Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Янка Брыль - Поп

Увага!!! Поўны змест
  
   Маладзенькая жонка камандзіра заставы, забітага ў першым баі на граніцы, уцякала на ўсход. Палямі, лесам і далей ад людных дарог, зрэдку заходзячы ў вёску, а то лепш на хутар які. Ішла то з кім-небудзь, то больш сама. Адно дзіця, дзяўчынку, па бацьку светлую беларусачку, несла на руках, другім дзіцем была на пятым месяцы.
   Не дайшоўшы да роднага Мінска сто кіламетраў, прыпынілася ў заходнебеларускай вёсцы. Мноства разоў знясіленая, перапалоханая наскрозь, яна ўжо ведала, што робяць усюды з яе аднапляменнікамі, таму і гаварыла ўсім, і ў дарозе, і тут, што яна – армянка. I далей не пайшла. Засталася ў той людcкай сям'і. Самі прапанавалі пабыць, перачакаць.
   За ўсіх яна старалася, усіх баялася, і так жа нялёгка было прывыкаць да сялянскай суровай працы і беднасці.
   Зімой нарадзіла другую дзяўчынку.
   Пойдзе на рэчку за гумнамі, пялёнкі памыць, стане над той палонкай і гукае ў белы, сцюдзёны свет, у жахлівую невядомасць:
   – Ма-ма-а!..
   Цяпер, амаль праз сорак гадоў, успамінае пра тое і плача, а як жа было тады?..
   Вясковая цемра, хоць і далёка не кожны варожа, пачала цікавіцца, што ж гэта за армянка такая, ці не жыдоўка яна, трохі за іншых хітрэйшая?..
   I тады гаспадар, які, відаць, пра ўсё здагадваўся, параіў ёй пайсці ў райцэнтр, да папа, і ахрысціць дзяцей. Поп іхні, кажуць, добры чалавек.
   Апроч папа, у гарадку былі яшчэ два немцы і некалькі мясцовых паліцаяў, аднак выбару не было. Яна ўзяла малых, адно ка руку, другое за руку, пайшла.
   Ужо вясна была, свяціла сонца і спявалі жаўранкі. Загаласіць хацелася, калі ніхто не ішоў насустрач, а з кожным сустрэчным віталася, нібы і весела:
   – Добры дзянёк!
   А то і пагаворыць, прыпыніўшыся…
   – Дитя мое, ты по вере или безопасности ради?
   Так спытаўся той поп, сам-насам у ягоным доме.
   I яна адказала яму прастадушна:
   – Безопасности… батюшка…
   – Умница, – сказаў ён, пажылы ўжо, трохі пасівелы чалавек, у чорнай расе, з вялікім крыжам на грудзях. Такі далёкі і смешны, нават агідны ў яе… зусім яшчэ недалёкім па часе, а так жа далёкім па горы, па вопыце школьным ды камсамольскім мінулым.
   Ён ахрысціў яе дзяўчатак, і гэта дапамагло ёй адкрыта хавацца далей, пакуль не забралі ў лес партызаны. Той, з акружэнцаў, з кім яна спачатку пазнаёмілася, каму дапамагала як сувязная, а потым паверыла ў шчырасць яго, палюбіла і стала жонкай.
   Гадоў з дванаццаць пасля вайны, калі ўжо дзяўчат і сына пакідалі дома адных, наехала з мужам у той гарадок і ў тую вёску, дзе ратавалася.
   У гарадку якраз быў фэст, прастольнае свята Спас, у царкве званілі, а па вуліцы ішоў і тут ужо нешматлюдны хрэсны ход. Іконы, пратэсы, сякі-такі жаночы спеў. А спераду, ва ўсім бліскучым аблачэнні і з крыжам у руцэ ішоў той самы поп. Ужо зусім пасівеў і ссутуліўся. Асцярожна ступае па выбітым бруку і песню святую нібы вядзе.
   Яна стаяла з мужам на тратуары. Абое ўжо таксама пажылыя і святочныя. Яна глядзела і дзівілася, што гэта ж ён яшчэ – той самы, што «дитя мое»…
   I ён пазнаў яе. Хоць не ў лахмоцці ўжо, не маладзенькая і не ў вялікім страху. Ён, парушаючы важнасць моманту і сану, усміхнуўся ёй, павярнуўшыся ў ледзь прыкметным паклоне, і павітаўся:
   – Здравствуйте!
   – Добры дзянёк! – па-свойму, па-даўнейшаму адказала яна.
   Таксама з усмешкай. Але ж і вымаючы з сумкі хустачку…
  
   1981