Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Янка Купала - Раскіданае гняздо

Асобы

Лявон Зяблік, пажылы гаспадар, кульгавы, гадоў пад 50.
Марыля, яго жонка, нараклівая, замучаная жыццём кабеціна, гадоў 48.
Сымон, 24 г. l
Зоська, 18 г.  l
Данілка, 14 г. } дзеці Зябліка
Аленка, 8 г.  /
Юрка, 7 г.  /
Старац, гадоў пад 70.
Паніч, гадоў 23.
Незнаёмы, гадоў 35.
Двое дворных людзей.

Падзеі адбываюцца ў 1905 г.

Першы акт у хаце Зяблікаў, астатнія – на котлішчы гэтай хаты.
 

Акт першы

З’ява І

   (Час каля купалля. Поўдня. Хата Зябліка. Марыля – хворая: то сядзіць, то ляжыць на ложку. Данілка на зямлі скрыпку майструе. Старац сядзіць на лаве).
   Марыля скардзіцца Старцу на хваробу, на гаспадара, які, судзячыся з дваром, змарнаваў усю гаспадарку і нічога не дабіўся. Баіцца, каб чаго з мужам не здарылася, бо «учарнеў, асунуўся... як сам не свой».
 

З’явы ІІ–ІІІ

   З сякерай у руках з’яўляецца Сымон, заяўляе, што, «пакуль будзе хоць якая магчымасць, то не дадзімся жыўцом воўку ў зубы», што ў яго хопіць сілы і за бацьку, і за сябе, і за ўсю сям’ю пастаяць. Старац папярэджвае, што не заўсёды сіла на дабро ідзе. Сымон ідзе сустрэць бацьку, які пайшоў да пана прасіць адкласці тэрмін высялення. Марыля гаворыць пра змены ў панскім двары з прыездам маладога Паніча, што ён адмовіўся здаваць зямлю ў арэнду.
 

З’ява ІV

   Зоська з кветкамі ў руках просіць Старца памаліцца за здароўе Паніча. Старац развітваецца з гаспадыняй і дзецьмі.
 

З’явы V–VІ

   Зоська расказвае маці, як прыгожа на сенажаці і як яна сустрэла ля рэчкі маладога прыгожага Паніча. Марыля просіць дачку не думаць многа пра яго.
   Зоська расказвае незвычайны сон. Бацька, маці, дзеці падняліся ў неба, па зорках, па млечнаму шляху трапілі ў дзівосную краіну. У ёй шмат кветак, спяваюць райскія птушкі... Марыля кажа, што гэта добры сон, што Бог на іх яшчэ не забыўся.
 

З’ява VІІ

   Лявон пытаецца, як здароўе жонкі. Паведамляе, што «сягоння будуць высяляць, ужо фурманкі ў іх наладжаны». Марыля ў роспачы. Ніхто з суседзяў не хоча ўзяць сям’ю Зяблікаў да сябе. Лявон кажа, што Сымон, Зоська і Данілка служыць пойдуць, а ён з Марыляй і меншымі дзецьмі – жабраваць.
   Лявон: ...Ха-ха-ха! Зяблікі служыць і жабраваць! Бацькі і дзяды жылі на гэтым куску зямелькі. Вечна думалі жыць. Чынш плацілі, талаку рабілі ў двор, як паншчыну якую; пасеку рабілі, будаваліся... Цяпер сын і ўнукі служыць і жабраваць... гаспадарскія сын і ўнукі.
   Лявон успамінае, як з бацькам ставілі новую хату і бацька падарваўся, цягаючы бярвенне, а ён пакалечыў нагу. Успамінае, як садзіў сад, працаваў на полі. «Чалавек з зямлёй зрастаецца, як гэта дрэва: ссячы дрэўца – засохне, адбяры ў чалавека зямлю – згіне».
 

З’ява VІІІ

   Сымон паведамляе, што заворваюць гародніну і пшаніцу. Кліча бацьку бараніць плён сваёй працы, хапае з-пад лавы сякеру. Бацька не пускае, вырывае сякеру з рук. Зоська спрабуе супакоіць брата і бацьку. Лявон павучае сына, што «трэба праўды шукаць не тапаром, а розумам. Дзед твой не меў розуму, я не маю, але ты яго мей, каб з часам цябе і тваіх дзяцей не ганялі гэтак, як сягоння».
 

З’ява ІX

   Аленка і Юрка са слязьмі на вачах паведамляюць, што «нейкія людзі страху з нашае хаты здзіраюць». Зоська хоча ісці іх папрасіць, каб не рабілі гэтага. Бацька не пускае («Годзе ўжо бацька твой спіны нагнуўся і парогаў паабіваў»). Потым гаворыць, як памешаны, як чалавек, які страціў арыентацыю, дзе ён і што вакол адбываецца. Хата пачынае трашчаць. Лявон загадвае не пакідаць яе, пакуль ён не вернецца.
 

З’явы X–XІ

   Данілка заўважае, што тата сёння як не ў сваім розуме. Сымон прызнае, што добра зрабілі, адабраўшы ў яго сякеру, а то забіў бы каго. Зоська просіць брата не рабіць гэтага, бо хто дагледзіць меншых. Зяблікі збіраюцца выйсці з хаты.
 

З’ява XІІ

   Дворныя людзі паведамляюць, што гаспадар павесіўся.
 

Акт другі

Мінула два тыдні.
 

З’ява І

   Данілка прыбівае абразок да дрэва. Марыля звяртаецца да Бога з просьбай не пакінуць яе, удаву, даць сілы выхаваць дзяцей. Тлумачыць Данілку, чаму доўга не хавалі бацьку (вялося следства). Данілка абяцае, што, як вырасце вялікі, пойдзе са сваёй скрыпачкай шукаць старонку, дзе плывуць крыніцы з жывой вадой.
 

З’ява ІІ

   Сымон прыходзіць пасля пахавання бацькі. Лявона, як самагубцу, не дазволілі хаваць на могілках. На матчыны словы, што бацька грэшны і мусіць пакутаваць, Сымон гаворыць: «Гэта вечная пакута толькі чалавека на звера перарабляе... Я сам сябе не пазнаю. Калі кідаў сягоння на бацькаў труп зямлю, то мне здавалася, што ...засыпаю самога сябе, сваё шчасце, свае леты маладыя, засыпаю бога, людзей, цэлы свет...». Марыля хоча супакоіць сына, пераводзіць размову на становішча сям’і. Сымон не дазваляе ісці ў двор на паклон («...Не пайду туды і вы ў сене пойдзеце... Над бацькавай магілай зарок сабе даў жывым не сысці з гэтага месца, з гэтага нашага разграбленага гнязда»). Сымон гаворыць маці, што Зоська бегае у двор да Паніча.
 

З’ява ІІІ

   Зоська тлумачыць, дзе яна была. Дастае з-пад фартушка сала і хлеб, што нібыта дала на памінкі цётка. Сымон не верыць сястры, папракае, што яна забылася на бацькаў наказ «не прыніжацца перад дужым дачаснікам».
 

З’явы ІV–V

   Данілка вядзе малых шукаць новую дошчачку Для скрыпкі. Марыля ўспамінае, як карміла сваім малаком Паніча, і дапытваецца ў Зоські, ці праўду казаў Сымон. Зоська просіць не мучыць яе, не пытацца, бо штосьці страшнае, дзіўнае творыцца вакол яе і з ёй, чаго яна не можа зразумець. Пасля гаворыць маці, што з Панічом была не яна, а яе цень. Марыля патрабуе прысягі перад абразом. Зоська баіцца.
 

З’ява VІ

   Прыходзіць Паніч, пытаецца, што думае Сымон. Гаворыць, што з-за яго і бацькавай упартасці давялося разбурыць хату. Ён можа даць сям’і ў двары службу і хату. Марыля просіць Паніча не зводзіць дачку, той адказвае, што ўжо позна.
 

З’ява VІІ

   Уваходзіць Сымон, пакручваючы ў руках сякеру. Паніч пагражае, што варта яму кіўнуць пальцам, як Сымон зазвоніць ланцугамі. Сымон гаворыць, што гэтага не здарыцца да таго часу, пакуль Панічу не абрыдне яго сястра, і што ён чакае справядлівага суда.
 

З’явы VІІІ–ІX

   Данілка просіць у Паніча жыл на струны і конскага хваста на смык. Нагадвае Сымону, што бацькава магіла без крыжа, варта ў Паніча папрасіць лесу.
   Раззлаваны ўпартасцю Сымона Паніч пакідае Зяблікаў. Зоська хоча бегчы за ім. Сымон, пагражаючы сякерай, не пускае яе.
 

Акт трэці


З’явы І–ІІ

   Марыля шые торбы, Зоська, убачыўшы яе за такой працай, гаворыць, што маці ім, жывым яшчэ, нібыта смяротныя сарочкі шые. Маці наракае на Сымона і Зосю, што яны «пропасць сабе капаюць»: адзін сваёй «дзікай заўзятасцю», другая «сваёй шалёнай прыхільнасцю». Зоська просіць не чапаць Паніча, бо ён ні ў чым не вінаваты.
 

З’ява ІІІ

   Сымон і Данілка прыносяць дрэва на крыж.
   Марыля гаворыць, што Паніч зноў прапаноўваў ісці на службу ў двор. Сымон стаіць на сваім. Заяўляе, што маці і сястра становяцца ўпапярок яго дарогі. Зоська адказвае на гэта: «Хто ведае – можа ты горай сваёй гордасцю топчаш тое, што сею я сваім сэрцам дзявочым?»
   Сымон і Марыля поначы нясуць на магілу крыж.
 

