Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Янка Брыль - Калыска

Увага! Поўны змест

   Старая маці сказала б: «Няўда якая — унучка ў яго. Няхай здарова гадуецца». Але і рада была б, вядома, хоць у яе гэта ўжо, як і праўнучка, не наўда, а дзесятая, палічыўшы ва ўсім нашым родзе. Была б...
   ...Прадвесне з апошнім, няшчодрым сёлета снегам. Сонца ўзыходзіць. У яркім святле за акном вагона — густая, вечная зеляніна ельніку ахоўнай паласы. А ў зеляніне гэтай — голенькія, стракатыя бярозкі. Нібы ў чарзе па таксама зялёнае, толькі святлейшае.
   А мне чамусьці ўспамінаецца стол на вялікім, ярка квецістым дыване і светленькая, толькі што з цёплай калыскі, у кароткай кашульцы наша наўда. Яна смяецца і крычыць. Так жа нядаўна авалодала першай паўсотняй слоў, а ўжо загадвае:
   — Дзед, па-ба-зя-лі!
   Мы бегаем вакол стала, я не магу яе дагнаць, і гэта вельмі весела.
   А хіба ж ёсць што-небудзь прыгажэйшае, чым галоўка соннага дзіцяці на белай падушцы нармальнага чалавечага маленства?..
   ...З дома, што на гары, з акна чацвёртага паверха відаць чыстае крымскае неба, пад небам — ціхае мора, а яшчэ ніжэй, пад акном, вострыя кіпарысныя верхавіны.
   Выходжу і іду з гары па свежым ранішнім парку.
   Малым уранні спіцца асабліва соладка. Ажно шкада часамі, калі такую ці такога нясуць або вядуць, цягнуць за ручку няшчасна-соннага ў яслі ці ў садок. Але ж і хораша гэта, што вось так рана, а яны ўжо тут, пад кіпарысамі ды кедрамі, каля кветак, на шорсткай і рэдкай паўднёвай траве. Малеча ўжо не сонная, у шчэбеце, што весела пераклікаецца з тым шчабятаннем ды ціньканнем, якога так шмат навокал, у духмянай зеляніне.
   Адна працягнула да мяне маленькую далонь, на якой малюсенькі слімак.
   — Во што знайшла! — паведаміла з радаснага дзіцячага сусвету.
   Другая — яшчэ смялейшая. Распасцерла перада мною ручкі і праспявала са смехам, які пакуль што ў вачах:
   — А не пуш-чу, не пуш-чу!..
   Прыйшлося падняць. Высока, вы-со-ка! I яшчэ раз. Гэта, вядома ж, спадабалася. Іншым — за ёю — таксама. Пасля дзевятай прыйшлося проста ўцякаць.
   I прыгадалася... Ну, тое самае, што і цяпер, у вагоне, гледзячы на стракатыя бярозкі ў першай чарзе па зялёнае.
   ...Чалавеку было тады толькі трынаццаць. У горадзе, прыгнечаным варожай акупацыяй, быў голад, і маці паслала яго ў вёску, да свае сястры. Калі стралялі ўсіх, ён цудам уцалеў пад трупамі, толькі паранены. Потым гітлераўцы паехалі, а ён вылез з-пад забітых у цётчынай хаце і, акрываўлены, пайшоў — адзін на бязлюднай вуліцы.
   ...Чалавеку сёння ўжо сорак чатыры. Сем год таму назад ён сведчыў на судзе супраць тых карнікаў, што не ўсе паўцякалі на Захад, доўга хаваліся на неабсяжных прасторах нашай краіны. Расказ чалавека запісаны ў пратаколе так:
   «...Падлога ў доме была шчыльная, пафарбаваная, і калі я зайшоў у дом, то на падлозе было столькі крыві, што не было куды ступіць нагою. Забілі чалавек пятнаццаць — дваццаць у гэтым доме. У другі дом я не заходзіў, я толькі праз акно туды паглядзеў. Там, над трупамі на падлозе, яшчэ ўсё гайдалася калыска».
   Я да даю:
   Калыска не пустая, хоць маўклівая.
   I калыхалася — як звон без языка.


1975

Похожие статьи:

Янка БрыльЯнка Брыль - Сірочы хлеб

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая

Янка БрыльУвесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая

Янка БрыльРаман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча