Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Янка Купала ў савецкай Беларусі

   За часамі ўсталявання Савецкай улады дачыненні Купалы з афіцыйнымі коламі абумовілі пералом у ягонай творчасці. Быў перыяд нязгоды з антыбеларускімі палітыкамі, якія адмаўлялі ўсё нацыянальнае і па-за воляй беларусаў заключылі ганебную Рыжскую дамову. Пакрыёмны апазіцыянізм Купалы рэалізаваўся праз практыку "ўнутранай эміграцыі і маўчання" працяглы час паэт не пісаў вершаў. Пазней Купала дазволіў сабе супрацоўніцтва з Савецкай уладай на глебе беларусізацыі, культурнага адраджэння.
   Гэты пералом выявіўся ў хрэстаматыйных радках верша, напісанага ў 1924 г., лірычны герой якога абвяшчае:

... О так! Я – пралетар!..
Яшчэ учорах раб пакутны –
Сягоння я зямлі ўладар
І над царамі цар магутны!

Мне Бацькаўшчынай цэлы свет,
Ад родных ніў я адвярнуўся...
Адно... не збыў яшчэ ўсіх бед:
Мне сняцца сны аб Беларусі!


   Крытык Антон Адамовіч сцвярджаў, што верш быў адрасаваны паэту і палітыку, нацыянал-камуністу Цішку Гартнаму. Так ці іначай, паэт развітваўся з былымі марамі пра ідэальную Беларусь, і на іх месца прыходзіла сацыялістычная ява.
   Янка Купала ў перыяд напісання твораў для зборніка "Безназоўнае"  і крыху пазней яшчэ выглядае гарманічным у выказванні думкі і пачуцця, але пазней гэтая гармонія знікне. На пачатку сталінскага тэрору, у перыяд вынішчэння т. зв. нацдэмаў над паэтам навісае смяротная небяспека. Яго абвінавачваюць у стварэнні контррэвалюцыйнай арганізацыі, цягаюць на допыты, і пад невыносным псіхалагічным уціскам Купала здзяйсняе няўдалую спробу самагубства. Канчатковы пералом у яго творчым жыццяпісе пазначыў пакаянны ліст, які паэт накіраваў у газету "Звязда". У гэтым лісце ён вінаваціцца ў грахах, якіх у яго не было, выракаецца сваіх былых сяброў і паплечнікаў па "Нашай Ніве", вымаўляе сказ з шматзначным падтэкстам: "Ніколі я не паміраў". Але духоўны і творчы стан зламанага паэта набліжаецца да агоніі.
   Янка Купала ў 1930-я гады – гэта вонкава шчаслівы, аблашчаны ўладамі паэт, у якога ёсць усё: дабрабыт, пажыццёвая пенсія, званне народнага паэта і ўзнагароды, сядзіба каля Свіслачы і лецішча Ляўкі на стромым беразе Дняпра, уласнае аўто і кіроўца... Няма толькі спакою, упэўненасці ў будучыні. Купала стварае ў гэты час узоры сервільнай, а гэта значыць, няшчырай паэзіі, бо мусіць так рабіць, каб ацалець і ўратаваць сябе і сваю сям’ю. Шэраг вершаў ён прысвячае Іосіфу Сталіну, удзельнічае ў напісанні калектыўнага "Пісьма беларускага народа Вялікаму Сталіну" (1936), хоць вядома, што "правадыра ўсіх народаў" Купала ненавідзеў.
   Кампраміс паміж талентам, не прыстасаваным да служэння, і сумленнем Купала знаходзіў у фалькларызацыі, спрашчэннях. Творы "пад заказ" ён пісаў у манеры "стук, грук, абы з рук". У вершах "ляўкоўскага цыклу" паэт стварыў вобраз калгаснай утопіі, яшчэ адзін рай на зямлі, пра які ён некалі марыў у паэме "Яна і я". Несвабода паэта, якому загадвалі тварыць на тую або іншую тэму, вазілі на сацыялістычныя будоўлі, у тым ліку на Салаўкі і Беламорканал, часам праглядаецца ў падтэксце сервільных твораў, прыкладам, у вершы "Хлопчык і лётчык", герой якога выказвае рызыкоўнае жаданне:


Мне ўжо надакучыла дома –
Ў дзіцячы хадзі адно сад.
А так паглядзеў бы, вядома,
На іншы парадак і лад.


   Філасофію купалаўскай творчасці параўноўваюць з палётам чалавечага духу, які пераадолеў зямны цяжар, узняўся над побытам і прыземленай экзістэнцыяй. Смерць Купалы параўноўваюць з Ікаравым падзеннем. Ён загінуў за часамі другой сусветнай вайны, у Маскве, куды быў выкліканы з сяла Пячышчы на Волзе, нібыта для таго, каб быць ушанаваным на чарговым сваім юбілеі. Загадкавая гібель Купалы, прычыны яго падзення ў лесвічны пралёт у гатэлі "Масква", дзе ён спыніўся, дагэтуль з’яўляюцца загадкай для біёграфаў.
   Відавочныя вонкавыя прычыны, якія так або інакш прывялі да смерці паэта – яго нязгода з рэжымам, цкаванне з боку ўладаў.

Крыніца: Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Словы ў часе. Літаратура ад рамантызму да сімвалізму і нашаніўскага адраджэння. Санкт-Пецярбург, 2014

Похожие статьи:

Янка КупалаЯнка Купала - Пясняр беларускага народа

Янка КупалаТэма паэта і паэзіі ў творчасці Янкі Купалы. Дэмакратызм і народнасць яго творчасці

Янка КупалаДраматургічнае майстэрства Янкі Купалы

Янка КупалаТэма народнага жыцця і любоў да Радзімы ў творчасці Янкі Купалы

Янка КупалаПошукі героямі шляхоў да шчаслівага жыцця ў драме Янкі Купалы "Раскіданае гняздо". Сэнс назвы твора