Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Янка Брыль - Цуды ў хаціне
Увага! Поўны змест
Напрадвесні яшчэ ўсё то лядок, то брудны снег, то лужыны, то голая зямля. Снег пад нагамі трымаецца, а ступіш на зямлю – так і глядзі: зачэрпаеш лапцем гразі.
Але неба ўжо вясёлае. З прасветлінамі ў хмарах, хаця і халоднае.
Два хлопчыкі ідуць за мамай з вёскі ў вёску па палявой дарозе.
Маці нясе пад пахай скрутак шарачку, загорнуты ў хустку. Высокая і дужая, яна маўчыць, ідзе шырока і цягавіта, нібы ў ярме сваёй удовінай долі.
Тая ж маці, што толькі паўгода таму назад, калі мёртвы бацька ляжаў яшчэ на ложку, а ў хаце былі сама ды малыя,– кідалася ад стала да парога і, нема галосячы, ірвала жменямі валасы. Адна, твар у твар са сваім неабдымным горам... Ды вось жыве, гаспадарыць.
Толькі і радасці – дзеці. Андрэй і Мішка. Не скажаш, што горшыя, чым у добрых людзей. I вучацца ўжо абодва, і дружаць. Трохі, вядома, распусныя, трэба глядзець...
– Вы ўжо хоць там, у хроснага, не выскаляйцеся лішне,– кажа яна, не азіраючыся.– Трэба харошымі быць, каб усе хвалілі.
– Што ж мы, сабакі – выскаляцца? – адказвае большы, Андрэй.
– Ну, ты глядзі ў мяне! З цябе, нябось, усе свечкі і загараюцца!..
Андрэеў хросны, дзядзька Макар, кравец. Малы, гарбаценькі, з вялікай галавой. Порткі суконныя, шырозныя – ажно ў зборкі пайшлі. У высокіх валёнках, аж ногі не гнуцца.
Толькі хлопчыкі з мамай увайшлі у яго хату, устаў з-за машыны, пачаў:
– Лізавета Іванаўна, кума! Андрэйка, хроснічак мой ненаглядны! Мішка!.. Сіроткі мае, чым жа вас ласаваць, чым сустракаць?
I – эх! – заківаўся, замітусіўся па хаце. Кошык з бульбай кашкануў валёнкам пад палок, лап’ё, што ляжала на лаве, шпурнуў у запечак... А хата, хата ў яго!.. Цёмная, нізкая, ток пабіла на ямы.
– Не прастарэкуй ты лішне, Макар. Садзіся вось ды шый.
– А як жа ты, Лізаветка,– ты ж нешта прынесла?
– Паспею. Дай хоць адсапціся.
– Сядзь, дарагая, сядзь. Сагрэй бяседай сэрцайка. Яно ж і спяваецца: «Ах, божа ж мой, адзінота мая, прападае ўся работа мая!..»
Хросны сеў за машыну, заварушыў вялізнымі валёнкам! на рашотцы, і першы цуд яго беднай хаціны – магутны «Зінгер» – загаманіў.
Мішка спачатку, цікаўна застыўшы, сачыў, як скача-гуляе блішчасты шпянёк, як круціцца белая шпулька. А потым – усё адно і тое ж, адно і тое ж... I ён пачаў патроху ныць:
– Мама, хадзем дадому... Мама...
– Паспееш. I дыхнуць з-за вас няма калі.
– Яны сумуюць, Лізаветка. Вось я вам, хлопцы, нештачка дам.
Хросны ўзяў зэдлік, паставіў пад бэлькай і цяжка ўзлез на яго: спачатку каленьмі, а потым ужо... Хата ў яго даўнейшая: упоперак бэлек яшчэ адна бэлька паложана – трам. Хросны сігануў рукой за гэты трам і дастаў адтуль другі цуд свае хаты – кнігу!.. Абабіў з яе пыл аб шырачэзныя порткі, абабраў рукой павуцінне, падаў бліжэйшаму, Андрэю.
