Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Янка Брыль - Надпіс на зрубе
Апавяданне "Надпіс на зрубе" было напісана Янкам Брылём у 1958 годзе (неўзабаве пасля XX з'езда партыі) у час так званай адлігі. Галоўнае ў гэтым невялікім творы — паэтызацыя простых чалавечых радасцей, жыцця ва ўсіх яго складаных праявах. Герой апавядання —былы рыбак дзед Астап Вячэра, якога называюць "каралём вугроў", бо быў майстрам па лоўлі гэтай рыбы, — чалавек звычайны, і ў той жа час неардынарны, фізічна і духоўна прыгожы волат беларускай зямлі.
"Найпрыгажэйшым бывае чалавек тады, калі ён не ведае пра гэта, калі ён не бачыць самога сябе", — зазначае аўтар, перад тым як апісаць воблік дзеда. "Прыгожая была гэта шэрая, вельмі жыццёвая, натуральная прастата, гэтая яшчэ ўсё не растрачаная сіла, якую і не высушылі, і не прыглушылі дзевяць дзесяткаў больш катаржных, чым радасных, гадоў. Прыгожы быў позірк светла-блакітных вачэй пад густымі, сівымі брывамі, вачэй адкрытых і чыстых, як само бясхмарнае неба, паўторанае ў крынічным люстры бяскрайняга возера. Прыгожы быў, урэшце, увесь гэты звычайны, будзённы малюнак: вялікая чорная лодка на вадзяной пустыні, у лодцы — шэры дзед і светленькая ўнучка, а за кармой, на буксіры, — доўгае сасновае бервяно і яшчэ даўжэйшы трохкутнік растрывожанай вады".
Сасновае бервяно дзед цягне з уласнага двара на будаўніцтва дома свайму ўнуку сіраце Міхаську. Старога абурае і злуе безгаспадарлівае знішчэнне навакольных лясоў, паўсюднае раскраданне прыродных багаццяў. Аднак сам ён не можа пайсці супраць свайго сумлення і ўзяць чужое, нават, калі разумее, што з яго дачкой і ўнукамі паступаюць несправядліва, не даючы ім лесу на будаўніцтва.
Апісваючы адзін будзённы дзень з жыцця дзеда Вячэры, аўтар асобнымі штрыхамі пераказвае гісторыю яго доўгага, цяжкага і прыгожага жыцця. З непрыхаванай сімпатыяй Янка Брыль адлюстроўвае арганічную веліч народнай натуры, яе духоўную моц, якую адчуваюць усе, хто знаходзіцца побач. Нават малыя ўнукі. Не выпадкова Міхаська, які толькі-толькі навучыўся пісаць, выводзіць алоўкам на зрубе самыя важныя для сябе словы: "Мой дзед".
У гэтым творы выдатна перададзена знітаванасць чалавека са светам навакольнай прыроды. Кожная побытавая сцэна, з якіх па сутнасці і складаецца апавяданне, уражвае запамінальным каларытам, псіхалагічнай дакладнасцю і праўдзівасцю дэталяў. Гэта і прыезд рыбакоў з сялявы, і "самы бывалы і найбольш скептычна настроены" кот Цярэшка, і вясёлая шчабятуха Ганначка, якой хочацца выскачыць з лодкі і пабегчы па вадзе далёка-далёка...
Похожие статьи:
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая
Янка Брыль → Раман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча
Янка Брыль → Увесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")
Янка Брыль → Янка Брыль - Сірочы хлеб
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая