Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Мастацкія асаблівасці драмы Янкі Купалы "Раскіданае гняздо"

   Сюжэт драмы «Раскіданае гняздо» (1913) быў падказаны аўтару рэчаіснасцю. Купала, сын арандатара, добра ведаў жыццё такіх сялян-чыншавікоў, як Зяблік, і па ўласнаму вопыту, і па вопыту іншых. Дзед Купалы сутыкнуўся з такой жа несправядлівасцю, што і герой.
   Аднак паказаць драму сялянскай сям’і, якая павінна пакінуць абжыты дзядамі і прадзедамі кут, толькі адна з пастаўленых Купалам у творы мастацкіх задач. Побач з гэтым аўтар гаворыць пра пошукі Беларусі шляху да новага жыцця. Пра яго думаюць, мараць амаль усе героі п’есы, уяўляючы новае, шчаслівае жыццё па-рознаму. Сымон звязвае яго са справядлівасцю, з працай на ўласнай зямлі, Зоська – з казачнай краінай, дзе цвітуць прыгожыя кветкі і спяваюць райскія птушкі, Данілка – з магчымасцю граць на скрыпачцы для ўсіх людзей, Марыля – са спакоем і лагоднасцю. Пошукі шляхоў да новай Беларусі – другі, сімвалічны план прачытання драмы «Раскіданае гняздо».
   Героі яе вымушаны шукаць выйсця з рэальнага становішча, у якім апынулася сям’я пасля адмовы Паніча аддаць зямлю ў арэнду на новы тэрмін і самагубства гаспадара. Гэты, больш просты, рэалістычны план твора звязаны таксама з вызначэннем шляху. У кожнага героя ён аказаўся сваім, адметным – і вялікая дружная сям’я Зяблікаў распалася. Марыля з малымі дзецьмі і Данілкам надзяваюць жабрацкія торбы, Сымон і Зоська ідуць на Сход, па Бацькаўшчыну. Але гэта толькі напрамкі, бо не супадаюць шляхі Марылі і Данілкі (з рознымі думкамі і мэтамі яны кіруюцца ў белы свет), і вельмі непадобныя Сымон і Зоська, каб ісці адным шляхам. Сымон вырашэнне праблем чалавечага жыцця звязвае з сілай, барацьбой, што падкрэсліваецца аўтарам сімвалічнай дэталлю – герой на працягу амаль усяго дзеяння не разлучаецца з сякерай. Зоська свет чалавечых узаемаадносін спрабуе будаваць на каханні і дабрыні (яе сімвал у творы – кветкі).
   Аўтар нібыта прызнае раўназначнасць усіх шляхоў, якія выбіраюць героі, прынамсі, сам не вылучае ніводзін як правільны. Так, жыццё жорстка карае даверлівасць і летуценнасць Зоські, але і Сымон нічога не дамагаецца, не можа адстаяць роднае гняздо.
   Тупіковы шлях, як паказвае Купала, гэта шлях Лявона Зябліка, які спадзяваўся з дапамогай закона вярнуць зямлю. Смерць героя сведчыць, што тут шукаць ужо няма чаго. Стары існуючы лад не можа па-справядлівасці вырашыць грамадскія і сацыяльныя праблемы і ніяк не стасуецца з будучыняй Беларусі.
   Істотную ролю ў творы іграе вобраз Вялікага Сходу. П. Васючэнка паказвае няслушнасць ранейшай трактоўкі гэтага сімвалічнага вобраза, адзначаючы, што «ў купалаўскай сімволіцы рэвалюцыя звязана з інакшым шэрагам вобразаў, паміж якімі – завіруха, пажар... Вялікі Сход – не помста і не бунт; каб трапіць на яго, Сымон і Зоська мусяць пайсці ў процілеглую старану ад пажару... На Сходзе будзе вырашацца лёс Бацькаўшчыны, лес мільёнаў, але дзеля таго на ім патрэбна прысутнасць кожнага, а не жменькі бунтаўнікоў, мсціўцаў».
   «На сход, на ўсенародны, грозны, бурны сход», – пакліча Купала «аграблены, закованы народ» у 1918 г., пасля дзвюх прайшоўшых рэвалюцый (верш «На сход!»).
   Я. Купала вылучаў «Раскіданае гняздо» сярод іншых п’ес. «Я памру, але «Раскіданае гняздо» зойме яшчэ на сцэне свае пачэснае месца і загаворыць на поўны голас. Я ўклаў у гэтую п’есу лепшае, што было ў маёй паэзіі і прозе», – пісаў народны паэт.
   Драма ўпершыню была пастаўлена і надрукавана пасля падзення царызму.

Похожие статьи:

Янка КупалаТэма народнага жыцця і любоў да Радзімы ў творчасці Янкі Купалы

Янка КупалаДраматургічнае майстэрства Янкі Купалы

Янка КупалаТэма паэта і паэзіі ў творчасці Янкі Купалы. Дэмакратызм і народнасць яго творчасці

Янка КупалаЯнка Купала - Пясняр беларускага народа

Янка КупалаПошукі героямі шляхоў да шчаслівага жыцця ў драме Янкі Купалы "Раскіданае гняздо". Сэнс назвы твора