з заснавальнікаў якой была і наша дзяржава.
На міжнародным конкурсе «Манета года — 2005», у якім удзельнічала 37 дзяржаў свету, галоўны тытул атрымала наша манета «Нацыянальны парк «Нарачанскі». Лебедзь-шыпун», а «Беларускі балет» названы манетай года.
Похожие статьи:
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Перавернуты
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Клетка
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Заміра