– Яшчэ ў горадзе мне падарылі. Хадзяін, у якога я вучыўся шыць. Дзяцей мне госпад не дае, дык вось яна тут і ляжыць.
У кнізе той цацкі – ну, як жывыя!..
На першай старонцы – зямлянка, градкі капусты, а на парозе стаіць сабе вожык.
На задніх лапках, у сіняй камзэлі, у чырвоных портках са шлейкамі, у выступках. Пакурвае люльку, глядзіць на грады і вось-вось скажа: «П-пых!»
– Цікні,– шапнуў Мішку Андрэй.– Мой хросны!
I абодва яны аж зайшліся ад ціхага смеху.
– Ты, Андрэйка, чытай. Ты ж старэйшы. Бо гэта харошая кніжка. «Жыў сабе, быў сабе дзядзя Ёж...»
А яны рагаталі, як дурні.
Пасля пачалася прымерка.
Хросны раскаціў на стале шарачак і аберуч пагладзіў яго.
– Роўненькі, гладзенькі... Шоўк! Залатыя ручкі ў цябе, кумачка...
– От, мерай ты, Макар. Каторая пара.
– I паабедаеце, госцікі дарагія, у мяне. Пасоля з картопляй – чым багат, тым і рад. Прынцэсы мае няма: пайшла ўчора да цёшчы. Сам наварыў.
Ён узяў пакамечаны сшытак, разгарнуў яго і, жмурачыся, пачаў выводзіць тупым алоўкам:
лізавецін. мішка. пятровіч. Штанэ
Тады прыгнуўся са сваім «сантыметрам» да Мішкавых портак.
– Ага,– схамянуўся ён, адагнуўшыся.– А як жа будзем шыць: бручкі абыкнавенныя ці з засланкай?
– Ат, бручкі-шмучкі! Жартачкі – кавалеры! З засланкай ды з нагруднікам. Абодвум.
– Даўжыня: семдзесят два,– сказаў і запісаў хросны.– Подшаг,– шапнуў ён і, адной рукой прыціснуўшы канец «сантыметра» ў Мішкавым куточку, другой рукой павёў «сантыметр» да лапцей.
Сам ён, хросны, маленькі і так, а сагнецца – дык і зусім. А за ім стаіць Андрэй. Разгарнуў тую кнігу на першай старонцы, дзе вожык у портках, і – зараза! – падморгвае. Мішка надзьмуўся як сіла мага і маўчыць. Ды тут падвёў сам хросны. Ён цяжка адагнуўся і з натугі:
– П-пых!
Хлопчыкі пырснулі смехам.
I мама здагадалася нарэшце што тут да чаго. Забрала кнігу, крутанула Андрэя за вуха, а кнігу, нават не стаўшы на зэдлік, палажыла на трам.
Хросны маўчаў, зачырванеўшыся.
Потым елі «пасолю з картопляй». I харошым, разумным хацелася быць, але дзе ж тут набудзеш?.. У хроснага лыжкі драўляныя і круглыя, як жалудовыя місачкі. А на канцах чаранкоў – яшчэ і бульбачкі нейкія. Смешна! Ну, ды гэта яшчэ нішто... Бо вось ён, стары ужо дзядзька Макар, трымае лыжку так, што тая бульбачка тырчыць у яго паміж пальцаў... Аж мама не вытрывала:
– Што ты мне гэтай хвігай тыцкаеш пад нос? Хросны зірнуў на руку, здагадаўся і, чырвоны ад смеху, які спачатку хацеў стрымаць, прашаптаў:
– Сорак другі год так свянчуся... Ніяк не адвыкну... I ад душы зарагатаў.
А з ім разам, вядома, і хлопцы.
Нават і мама, што так даўно не смяялася.
Трэці, найбольшы цуд!
1943
Похожие статьи:
Янка Брыль → Увесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая
Янка Брыль → Янка Брыль - Сірочы хлеб
Янка Брыль → Раман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая