Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Янка Брыль - На сцежцы – дзеці

(Скарочана)

   Дваюрадны брацік прыехаў сюды з горада ўчора папоўдні... Сястрычка старэйшая за браціка на цэлы год, ён тут яшчэ ніколі не быў, ён госць, а яна летась была, і цяпер ужо цэлы месяц, і ёй прыемна, ох як прыемна паказваць браціку ўсё, і трохі павучаць яго, як меншага, і, як належыцца жанчыне, паганарыцца гэтым, пакакетнічаць.
   Так і цяпер, прывычна заўважыўшы за сеткай у бур’яне індыка, тут жа пачуўшы яго балбатлівае прывітанне, яна шчасліва засмяялася, сказала браціку:
   – Ой, Максім! Як мне абрыдзеў гэты Бурбалка! Балбоча, дурны, і балбоча! Сто разоў на дзень. І што ён хоча ад мяне?..
   ...На ганак выйшлі дзед з бітончыкам і бабуля. Індык іх не прывітаў. Затое дзед, нібы пры ўнуках памаладзеўшы, прысвіснуў яму, і той адказаў не на жарты барвяным ад справядлівага раздражнення болбатам.
   Бабуля толькі ўсміхнулася паблажліва. Яна, яшчэ з вечара, была ўся ў шчаслівым клопаце пра абаіх, нарэшце, унучкаў...
   – Анечка, ты Максіма за ручку вазьмі!
   А дзед сваё:
   – Ну, жэўжыкі, пайшлі!
   Адразу за брамкай дзеці парушылі бабулін загад, пусцілі рукі, абеглі дзеда з двух бакоў і падалі ў яго вялікія далоні свае ахвочыя на дужую пяшчоту лапкі. Хоць ты бяры бітончык у зубы, ці што. Ды тут Максім здагадаўся ўзяцца за жалезнае перавяселка, і яму, на зайздрасць Анечцы, стала прыемна, – дапамагае дзеду несці.
   Сцежка ад брамкі да дарогі, пад голлем ліпы і вярбы, была ледзь прыкметная ў траве, а пры дарозе ўжо выразна пратаптаная і вузкая. Дзед загадаў малым ісці паперадзе. Так яны і пайшлі, спачатку чарнявая, вёрткая Анечка, старэйшая і гаспадыня гэтых мясцін, потым светленькі маўклівы Максім, а ўжо за імі і над імі дзед...
   Спачатку пры дарозе была груда валуноў. Сястрычка пасядзела на адным з іх, побач з брацікам, расказаўшы яму, як яна і раней тут садзілася, адна, а то і дзед таксама.
   Потым быў вялікі, круглы бэзавы куст, і яна расказала. як яны з дзедам таксама ішлі па малако, і як гэты бэз тады цвіў, і так здалёку пахнуў, што аж... ой! І яна паказала: заплюшчылася і пацягнула носікам.
   Тады была ліпа, вялізная, як і тая, што каля іхняга агарода, але з буслянкай – вунь там, высока-высока! – і быў страшны вецер, што называецца буран, і з гнязда зваліўся буслік... Тут ужо ішла дзедава святая мана, – буслік не забіўся, а яго завезлі ў бальніцу і ён там паправіцца, прыляціць...
   Пра ўсё гэта гаспадынька расказвала госцю ахвотна і па-дзіцячы непаўторна, з пробліскамі невычэрпнай пяшчотнасці.
   – Дзеда, ведаеш што? – кажа Аня.
   – Пакуль што не.
   Так у іх паўтараецца часта.
   – Дзеда, праўда – дзяцей бяруць прайсціся, каб яны пазнавалі свет?
   «Ну вось, – падумаў стары, – паспрабуй паўтары каму-небудзь...»
   – Дзеда, праўда? Бо тут во кветачка, тут матылёк... А яшчэ ж, Максім, бывае чмель. Злосны такі, ой!
   – Мы яго з дзедам учора бачылі, – адказаў спаважна хлопец.
   Стары ўсміхнуўся.
   – ...Дзеда, а ведаеш што? – раптам гаворыць Анечка.
   – Пакуль што не, – адказаў ён прывычна.
   – Дзеда, мы з Максімам пабяжым, а ты ідзі. Ідзі і глядзі. А мы сядзем і адпачнем. А ты нас дагоніш. Добра?
   – Добра.
   Дзеці бягуць па сцежцы ў зялёным, у сонцы, адно за адным – як гэта хораша! Ім трэба бегаць, як птушкам лятаць. Дзяўчынка, быстрая, са страказіна-празрыстым капялюшыкам у правай руцэ, і хлопчык, паслухмяны госць з паласатай шапачкай, якую ён таксама зняў, у левай. Пацешна бягуць, падкідаючы босымі пяткамі. Хораша – ці то зверху спусціцца, ці знізу падняцца сюды, ад найнавейшых праблем, ад найгалоўнейшай небяспекі – сюды, дзе яны, рассмяяныя, быстрыя, цікаўныя ў ясным і цёплым свеце травы, лістоты, ластавак, індыкоў, матылёў, сюды, дзе прырода і дзеці, і цішыня яшчэ, мудрая цішыня...
   Малыя стомлена, весела селі ў зялёным, чакаючы. І ўжо гукаюць, клічуць абое, быстрая і маўклівы. І гэтак добра ісці, набліжацца да іх, толькі для сябе самога, найглыбей у душы схаваўшы сваю трывогу...
   Каля старога штыкетнага плота, у абцягнутым з трох іншых бакоў драцяною сеткай квадраце сонна горбіліся або вяла пакешкваліся, седзячы ў цёплым пяску, нейкія невясёлыя, бы заклапочаныя, куры. А сярод іх – белых, жоўтых, шэра-стракатых – чырванеў, залаціўся, адліваў сінім колерам вялікі певень. Герой столькіх казак!.. Ён нават раптам, нібы знарок для Максіма, задзёр сваю ружовую бараду, разявіўся дзюбай і хрыпла, на ўвесь двор паведаміў: «Ім-пе-ра-тар!»
   – Пецька! – крыкнуў Максім. – Чырвоны Пецька, дзед!
   Ды гэта што! Куды большая, непараўнаная зусім... ну, зусім нечаканая радасць яшчэ раз раптам абрынулася на іх. Невялічкая, чорная, порсткая – яна выкацілася з-пад стала, які стаяў у цяньку пад вішнямі, марсканула на сонечную траўку двара і... залілася радасным цяўканнем.
   – Дзеда! дзед! – у два галасы закрычалі малыя.
   Стары і гаспадар, не надта маладзейшы, сядзелі воддаль на лаўцы, каля плоціка пад яблыняй, гаварылі пра штосьці, аднак пачулі і ўбачылі – і шчанюка, і дзіцячае шчасце.
   – Лайка, – сказаў гаспадар. – Можа, і вырасце што людскае. Са стрэльбай калі схадзіць. Сын надоечы прывёз. Цыганачка.
   Апошняе прагучала не як клічка, а хутчэй як пахвала.
   Бо і было што пахваліць. Цыганачка – вострая пыска, стаячыя вушкі – упынку не мела ад радасці, што жыве, што трава і што дзеці.
   – От, скажыце, прырода, – усміхнуўся гаспадар. – Малыя любяць малых!
   Цыганачка то гойсала кругом па нізка вытаптанай, сонечнай траве, то качалася чэраўцам угару, чаўкала, ловячы зубамі хвост, то казытліва, цёпленька лізала дзецям рукі і насы то, прысеўшы пярэднімі лапкамі ў траву, гарэзліва паблісквала жыўчыкамі вачэй і тоненька, залівіста брахала. Такое зразумелае, такое незвычайнае, да захлёбу вясёлае цяў-цяў, што на яго толькі дзіцячым смехам як след і адкажаш.
   – Яна і лапу ўмее даваць, – сказаў малым гаспадар. – Працягні ёй, хлопец, ручку!
   Першай, аднак, працягнула дзяўчынка, старэйшая. Цыганачка падумала і падала ёй лапку.
   – Дзеда! Дзед, глядзі! – зноў у два галасы.
   Як быццам ён не глядзеў, не ўсміхаўся.
   Тады працягнуў сваю руку Максім.

 

Похожие статьи:

Эдзі АгняцветЭдзі Агняцвет - Беражы зямлю і неба!

Пімен ПанчанкаПімен Панчанка - Дзеці вайны

ПераказыСлухайце адзін аднаго!

Артур ВольскіАртур Вольскі - Дзеці

Максім ТанкТворы Максіма Танка для дзяцей