З’ява ІV

   Данілка гаворыць Зосьцы, што Паніч пасля суда «едзе кудысь за мора жаніцца». Але потым шкадуе сястру, кажа, што наманіў. Вядзе малых спаць.
 

З’явы V–VІ

   Зоська збіраецца ісці да Паніча. З’яўляецца Незнаёмы і гаворыць ёй, што «склікаецца сход вялікі, і ўсе браты і сёстры павінны на гэты сход з’явіцца... жыццё мільёнаў будзе важыцца».
 

З’ява VІІ

   Зоська думае над сустрэчай з Незнаёмым. Потым збіраецца ісці да Паніча, але той прыходзіць сам.
 

Акт чацвёрты

Позняя восень. Сцюдзёна.
 

З’явы І–ІІ

   Марыля з малымі дзецьмі распальвае вогнішча. Данілка вяртаецца з двара, дзе яму далі патрэбных рэчаў для скрыпкі.
 

З’ява ІІІ

   Сымон пануры вяртаецца з суда. Суд ён прайграў. Сведкі былі падкуплены панам. Марыля просіць сына скарыцца, «выкінуць гордасць з сэрца». Сымон не згаджаецца.
 

З’ява ІV

   Прыходзіць Незнаёмы, кліча Сымона на сход, на якім будуць «смока выганяць». Сымон адмаўляецца, хоць яго і цягне туды, бо павінен «рукамі і зубамі трымацца гэтай спадчыны бацькавай». Марыля таксама не пускае сына. Незнаёмы са словамі «Час, Сымоне, час!.. Агляніся, Сымоне!.. Успомні матку, сястру сваю ўспомні... і тую вяроўку, на якой бацька твой павесіўся!» хутка выходзіць.
 

З’явы V–VІ

   Сымон хоча ісці ўслед за Незнаёмым, маці не пускае. Ён пытае, дзе Зоська. Маці кажа няпраўду. Сымон хапае ў Данілкі скрыпку і хоча пашчапаць яе, бо той не гаворыць, дзе сястра. Данілка закрывае скрыпку сваёй галавой.
   Двое дворных людзей уводзяць Зоську з завязанымі назад рукамі. Паведамляюць, што Зоська хацела каля палаца павесіцца.
 

Акт пяты


З’ява І

   Данілка грае на скрыпцы сумную мелодыю. Угаворвае маці ісці з торбамі ў свет. Тая не ведае, што рабіць з Сымонам і Зосяй.
 

З’ява ІІ

   Старац слухае сумную гісторыю сям’і Зяблікаў. Марыля пытаецца, ці чуў ён што пра сход, якога цяпер шукае Сымон, той адказвае няпэўна. Старац раіць гаспадыні ісці адсюль («Час, птушка-маці, знімацца з гэтага раскіданага гнязда, каб іншых тваіх дзетак убараніць ад благіх ястрабаў, ад якіх сілачкі ты не мела ўбараніць свайго Сымонкі і Зоські!»).
 

З’ява ІІІ

   Старац палохаецца выгляду Зоські і яе слоў. Зоська, як вар’ятка.
   Бачны водбліскі пажару. Усім страшна. Зоська абдымае дрэва, быццам свайго «каралевіча ненагляднага». Старац збіраецца адыходзіць. Данілка просіцца ісці з ім разам. Рашаецца ісці і Марыля з дзецьмі. Хоча адзець жабрачую торбу на Зоську. Зоська гнеўна скідае торбу. Застаецца на котлішчы адна.
 

З’явы ІV–V

   Прыходзіць з паходняй у руках Сымон, бачыць, што маці і дзяцей няма. Кліча Зоську з сабой. Зоська пазнае брата, пытаецца, куды і па што ісці.    Сымон, паказваючы галавешкай у процілеглы ад пажару бок, гаворыць: «На вялікі сход! Па Бацькаўшчыну!!!» Бярэ яе за руку і абое ў цемнаце знікаюць.

 

Похожие статьи:

Янка КупалаДраматургічнае майстэрства Янкі Купалы

Янка КупалаТэма народнага жыцця і любоў да Радзімы ў творчасці Янкі Купалы

Янка КупалаТэма паэта і паэзіі ў творчасці Янкі Купалы. Дэмакратызм і народнасць яго творчасці

Янка КупалаЯнка Купала - Пясняр беларускага народа

Янка КупалаПошукі героямі шляхоў да шчаслівага жыцця ў драме Янкі Купалы "Раскіданае гняздо". Сэнс назвы твора