Люда наогул любіць і ўмее прыдумваць.
Яшчэ калі яна была зусім маленькая, трохі больш за паўтара года, і тата, стоячы на верандзе, трымаў яе на руках, Людачка заўважыла, як пад застрэшкам у павуціне б’ецца і ные муха.
– Пуця! – сказала яна, працягнуўшы заслінены пальчык. – Пуця у-та-та!..
А «пуці» было не да гушкалкі.
Потым неяк, гадоў яшчэ праз паўтара, глянула малая раненька ў акно і ўсцешылася:
– Ой, мама, а сняжок як за ноч падрос! Большы яшчэ, як учора!..
Цяпер ужо Людачцы пяты год.
Сёння нядзеля, і тата не пайшоў на работу. Люда прачнулася, бачыць – Аня-Пампушка яшчэ спіць, мама ўжо кудысьці пайшла, а тата сядзіць ды чытае.
І Люда задумалася, падпёршы кулачком пасля сну не вельмі румяную шчаку.
– Ну, што? – спытаўся, пачакаўшы, тата. – Што, мая цёця-маркоця?
– Тата, а Маша ж з’ела ўсю пахлёбку!..
– Якая Маша? Якую пахлёбку?
– А там, што мама ўчора нам чытала: пра Машу і пра трох мядзведзяў.
– Ну і што?
– Маша з’ела ўсю пахлёбку, а чым жа мядзведзіха накарміла тады малога Мішутку?
– Т-ак... Тут, брат, і сапраўды задача...
– А я, тата, думала, думала і прыдумала!
– Ну?
– Вось паслухай. Маша пайшла тады ў лес па грыбы?
– Ну, скажам, па грыбы.
– І назбірала грыбоў?
– Трэба думаць, што назбірала.
– А потым яна спалохалася мядзведзяў і ўцякла праз акно... А грыбы ж свае яна забылася!.. Ага! І Мішуткава мама падсмажыла іх маленькаму... Праўда?
Похожие статьи:
Янка Брыль → Увесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая
Янка Брыль → Янка Брыль - Сірочы хлеб
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая
Янка Брыль → Раман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча